Александр Мисник трудится в сельском хозяйстве более 30 лет

img_9275«Все профессии нужны, все профессии важны», – з гэтымі вершаванымі радкамі пагаджаюся кожны раз, наведваючы сельгасарганізацыі. Цяжка ў гэтай галіне выдзе­ліць важнейшага, ключавога працаўніка. Пазнаёмімся з арганізацыяй работы дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя». Там працуюць механізатары, слесары, паляводы, даглядчыкі жывёлы… Кожны работнік знаходзіцца на сваім месцы, адказвае за пэўны ўчастак працы, і ні адзін іншы механізатар, нават яго калега па працы, не змогуць выканаць заданне на такім жа ўзроўні. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гасадаркі і перапрацоўчай прамысловасці вельмі цікава было пазнаёміцца з Аляксандрам Міснікам, кіроўцам пагрузчыка.
Пачынаючы працу над гэтым матэрыялам, на пэўны час узгадаў эпізод са справаздачы старшыні калгаса «Перамога» Раісы Грамыкі за 1981 год. Там указвалася, што гаспадарка на той час не мела свайго пагрузчыка, і ўсе пагрузачна-разгрузачныя работы праводзіліся ўручную.
У цяперашні час немагчыма ўявіць дзейнасць сельгаспрадпрыемства без пагрузчыка. Засыпаць насенне, загрузіць у кормараздатчык сянаж, сілас ці іншы корм, потым ссунуць арганіку – усе гэтыя віды работ вядзе пагрузчык.
– Аляксандр Васільевіч, а які перыяд у гадавым цыкле сельгасработ для вас самы напружаны?
– Безумоўна, правядзенне ўборачных работ. У ліпені-жніўні, акрамя звычайнай штодзённай працы па загрузцы кармоў, дастаўцы іншых грузаў, дадаецца праца па перамяшчэнні намалоту збожжа. Прыехаў з поля аўтамабіль – трэба зерне падаць на сушылку. Высахла чарговая партыя – яе адразу ж трэба транспартаваць на склад, а сушылку загрузіць зноў. Прыехала машына за збожжам – яе загружаю збажыной са склада. Дапамагаю таксама загру­жаць мяхі з бульбай. У выніку ў гэты перыяд для адпачынку за суткі ў мяне застаецца хіба 3-4 гадзіны, і тыя не цэлыя. Таму выбрацца дахаты, каб паспаць некалькі гадзін – вялікая радасць.
– Як доўга вы працуеце на пагрузчыку і якая самая значная паломка ўзнікала за гэты час?
– На гэтым пагрузчыку працую ўжо 12 гадоў. Атрымаў яго новым – ранейшы дырэктар загадаў, каб я асабіста прыгнаў яго з Верхнядзвінска, акуратна праводзіў яго абкатку. Сам яго даглядаю, пры тэхабслугоўванні заліваю толькі належнае па тэхрэгламенце масла і іншыя змазачныя матэрыялы, і ў выніку тэхніка працуе надзейна. Аднойчы ўсё ж такі даводзілася мяняць каробку пераключэння перадач. У час трамбавання сенажу і сіласу езджу па здробненай зялёнай масе, а гэта вельмі дрэнна ўплывае на агрэгат, змазачнае масла ў ім ажно ўскіпае – вось і выйшла са строю каробка.
Аляксандр Міснік пачаў шчыраваць у сельскай гаспадарцы яшчэ ў далёкім 1974 годзе, калі ўладкаваўся на працу ў калгас «Новы шлях». Затым землі і сельгаспабудовы былі перададзены саўгасу «Лепельскі», а ў 1990-х гадах з іх была выдзелена сортавыпрабавальная станцыя. Аляксандр толькі прайшоў службу ў арміі.
За час работы механізатарам Аляксандр Васільевіч асвоіў амаль усю трактарную тэхніку, якая выкарыстоўвалася на працягу 4 дзесяцігоддзяў: Т-16, Т-25, ДТ-54, Т-74, ДТ-75, ЮМЗ-6, МТЗ-82…
– Параўнайце тэхніку 1970-х гадоў і сучасную, – звяртаюся да ветэрана.
– Вядома, параўнаць іх цяжка. Памятаю, гусенічныя трактары кожны дзень перад пачаткам працы абавязкова трэба было змазваць. Звычайна браў салідольны шпрыц – і прапампоўваў больш за 20 кропак змазкі: задняя навеска, балансірныя цялежкі, лянівец і шмат іншага – больш як паўгадзіны трэба было аддаць толькі на змазку. Таму працаваць на колавым МТЗ пасля гэтага было вельмі зручна. Цяпер жа тэхніка распрацавана з улікам усіх неабходных патрабаванняў. Маім цяперашнім пагрузчыкам кіраваць нашмат прасцей, чым іншымі трактарамі.
З сумам стары механізатар адзначае, што мо­ладзь нячаста аддае перавагу рабочым прафесіям, тым больш працы ў сельскай гаспадарцы. І хоць Аляксандра Васільевіч 7 год з’яўляецца пенсіянерам, не развітваецца з любімай працай, не пакідае сваю тэхніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.