Водителя и пассажиров освобождали из салона с помощью специнструмента

img_2982У кожнага — свая запаветная мара. Вадзім Пачкоўскі з дзяцінства марыў стаць пажарным.
— У цябе сапраўды была такая мара? Чаму пытаюся, проста на пажарнага, асабліва тых, хто ў войску адслужыў, бяруць ахвотна.
— Я ў войску не служыў, бо вучыўся ў вышэйшай навучальнай установе, а служым мы зараз. Была, была такая мара, — хлопец летуценна задумаўся.
— І з чым яна звязана? З родных хто ў пажарных, альбо проста дзіця прыгожую машыну ўбачыла?
— Хутчэй другі варыянт. Бацька ж у міліцыі працаваў.
Па заканчэнні СШ №1 Вадзім паступае ў Мінскі камандна-інжынерны інстытут МНС.
— Цяжка было паступіць?
— А вы ведаеце, нялёгка.
— Мабыць, у школе ў выдатніках хадзіў?
— Не сказаў бы. Аднак вучыцца было цікава — пяць гадоў праляцелі, як адзін дзень.
У інстытуце хлопец набыў спецыяльнасць інжынера па папярэджанні надзвычайных сітуацый і лейтэнанцкія пагоны. Працаваць прыехаў на радзіму. Ажаніўся. І вось ужо сыну Ягорку пайшоў чацвёрты.
— Сын таксама пажарным будзе?
— Не ведаю, не пытаўся. Мабыць, пакуль яшчэ не вызначыўся, — усміхаецца Вадзім.
Хто ведае, кім стане Ягорка. Можа, яму болей спадабаюцца прафесіі маці ці бабулі, якія працуюць у сістэме газазабеспячэння. Вадзім жа на пачатку быў простым пажарным, потым — старшым, затым — начальнікам трынаццатай, дванаццатай аварыйна-выратавальных часцей. Амаль год, як узначаліў варту на ПАВЧ №1.
— Што ўваходзіць у твае абавязкі?
— Адказваю за пажарна-тэхнічнае ўзбраенне — пераходнікі, разгалінаванні, ствалы. Раз у год падаём ціск і выпрабоўваем. Арганізую працу асабовага складу варты.
— А на пажарах бываеш?
— Вядома.
— Памятаеш сваю першую барацьбу з агнём?
— Памятаю. Гэта было ў Забароўі. Прыбылі своечасова і не далі агню разгарэцца. Аднак усё роўна пажар запомніўся, бо першы ж.
— Страшна заходзіць у агонь?
— Страху няма, ёсць толькі адрэналін. Прывыкнуць трэба. Да ўсяго прывыкаеш. І псіхалагічная ўстойлівасць, вядома, патрэбная. Ідзем звёнамі, у адной звязцы — не меней як тры чалавекі, з сабою — рацыя, ліхтарык.
— Дыхаецца лёгка?
— Нармальна. Новыя апараты фірмы “Драгер” закупілі каля трох гадоў таму. Паветра запампоўвае спецыяльны кампрэсар пад вялікім ціскам.
— А ці добрая бачнасць?
— Мы ў масках. У агні — так, а ў дыме — што ж там убачыш! Ідзём навобмацак — па рукаве, пярэдні вядзе астатніх.
— Бывалі ахвяры?
— А як жа. У Велеўшчыне на пажары гаспадар загінуў, хаця будынак не так ужо і значна пацярпеў.
— Даводзіцца і на дарожна-транспартныя здарэнні выязджаць?
— На пачатку года працавалі на дарозе ў Старым Лепелі, жудаснае ДТЗ. Вадзіцеля і пасажыраў вызвалялі з салона з дапамогай спецінструментаў.
— Рэжаце “балгаркай”?
— Не, ўсё, што іскрыць, забаронена, ёсць спецыяльныя нажніцы, кусачкі.
— Чым займаешся ў вольны час?
— Дом будуем на дачы ў Чарэйшчыне, дакладней, перасыпаем стары. Выхадныя ўсе там. А яшчэ з сынам гуляем, на рыбалку не супраць схадзіць. Возера побач з вёскай. Лаўлю на вудачку, на спінінг.
Тыя, хто нас ратуе ў сітуацыях экстрэмальных, звычайныя людзі, калі не гарыць. Чаму б і рыбкі не палавіць? Вадзіму ж яшчэ толькі дваццаць шэсць — той узрост, калі ўсё надзвычай цікава.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: начальнік варты пажарнай службы Вадзім Пачкоўскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.