Виктор всегда был чуток к просьбам о помощи

img_9521Жыве ў раёне малочнакансервавага камбіната Віктар Барадзёнак. Дом, дзе атрымаў трохпакаёвую кватэру, схаваўся ў дварах, і не так проста знайсці яго, хіба што з навігатарам. Зараз ён узначальвае ветэранскую арганізацыю МКК і, паколькі энергіі хапае, увесь у клопатах пра “сваіх людзей”. Сваімі, між тым, лічыць ледзьве не ўвесь камбінацкі мікрараён. Кажа, што тут вельмі шмат пажылых людзей, і не дапамагчы ім проста будзе не па-боску. Хаця б нават у дробязях. Скляпы, дзе захоўваюць прадукты, размешчаны на водшыбе, далекавата ад жылых дамоў. І многім, асабліва жанчынам, ужо цяжкавата прынесці бульбачку ці слоікі з нарыхтоўкамі. Вось і даводзіцца дапамагаць. Не можа Віктар Васільевіч па-іншаму. Тым болей чалавек ён веруючы, ходзіць у царкву да настаяцеля айца Іаана Вабішчэвіча. Ды і як жа без веры жыць, калі не ў Бога, то хаця б у людзей?
Між іншым, Барадзёнак нетутэйшы. Нарадзіўся ў Куйбышаве. З васямнаццаці гадоў пайшоў працаваць шафёрам у аўтакалону па заканчэнні адпаведных курсаў. Адслужыў амаль тры гады ракетчыкам, вярнуўся дадому. Вось толькі дом яго ўжо быў не там. За час службы бацькі пераехалі ў беларускі горад Лепель, а неўзабаве маці захварэла і паклікала сына на дапамогу. Віктар заўсёды быў чуйны да просьбаў аб дапамозе, і на гэты раз паехаў у Беларусь. І застаўся тут. У ваенкамаце прапанавалі пайсці майстрам у аўтакалону. Вучыў платнікаў прафесіі вадзіцеля. Адзін выпуск зрабіў і сышоў. Два гады папрацаў на аўтабазе на пасажырскіх аўтобусах. Тым часам жаніўся на медсястры Вользе з Валосавічаў. Нарадзіліся двое дзяцей, а дзе жыць? Патрэбна была кватэра, за ёю і падаўся на МКК. Кватэру ў той час там можна было атрымаць без праблем, а пасля нават і палепшыць жыллёвыя ўмовы. Аднапакаёўку атрымаў праз чатыры гады, праз гадоў сем перабраўся ў двухпакаёвую, і нарэшце праз дваццаць пяць дачакаўся сямідзесяці двух квадратаў.
Трыццаць сем гадоў Віктар Барадзёнак за рулём. На камбінаце стаў сваім чалавекам. Вельмі падабаецца яму калёктыў, лёгка знаходзіць паразуменне з кіраўніцтвам. У цеснай звязцы працуюць са старшынёй прафкама прадпрыемства Таццянай Крывель. Каля двухсот пенсіянераў у арганізацыі. З іх клопатамі і праблемамі Віктар Васільевіч смела ідзе ў прафкам: там і выслухаюць, і па магчымасці дапамогуць. Выдзяляюць дапамогу да Дня пажылых людзей, да Дня маці, дапамагаюць інвалідам, часам выпісваюць ветэранам газеты, актыўна ўдзельнічаюць і ў розных спартыўных мерапрыемствах, распаўсюджваюць білеты на канцэрты і г.д. Віктар кажа, што асабліва плённа працуецца яму з сакратаром раённай ветэранскай арганізацыі Валянцінай Носік. Валянціна Мікалаеўна сама працавала на МКК і добра ведае іх праблемы. Добрыя стасункі і з Васілём Майзусам, які ўзначальвае арганізацыю.
Нядаўна Віктар атрымаў Ганаровую грамату раённага савета ветэранаў, які такім чынам адзначыў яго плённую працу.
Жыць для людзей, рабіць дабро — справа ўдзячная і Богу заўгодная.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.