Вместе за безопасность

img_2422У рамках рэспубліканскай акцыі “Разам за бяспеку” па вёсках Горскага сельсавета выехала рэйдавая брыгада ў складзе кіраўніка справамі Горскага сельвыканкама Ларысы Віткоўскай, участковага інспектара лейтэнанта міліцыі Дзмітрыя Быкава, інспектара РАНС старшага лейтэнанта ўнутранай службы Ігара Грыгарэнкі, спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТСЦАН Анастасіі Крукавай, інспектара дзяржэнерганагляду Мікалая Гардзіёнка і аўтара гэтых радкоў. Першым пунктам стала кватэра Тамары Васілеўскай. Жанчына ў ёй прапісана адна, паводле інфармацыі, выпівае. На момант прыходу рэйдавай брыгады знаходзілася дома, спала. Інспектар РАНС коратка напомніў ёй аб правілах бяспекі пры абыходжанні з печамі, газавай плітой, іншымі награвальнымі прыборамі, выдаў памятку. Мікалай Гардзіёнак тым часам праверыў паказанні электралічыльніка. Жанчына запэўнівала, што “літаральна напярэдадні хадзіла на пошту і аплачвала за электраэнергію”.
Наступны дом і яго жыхарка сталі поўнай процілегласцю першаму. Акуратная агароджа, чысты двор, зграбныя гаспадарчыя пабудовы, дагледжаны агарод — усё паказвала, што тут жыве руплівая гаспадыня. Марыя Чалая нарадзілася ў 1947 годзе, але на выгляд значна маладзей. Ды і характар не старэнькай бабулі. На месцы не сядзіць, заўсёды знаходзіць занятак сваім працавітым рукам. Вось і цяпер сустрэла гасцей не ў хаце, а выйшла з саду, дзе збіралася бяліць дрэвы.
На пытанні, ці патрэбна якая дапамога, прыход сацыяльнага работніка, бадзёра адказала:
— Дзякую, свае сілы ёсць, усё сама паспяваю. Добра жыву, пенсію атрымліваю, займаюся зараз сваёй невялікай гаспадаркай — што яшчэ трэба…
Ігар Грыгарэнка праверыў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Апарат даў тэставы сігнал, што азначае поўную спраўнасць. Развітаўшыся з Марыяй Іванаўнай, рушылі далей.
Амаль у канцы вуліцы ў двухкватэрным доме пражываюць маці Людміла Кулікова з сынам Сяргеем. На момант прыходу рэйдавай брыгады Людміла з сястрой Раісай сядзелі ў пакоі, адпачывалі. Казала:
— Мы толькі што вярнуліся з могілак, наводзілі парадак, бо неўзабаве святы, трэба, каб і там было прыбрана.
Сын між тым спраўляўся па гаспадарцы, гатаваў ежу жывёле. У хаце было пратоплена, ад печы ішло цяпло. Мікалай Гардзіёнак праверыў лічыльнік і звярнуў увагу на электраправодку ў адным з пакояў, настойліва рэкамендаваў замяніць некалькі метраў дроту. Аргументаваў:
— Вось тут у вас скрутка, заматаная ізаляцыйнай стужкай. У выпадку акіслення, а гэта ў нашых умовах даволі часта адбываецца, парушаецца кантакт, праскоквае іскра. У выніку — пажар. Некалькі метраў дроту шмат не каштуюць, але даюць надзейную гарантыю бяспекі.
Участковы інспектар міліцыі пацікавіўся агульнай абстаноўкай, ці не заўважалі падазроных асоб.
* * *
У вёсцы Міхалова першы дом злева пусты, у другім жыве Леанід Яршоў. Расказвае Ларыса Віткоўская:
— Леаніда Пятровіча ведаю некалькі дзясяткаў гадоў, калі яшчэ быў маладым мужчынам. Ён увесь час працаваў на ферме пастухом, даглядчыкам жывёлы, меў каня. А конь у савецкія часы, калі памятаеце, — жывёла пастаянна патрэбная ў вёсцы для апрацоўкі агародаў, прывозу дроў і іншага. Патрэбен конь — нясі бутэльку. Так і распіўся. Колькі памятаю, Пятровіч быў заўсёды або нападпітку, або п’яны. І характар меў непаседлівы, няўрымслівы, даставалася ад яго ўсім: і сваякам, і суседзям…
Зараз жа перад намі стаяў старэнькі 70-гадовы дзядуля. З гаспадаркі ў яго толькі некалькі курыц ды маленькі сабачка. Аднак на прапанову дапамогі сацыяльнага работніка адказаў адмоваю.
У наступным доме пражываюць Сцяпан і Валянціна Язупавы, людзі перадпенсійнага ўзросту. Выказваліся, што працуюць у сельгаспрадпрыемстве “Лепяльчанка”, аднак заробкі малыя, ды і тыя выплачваюцца з затрымкай. Дом іх стары, даўно патрабуе сур’ёзнага рамонту.
На другім баку вуліцы — сядзіба Сямёна і Людмілы Яршовых. Яны, хоць і пенсіянеры, трымаюць гаспадарку. Такія людзі ніколі не прападуць, бо прывыклі разлічваць толькі на сябе, на свае сілы і ўменні.
Пад час прыходу рэйдавай брыгады Людміла Аляксандраўна з рыдлёўкай працавала ў агародзе, рыхтавала зямлю пад наступную гранку, тлумачыла:
— Буду сеяць насенне капусты на расаду.
— А не занадта нізкі ў вас агарод, не замокне?
— Не, гэта толькі здаецца. Як толькі мы сюды засяліліся, участак быў нізкі, пераўвільготнены. Дык мы сюды прывозілі пяску і торфу, падымалі глебу. А зараз, наадварот, высыхае хутка, трэба спяшацца, каб зямля не перасохла.
Самая галоўная іх патрэба і чаканне — водаправод. Расказвае Сямён Пятровіч:
— Вось каб водаправод быў, калонку паставілі — зусім выдатнае жыццё было б! Аднак цяпер ужо і не зробіць ніхто. А ў нашых студнях адна бяда — верхаводка. З-за гэтага вада няякасная, хіба толькі скаціну паіць…
* * *
У вёсцы Зорніца пад’ехалі да першага дома на ўскрайку вёскі. Успомніў, што некалькі гадоў таму пісаў пра дом і яго жыхароў. Пасля, працуючы над матэрыялам, перагледзеў рэдакцыйныя падшыўкі і ў №42 за 23 мая 2008 года сапраўды знайшоў нататку “Шайтары з Зорніцы”. Распавядалася пра Таісію Якаўлеўну і Канстанціна Сцяпанавіча. Абодва прайшлі доўгі і годны працоўны шлях, і на заслужаным адпачынку карысталіся павагай і аўтарытэтам як у аднавяскоўцаў, так і ў прадстаўнікоў улады. Нездарма ж іх тады вылучалі на раённы конкурс “Лепшае ветэранскае падвор’е”.
Зараз Канстанціна Сямёнавіча ўжо няма, у доме жывуць Таццяна Якаўлеўна і дочка Вольга, гасцявала і яшчэ адна дачка са сваімі дзецьмі. Ігар Грыгарэнка праверыў аўтаномны пажарны апавяшчальнік — аказалася, што батарэйка ў ім села, парэкамендавалі набыць новую. Пад час інструктажу напомніў аб небяспецы выпальвання сухой травы. Увесну гэта нясе асаблівую небяспеку, бо разам з сухой травой могуць згарэць і гаспадарчыя пабудовы, і жылыя дамы.
У вёсцы Бораўна наведалі спачатку падворак Алены Міхайлаўны Гаўрыльчык. На вуліцы і ў хаце парадак, печка была напаленая. У адным месцы печка, праўда, патрэскалася. Гаспадыня патлумачыла, што гэтая расколінка ўтварылася нядаўна. У бліжэйшы час, як скончыцца ацяпляльны сезон і печку не трэба будзе паліць, яна абавязкова правядзе агляд і рамонт, дзе трэба, падмажа глінай, пабеліць.
Апошняй стала хата Мікалая Асташова. Дакладней, гэта быў дом яго маці, якая памерла не так даўно. Мужчына ж, акрамя пасведчання аб смерці, ніякія дакументы больш не афармляў. На момант прыходу рэйдавай брыгады ў доме быў яшчэ адзін мужчына, яны выпівалі.
Што гаспадар злоўжывае спіртным, было бачна адразу. Са здзіўленнем даведаўся, што яму няма і 40 гадоў, на выгляд — пад 50! У хаце — поўны беспарадак, смецце навалена грудамі. На рэпліку пра бяспеку пры паленні печы адказаў:
— Я яе ўвогуле не палю.
Паўсюль недакуркі. Відаць, што пра правілы бяспекі пры абыходжанні з агнём Мікалай Асташоў нават не чуў. А калі і чуў, то ігнаруе іх пастаянна. Так і да пажару недалёка. Пасля некалькіх хвілін знаходжання ў хаце, як выйшаў на вуліцу, адразу ўздыхнуў з палёгкай, адчуў зноў свежы водар паветра — нягледзячы на тое, што насоўвалася непагадзь і пачынаў імжыць дожджык.
Акцыя будзе працягвацца да канца красавіка. За гэты час плануецца агледзець усе дамы і кватэры, дзе пражываюць адзінокія, састарэлыя, інваліды.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: удзельнікі рэйдавай брыгады гутараць з Леанідам Яршовым; беспарадак у хаце Мікалая Асташова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.