Віртуальны падлетак з Добруша матэрыялізаваўся на Лепельшчыне

18 студзеня 017 Зусім як у тым кіно… Месца сустрэчы змяніць было нельга. І мы ўвогуле, мабыць, ніколі б не сустрэліся з маім віртуальным сябрам «УКантакце» Мікітам Клімковым, калі б не існавала… «Жамчужыны». Эх! Колькі ж іх зараз – тых віртуальных знаёмых, якія паявіліся ў нашым жыцці, дзякуючы стагоддзю электронікі і кібернэтыкі! Быццам і сябры яны, быццам і не. Людзі пачалі, хто падумаў бы, ведацца на адлегласці. Мільгаюць у сацыяльных сетках імёны, прозвішчы, толькі паспявай запамінаць. Іншыя так і прамільгнуць, як знічкі ў небе, ды растануць, растварацца ў памяці і прасторы. Іншыя знаёмыя затрымліваюцца на нейкі час, каб усё ж затым знікнуць. А некаторыя – застаюцца. Каб віртуальнае знаёмства стала рэальным, патрэбна жаданне і ініцыятыва.

Нечакана пажадаў сустрэчы Мікіта. Справа ў тым, што жыве ён у Добрушы, на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі і, як усе «чарнобыльскія дзеці», мае права на аздараўленне і рэабілітацыю. Ён часта ездіць па рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах. Даведаўшыся, што на Лепельшчыне ёсць «Жамчужына», узрадавана напісаў мне «УКантакце»: «Дык жа можна пабачыцца! Я абавязкова папрашуся туды наступным разам». І слова стрымаў. Тыдні са два таму атрымліваю ад яго новае паведамленне: «Я ў «Жамчужыне». Тут сябар пазваніў, што едзе. Ну мы і ўзялі пуцёўкі. Дык прыедзеце?»

Ну як тут не прыехаць, калі мы ўжо з год сябруем па-электроннаму, і зараз сам лёс наканаваў нам сустрэчу…

Я ў «Жамчужыне». Тут у прасторнай спартыўнай зале Добруш сустрэўся з Лельчыцамі. Сустрэўся ў азартнай спартландыі – аж зала гудзе! Выстраіліся дзвюма камандамі – добрушская СОШ №5 супраць лельчыцкай гімназіі. Хвалююся, ці пазнаю Мікіту, бо адна справа – фоткі «УКантакце», можа, яшчэ пазалеташнія, і зусім іншае – рэальнасць. А ён – у капітанах, першы ў шарэнзе, высокі, плячысты, спартыўны.

Спаборніцтва, скажу вам, не з лёгкіх. Спартыўны арганізатар падабраў зусім не просценькія эстафеты: і праз кольцы трэба пралазіць,  і мяч на «маячку» фіксаваць, і скакаць праз скакалку, а бегаць, а куляцца праз галаву! Па-добраму зайздрошчу малым, якія мільгацяць-снуюць, бы вавёркі, адстойваючы гонар каманды, школы, горада… Сам бы, напэўна, у дзяцінстве такога выпрабавання не вытрымаў, спорт быў крыху не па маім профілі. Па-добраму зайздрошчу і Мікіце. Ды ён, аказваецца, у камандзе і самы спрытны, і самы хуткі. Напэўна ж, і перада мной стараецца не здрэйфіць.

Яго настаўнік фізкультуры Уладзіслаў Ліхота толькі пасміхнецца, выслухаўшы пасля спартландыі мае ўражанні:

— Ды што вы, тут Мікіце проста разгону не было – залы было мала. Ён за школу на раённых спаборніцтвах лепей за ўсіх бегае.

Добруш перамог – абставілі Лельчыцы! Перамагла, вядома ж, дружба. А ўсё роўна і мне прыемна – у Мікіты добры настрой. Пакуль хлопец пабег у сталовую абедаць, Уладзіслаў Валер’евіч распавядае мне пра Добруш. Невялікі прыгожы гарадок на сумежжы трох былых рэспублік СССР, а зараз – краін. Раён суседнічае з Навазыбкаўскім (Расія) і Гаразянскім (Украіна). Хоць да Чарнобыля, здавалася б, не так і мала, аднак хапіла ўсім. Васямнаццаць вёсак адсялілі… А прыгожы Добруш маляўнічай ракой Іпуццю, на якой стаіць.

— Раскажыце пра Мікітаву сям’ю.

— Сям’я добрая, маці псіхолагам працуе. У хлопца два браты, старэйшы ўжо ў Мінску вучыцца, а малодшага, якому гады чатыры, Мікіта сам у садок часта водзіць. Хлопец неканфліктны, добрага характару, спартыўны – валейбаліст, баскетбаліст. Я ж кажу, другое месца на кросе ў раёне.

А вось і наш бягун. Дзіва што! Хвілін за пяць, мабыць, паспеў паабедаць.

— Ці цябе не кармілі? – пажартаваў я.

— Што вы! Кормяць тут добра! – усміхаецца.

— Падабаецца ў «Жамчужыне»?

— Ну так! І абеды смачныя, і персанал ветлівы, выкладчыкі, выхавальнікі добрыя, шмат розных мерапрыемстваў – не пасядзіш ні хвілінкі.

— Ты шмат дзе быў, табе ёсць з чым параўнаць…

— У санаторыі «Сонейка» быў, у «Срэбных крыніцах», у Туапсе ездзіў. Тут ніколькі не горш.

— Ну, і якім было першае знаёмства з «Жамчужынай», расказвай? Напэўна, не спалі? Напэўна, без «памазання» зубною пастаю не абышлося?

— Эх! — махае рукою,— паста гэта мінулае стагоддзе. Зараз у модзе… лак для пазногцяў.

— Ну-у! Гэта ўжо «жэсць». А як было на афіцыйным узроўні?

— Было шмат цікавых вечароў. Учора – «Ану, дзяўчаты», сёння вось будзе «Дакладна так».

— А я думаў, на планшэтах сваіх спіце і тут ды «УКантакце» «сябруеце» вечарамі.

— Не, у мяне нават на мабіле інтэрнэту няма. Калі трэба – у сяброў папрашу. А лепей – адпачыць, па вуліцы пабегаць. Здароўе – важней. Учора на катку каталіся. З маскоўскімі равеснікамі тут пазнаёміліся, хлопец і дзяўчына на гітарах ігралі. Праўда, яны ўжо з’ехалі. З Веткаўскімі, з Кармянскімі пасябравалі.

— Сам на гітары іграеш?

— Не, пакуль толькі вучуся, але люблю слухаць, як іграюць іншыя. А сам раней на дрэваапрацоўку хадзіў, выпальвалі там рознае. Ну і спорт само сабою.

— Кіно любіш?

— Паказвалі тут дыяфільмы, «Гладыятара» глядзелі. Крута!

— Якія праходзіш працэдуры?

— Ванны розныя прымаю, ароматэрапію, у фітабары быў.

— Экскурсіі прапаноўвалі?

— Так, але я ўжо ў гэтых экскурсіях быў, ад школы ездзілі, толькі там яны каштавалі даражэй. А ведаеце, я і ў «Жамчужыне» ўжо не ўпершыню, быў, калі вучыўся мо ў класе чацвёртым. Мы з сябрам былі, а цяпер нічога не пазнаём тут, ці то мы забыліся, ці то змянілася ўсё?

— Бачыш, як разраслася «Жамчужына». Жыццё ж не стаіць на месцы.

Жыццё на месцы не стаіць. І так хутка ляцяць хвіліны нашай кароткай сустрэчы з віртуальным знаёмым. Праляцелі ўжо. І ці калі сустрэнемся болей? Ён вунь у восьмым ужо, кажа, што пасля дзявятага збіраецца паступаць у Мінск на энергетыка. Дзяцінства, а разам з ім і «жамчужны перыяд» рэабілітацыі ў санаторыях неўзабаве закончыцца. А Добруш няблізка – ці сустрэнемся. Ды хто ведае, Зямля круглая, а жыццё поўнае нечаканасцяў. На развітанне падпісваю Мікіту кніжку і моцна паціскаю руку…

А ўжо ўвечары мы зноў «УКантакце» ажыўлена абмяркоўваем штосьці новае, надзённае, актуальнае – як быццам бы і не расставаліся. А вы кажаце, камп’ютар – монстр. Эўрыка!..

Уладзімір МІХНО.

На здымку: спартландыя ў «Жамчужыне»: Добруш супраць Лельчыцаў. Мікіта Клімкоў (першы справа) — капітан каманды.

 Фота аўтара.

18 студзеня 018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.