Водныя пералівы фарбаў

На паўночна-заходняй ускраіне буйнейшага ў Бярэзінскім біясферным запаведніку Домжарыцкага балотнага масіву, плошча якога складае больш за 11 тыс. гектараў, размешчана возера Домжарыцкае (191 гектар). Вадаём сцёкавы, у заходняй частцы вузкай (пяць-сем метраў) і кароткай (300 метраў) пратокай злучаны з ракой Бузянкай. Форма катлавіны круглявая, крыху выцягнутая з поўначы на поўдзень, ва ўсходняй частцы маецца дробнаводны заліў “Святая Лука”, які утварыўся, мабыць, у выніку пад’ёма ўзроўню вады пасля пабудовы ў 1797 — 1805 гадах Бярэзінскай воднай сістэмы, паколькі дно заліва і прыбярэжная літараль практычна па ўсёй перыферыі возера складзены тарфамі. Пясчаная заіленая літараль сустракаецца толькі ля прыбярэжных мінеральных астравоў — урочышча “Жылая Быкаўка” і “Глухая Быкаўка”. Берагавая зона першага добраўпарадкавана і выкарыстоўваецца ў рэкрэацыі.
Домжарыцкае возера за мінулыя тысячагоддзі захавала берагавыя рысы, блізкія да сучасных, — таўшчыня сапрапеляў канцэнтрычна ўзрастае ад краёў да цэнтра, дзе дасягае максімальнай магутнасці — шэсць метраў пры сярэдняй 1,9. Азёрная ванна ў аснове скла­дзена з крэменязёмістых сапрапеляў, назапашванне якіх узнікла дзякуючы планктонным насельнікам. Водазборны басейн займае ўсяго 17 квадратных кіламетраў. Насычаецца возера паверхневымі балотнымі і дажджавымі водамі, у якіх мала мінеральных соляў (сума галоўных іонаў вагаецца ў дыяпазоне 65 — 90 мг/л) і шмат гумусавых злучэнняў, якія надаюць вадзе колер моцна заваранага чаю і зніжаюць яе празрыстасць да 60 — 70 сантыметраў. З-за недахопу святла і глыбіні (сярэдняя глыбіня возера — 1,9, максімальная — 2,5 метра) возера зарастае толькі на плыткаводдзях па перыферыі. Найбольшая шырыня паласы макрафітаў у паўночнай частцы — урочышчы “Клетка”, “Святая Лука” і паўднёвей пратокі — урочышча “Гара”. Фларыстычны састаў воднай расліннасці аналагічны саставу іншых азёр — дамінуюць рдзесты, белы гарлачык, трыснёг. Нядаўна на возеры выяўлены зарасці дзіўнага “жывога выкапня” — сальвініі плаваючай, рэлікта трацічнага перыяду. Сальвінія — прыгожая папараць, на паверхні вады плаваюць два эліптычныя лісточкі, трэці — апушчаны ў ваду, мае выгляд кораня і выконвае яго функцыі. Большасць відаў сальвіній насяляюць прэсныя вадаёмы тропікаў і субтропікаў, толькі сальвінія плаваючая прыстасавалася да жыцця ў вадаёмах умераных шырот.
Калі вясной растае снег, праз шчыліны ў лё­дзе возера напаўняецца вадой — лядовы панцыр усплывае, і каля берага з’яўляецца вузкая цёмная паласа вады. Лёд на возеры, у адрозненне ад рэк, растае доўга, паступова губляючы трываласць, іншы раз і не заўважыш, як з тоўстага (60 — 70 сантыметраў) маналіта ён пераўтвараецца ў кашападобную масу з асобных лядовых пласцінак і ледзяшоў-іголак, якая пры моцным ветры бясследна знікае літаральна за суткі.
Васіль
НАТАРАЎ,
вядучы навуковы супрацоўнік
навуковага аддзела
Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.