Вогненная Шчураўка

Шчураўка — вёсачка, кіламетры за два ад Грыгаравіч, па дарозе на Валосавічы. Не шукайце яе на картах Лепельшчыны, прынамсі, на сучасных: не знойдзеце. Не знайшоў я Шчураўку і ў спісе сярод спаленых вёсак нашага раёна, надрукаваным у кнізе “Памяць”. І тым не менш Шчураўка існавала. І яна была спалена ў вайну…
Сёстры
У Тамары Фёдараўны Зінькевіч, якая жыве ў Лепелі, на вуліцы Валадарскага, зараз гасцюе родная сястра Ада. Ада Фёдараўна на тры гады старэйшая за сястру. Сёлета ёй споўнілася дзевяноста. Зрэшты, слова “госць”, можа, і не зусім падыходзіць у дачыненні да крымчанкі беларускага паходжання, што на Лепельшчыне нарадзілася, а цяпер мусіць па-новай прывыкаць да роднага краю, які пакінула недзе ў шасцідзясятыя гады. Так распарадзіўся лёс. Паехала на чужыну за каханым чалавекам, але, урэшце, засталася там адна. Сваіх не займеўшы, жыла радасцямі і клопатамі чужых дзяцей, вучыла іх і выхоўвала. Працавала настаўніцай матэматыкі, за працу атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. А калі выйшла на пенсію ды сур’ёзна занядужала, пляменнік прывёз яе з Крыма ў Беларусь, каб падлячыцца. Было гэта яшчэ да тых неціхотаў на паўвостраве, якія здарацца пасля. Зараз у Крыме застаўся дом, з якім трэба нешта рабіць, не пераведзена сюды і пенсія. Трэба ехаць афармляць патрэбныя дакументы. А як туды цяпер паедзеш, тым болей павязеш хворую дзевяностагадовую бабулю!? Вось і “гасцюе” Ада Фёдараўна ў роднай сястры, пакуль штосьці вырашыцца наконт беларускага грамадзянства.
Сёстры Зінькевічы — патомныя інтэлігенты. Некалі настаўнічаў іх бацька. Фёдар Дзмітрыевіч быў ці не адзіны на ўсю Шчураўку пісьменны чалавек. Школы ў вёсцы не было, вучыў ён дзяцей у малодшых класах у Грыгаравічах, а маленькая Ада гадкоў з чатырох сядзела ў таты ў класе і лавіла кожнае слова. Так што бацькава навука пачалася для яе раней, чым школьная, і проста немагчыма было ў той атмасферы не вырасці настаўніцай. Да вайны Ада паспела закончыць дзесяць класаў. Пачынала вучобу ў Грыгаравічах, а заканчвала дзясяты ўжо ў Чашніках, дзе жыла на прыватнай кватэры. Бацьку ж на той час перавялі настаўнікам у Цяпіна. Паступіла ў Віцебскі педінстытут, а калі пачалася вайна, пешшу вярнулася з Віцебска ў родную Шчураўку. Пасля той жа дарогай пройдзе і малодшая сястра Тамара: беларуская школа ў Чашніках, пед­інстытут. Нават кватэру адну і тую ж здымалі: спачатку — Ада, затым — Тамара. Ада вывучылася на настаўніка матэматыкі, а Тамара — рускай мовы. Не мянялі яны па жыцці і бацькавага прозвішча — засталіся Зінькевічамі. Праўда, прозвішча адной з іх чамусьці запісалі без мяккага знака, што ў далейшым прывяло да непаразуменняў. Ажно давялося праз суд даказваць, што яны родныя сёстры.

Плуг, каса,
балалайка, скрыпка
Даваенная Шчураўка — гэта дванаццаць хацін, ледзьве не прылепленых адна да адной. Прынамсі, так мне падалося, калі пільна прыгледзеўся да фотаздымка вёскі, зробленага з вышыні птушынага палёту. На жаль, фатаграфія не вельмі якасная. Ды ў сорак другім годзе, калі была яна зроблена, пра якасць думаць не выпадала. На здымку, які можна смела назваць рарытэтным, пазначана, відаць, пазней ужо, што ў адной з гэтых хат знаходзіўся штаб атрада партызанаў №7 брыгады “Дубава”. Аднак пра ўсё па парадку.
Даваенная Шчураўка… Зрэшты, чаму даваенная? У вёскі не было іншага лёсу і жыцця, як толькі даваенны і першай паловы вайны. На жаль, невядома дакладна, калі Шчураўка была заснавана, затое добра вядома, калі яе не стала…
… Акрамя Ульяны і Фёдара Зінькевічаў тут жылі Ілья Стасевіч, Тарас і Адам Бародзічы, Сцепаненка (па некаторых даных Іван Стэфаненка, Ягор Зінькевіч — з сем’ямі, а таксама Акулі­на Любавецкая з сынам Іванам і дачкой Любай. У Ягора Зінькевіча (роднага брата Фёдара) было двое сыноў — Васіль ды Аляксей і дачка Жэня. У Адама Бародзіча — дзве дачкі (Галя і Соня). У Тараса Бародзіча — сын Сяргей. Вось прыкладна і ўсе жыхары невялікай вёсачкі, прынамсі, тыя з іх, імёны якіх удалося высветліць. Будні вяскоўцаў былі не надта разнастайныя — працоўныя, праходзілі за плугам ды касою, у полі ці ў лесе ў ягадах. І толькі зрэдку размераны рытм сялянскай працы парушалі… гукі скрыпкі ці залівістыя пошчакі балалайкі. Музыкамі-самавучкамі былі браты Фёдар і Ягор Зінькевічы. Фёдар на балалайцы граў, Ягор — на скрыпцы. І ўжо калі часам здаралася ў Шчураўцы вяселле, то без братоў-музыкаў не абыхо­дзілася. Дзеці гулялі тут у лапту, у пікара, дапамагалі дарослым кароў пасвіць. Амаль кожны гаспадар меў карову, апрача хіба бязмужняй Акуліны, якую кожны з вяскоўцаў з радасцю частаваў малачком. Хіба ж яна вінаватая, што рана засталася ўдавою? Мужа Стэфана ў трыццатыя забраў варанок, ды так чалавек і не вярнуўся дадому…
Па-рознаму склаўся лёс шчураўцаў. Трагічна загінула ў вайну Жэня Зінькевіч — была зажыва спалена ў Вішаньках. Лёсу не абмінеш. Перад самай вайной дзяўчына выйшла замуж. І тут жа мужа забралі на фронт, а неўзабаве прыйшла на яго пахавальная. Трагічным аказаўся і другі Жэнін шлюб — з вішаньскім хлопцам Іванам Вінаградскім. Калі ў Вішанькі ўварваліся карнікі ды пачалі “запрашаць” людзей на сход, некаторым з мужчын, у тым ліку і Івану, удалося агародамі ўцячы, а цяжарная яго жонка апынулася ў агульным пекле… Расстралялі ў Пахомлевічах Любу Любавецкую. Абставіны таго здарэння высветліць не ўдалося. Фёдар Зінькевіч, прайшоўшы праз гарніла вайны, застаўся жывым. Пасля вайны працаваў у Чашніках загадчыкам педкабінета. Выжылі ў вайну і сыны Ягора Зінькевіча. Васіль, увесь у бацьку, стаў музыкантам. Выкладаў у Маладзечне ў музычным вучылішчы. Аляксей быў курсантам, у баі яго цяжка параніла ў нагу. Толькі дзякуючы натрэніраваным сабакам, якія знайшлі байца на полі, застаўся жыць. Стаў урачом-тэрапеўтам, жыў у Сочы…
Хаты гарэлі, як свечкі…
Тамары Фёдараўне — восемдзесят сем. Не кожны ў такім узросце пахваліцца яснай учэпістай памяццю. І тым не меней стомленая жыццём (пахавала мужа, хворая дачка, саму часта падводзіць здароўе) бабуля трымаецца. Як не трымацца! Трэба было дагледзець хворага мужа, а зараз, калі той памёр, — састарэлую сястру. Ды што там састарэлую! Хіба сама яна маладая!
Даведаўшыся, што цікаўлюся лёсам яе роднай Шчураўкі, бабуля не стала чакаць майго прыходу. Яшчэ з вечара акунулася ва ўспаміны. Заўсёды прыгожы яе “настаўніцкі” почырк на гэты раз падвёў. Літары, што выводзіла на паперы, не слухаліся, скакалі, сваволіў-скакаў і растрывожаны ўспамінамі ціск. Аднак яскрава бачыла Тамара, як быццам бы гэта было ўчора, апошні дзень сваёй вёскі…
…На шляху, за вясковымі агародамі, дзяўчынка сустрэла незнаёмага хлопца. Той пачаў распытваць карацейшую дарогу на Лукомль. Яна паказала, і хлопец пайшоў, але адысціся далёка не паспеў. Тамара расказала пра ўсё бацькам, і неўзабаве шчураўцы дагналі незнаёмца па дарозе на Грыгаравічы, вярнулі. Тамара Фёдараўна, якая на той час была падлеткам, вядома ж, не магла ведаць усіх акалічнасцяў справы, але мяркуе, што чалавек той аказаўся не простым падарожнікам, бо партызаны яго доўга не адпускалі. А праз нейкі час з боку Лукомля пачалася страляніна… Ці звязаны гэтыя дзве падзеі, сцвярджаць Тамара не бярэцца. Аднак той факт, што Шчураўка стаяла на гары паміж Кастрыцай і Ляхавічамі і з яе добра праглядваліся накірункі на Чашнікі, Стошаснаццаты (цяперашняе Заслонава), а таксама блізкасць лесу, аказаўся для вёскі вырашальным. Шчураўку аблюбавалі партызаны брыгады “Дубава”, якія знаходзіліся тут з зімы сорак другога года. У хату Фёдара Зінькевіча правялі тэлефон, па начах яе ахоў­ваў вартавы. Тут размяшчаўся штаб камандзіра сёмага атрада брыгады.
Напрыканцы верасня 1943 года карнікі пачалі аперацыю супраць партызанаў з боку Лукомля, якія на той час ужо былі пад Лепелем, а ля Шчураўкі заставалася гаспадарчая група. Карнікі набліжаліся да вёскі. лясныя салдаты пакідалі Шчураўку. Разам з імі падаліся і трое мала­дзейшых вяскоўцаў: Васіль Зінькевіч, Ілья Стасёнак і Ада Зінькевіч. Дзяўчына на той час ужо мела пэўны досвед працы медсястры, бо ў педагагічным інстытуце выкладалі і курс медыцынскай падрыхтоўкі. І гэта навука ёй спатрэбіцца пасля ў партызанскім атрадзе. Ну, а астатнія жыхары вёскі пахаваліся ў лесе ды па кустоўях. Засталіся толькі дзевяностагадовыя муж і жонка Сцепаненкі. Уварваўшыся ў вёску, карнікі змусілі старых першымі зайсці ў хату да Фёдара Зінькевіча, раптам там замініравана. Пераначавалі, назаўтра выграблі ўсё, што толькі можна было, і падпалілі ўсе хаты. Па адной з версій, хацелі адну пакінуць, але перадумалі. Старых жа не зачапілі. Карнікі зніклі. Вярнуўшыся праз колькі дзён, шчураўцы пачалі абжываць лазні, пакапалі зямлянкі. Аднак пазней акупанты зрабілі другую вылазку і танкамі зраўнялі зямлянкі з зямлёю.
Пасля вайны Шчураўка так і не адрадзілася. Тамара Фёдараўна кажа, што адбудоўвацца не надта было каму. Жыхары вёскі былі ўжо немаладога веку. Хтосьці пераехаў да сваякоў у суседнія вёскі, напрыклад Ілья і Лёкса (Алеся) Стасёнкі — у Людчыцы. А пасля смерці бацькі адзін з сыноў, якіх у іх было трое, забярэ Лёксу да сябе на Чашніччыну. Многія падаліся да дзяцей, якія аселі ў іншых мясцінах.
У вогненным пекле загінула партызанская Шчураўка. Вёскі няма на сучасных картах, але назаўсёды застанецца яна ў памяці тых яе жыхароў, хто прайшоў праз вайну.
Уладзімір
МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.