Візітныя карткі аграгарадкоў

img_7854Што патрэбна для таго, каб мерапрыемства стала яркім, цікавым і надоўга запомнілася гледачам? Арыгінальны сцэнарый, выдатная музыка і, вядома ж, абаяльнасць артыстаў. Разам з вядучымі гледачы апынуліся ў віры святочнай дзеі, якая ўражвае і ўзнімае настрой. Не выключэннем стаў і конкурс, які сёлета праводзіўся работнікамі Лепельскага раённага Дома культуры ў Слабадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Аднак гэта было не зусім звычайнае мерапрыемства. Кожны з гледачоў адчуў сябе госцем тэлеканала “Агра-ТV”. Вядучыя Вольга Якубовіч і Дзмітрый Міхно прапанавалі прысутным паўдзельнічаць у здымках папулярнага тэлесерыяла пад назвай “Бітва аграгарадкоў”. Акрамя артыстаў са Слабады ў творчы паядынак уступілі каманды Горскага сельскага клуба, а таксама Стайскага і Поўсвіжскага сельскіх Дамоў культуры.
Перад пачаткам конкурсу ўвазе гледачоў была прапанавана цудоўная выстава “Скарбніца талентаў”, на якой можна было пабачыць непаўторныя творы, выкананыя ўмелымі рукамі майстроў. Уразілі сваім хараством карціны на шкле, вышытыя крыжыкам, кампазіцыі з бісеру, сувеніры з тканіны і іншыя творы. Знаёмства з камандамі адбылося ў час першага этапу конкурсу “Візітная картка аграгарадка”. Першай выступіла каманда з Горак. Сельскія артысткі расказалі аб сваім творчым жыцці пад музыку папулярнай песні “Сегодня праздник у девчат…” Зала напоўнілася смехам, калі ўдзельніцы каманды прадставілі сваё закуліснае жыццё, як ідзе падрыхтоўка да выступлення, калі “ўсё павінна прайсці, як па сале”.
Цёплымі апладысментамі гледачы сустрэлі і каманду аграгарадка Стаі. Аб сваіх буднях артысты распавялі ў жартоўнай песні. Уразілі арыгінальнасцю артысты Поўсвіжскага СДК. Сельскія вакалісты сустрэлі гледачоў беларускай народнай песняй пад акампанемент баяніста Аляксандра Міхно, якую выразна дапоўніў эстрадны танец Лідзіі Ганчар. Народнымі спевамі, яркай харэаграфічнай кампазіцыяй уразілі гледачоў артысты Слабады.
img_7818Зала напоўнілася радаснымі воклічамі ў час конкурсу частушак “Сценка на сценку”. Са сцэны ліліся народныя прыпеўкі, а гледачы не маглі стрымаць шчыры смех. Пасля першага этапу з чатырох каманд выбралі тры мацнейшыя — Стай, Поўсвіжа і Слабады. Пасля ж другога этапу ў паядынак уступілі частушачнікі стайскія і слабадскія. Перамогу павінна была атрымаць тая з каманд, якая ведае больш прыпевак. Дзве каманды атрымалі аднолькавую колькасць балаў.
Аднак госці з аграгарадкоў — не толькі цудоўныя артысты, а і выдатныя кулінары. У гэтым журы пераканалася ў час конкурсу кулінарнага майстэрства “Восеньская фантазія”. Вельмі прыгожа і апетытна выглядалі бутэрброды, прыгатаваныя камандай з Горак. З сырам, аліўкамі, маслінамі, агурком, каўбасой, памідорам, упрыгожаныя зелянінай, яны выглядалі не толькі апетытна, а і набылі цікавую форму. Былі тут і божая кароўка, і паруснік. Арыгінальна выглядалі таксама бутэрброды, прыгатаваныя камандай аграгарадка Стаі з крэкераў, сухой каўбасы, памідораў, маслін і зеляніны. Апетытнымі былі і стравы ад поўсвіжскіх артыстаў: смажаны хлеб з агурком, шпротамі і сырам. Старанна падрыхтаваліся да конкурсу і слабадскія кулінары. На зялёнай палянцы з салаты і агурка размясціліся ружовыя кветкі — так былі аформлены бутэрброды з батона, алівак, чорнай ікры, селядцу, упрыгожаныя журавінамі.
Феерверк песень, танцаў і жартоўных мініяцюр атрымаўся на завяршальным этапе “Хатняе заданне”. Работнікі Горскага сельскага клуба падрыхтавалі цудоўны канцэрт. Сваімі спевамі ўсіх захапілі Аляксандра Бойка, Наталля Багдановіч, удзельнікі вакальнай групы і іншыя артысты. Узнялі настрой гледачам вясёлыя гульні.
Цудоўнымі спевамі парадавалі вясёлыя бабулі з аграгарадка Стаі, ролі якіх выканалі двое хлопцаў, а таксама Анастасія Стродава, Аляксандр Міхно і ўдзельнікі вакальнай групы. Прадстаўнікі поўсвіжскай каманды запрасілі гледачоў у кафэ. Ролю гаспадыні кафэ выдатна сыграла Таццяна Міхно, а ролю знаходлівага афіцыянта — Леанід Забабура. Міхаіл Шаура выканаў музычны твор на кларнэце. Уразілі ўсіх сваімі спевамі Віталія Кавальчук, удзельнікі вакальнай групы “Вяселіца”.
Яркім акордам конкурсу стала выступленне каманды Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу. Гучнымі апладысментамі суправаджаліся спевы вакальнай групы “Бліскавіца”, вакалістаў Святланы Прыдатка і Веранікі Маляўка. Дапоўніла спевы з запалам выступленне юных удзельніц харэаграфічнага ансамбля пад кіраўніцтвам Наталлі Цыгановай.
img_7804Шмат прыемных уражанняў падарылі гасцям і спевы вядомых у раёне выканаўцаў Ірыны Бусавай, Ігара Вішнеўскага, Дзмітрыя Міхно і іншых артыстаў.
Дыпломам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за актыўны ўдзел у конкурсе ўзнагароджаны каманды Горскага сельскага клуба і Поўсвіжскага СДК. Другое месца ў конкурсе “Бітва аграгарадкоў” прысуджана камандзе аграгарадка Стаі, а пераможцамі гульні сталі артысты Слабады. Узнагародай для кожнай з каманд сталі Дыпломы. Каманда-пераможца ж, акрамя Дыплома, узнагароджана грашовай прэміяй.
Прыемны сюрпрыз быў падрыхтаваны таксама для дырэктара Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу Інэсы Лябік, якая ў дзень правядзення конкурсу адзначыла свой дзень нараджэння. Пад апладысменты гледачоў Інэсе Іванаўне работнікі культуры падарылі святочны торт і прыгожы букет кветак. Шчырыя віншаванні ад імя работнікаў Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу выказала імянінніцы і калега Святлана Прыдатка.
Для артыстаў і гледачоў стаў узнагародай зарад выдатнага настрою і шчырай весялосці, атрыманыя ад сустрэчы з творчасцю.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: яркія моманты конкурсу.
Фота аўтара.

img_7783 img_7891 img_7927

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.