Восемьдесят первая группа колледжа проходит свою лесную практику

img_1839Восемдзесят першая група каледжа праходзіць сваю лясную практыку аж за пышнянскай Слабодкаю, у гадавальніку. І занесла ж! Спякотнае, нарэшце ўжо летняе сонейка — хоць ты распранайся. Толькі што прашумеў доўгачаканы дожджык, а пасля яго пачалася сапраўдная запарка. А яны, хлопцы-падлеткі, каму па шаснаццаць-сямнаццаць гадоў, — у баразне. Шэсць гадзін арудуй дзе цяпкаю, а дзе і рукою. Бо кожную маленькую елачку, якая не вырасла яшчэ і на дваццаць сантыметраў, трэба клапатліва абпалоць, вызваліць ад удзерванелай травы. А зямля высахла, села. Нялёгкая, скажу вам, праца, нават і для дарослага.
Аднак хлопцы працуюць старанна, не гарэзнічаюць, не бавяць час дарэмна, шчыруюць, завіхаюцца, згорбіўшыся, з цяпкамі. Стараюцца зрабіць работу, і толькі пасля адпачываюць. Прызнацца, ведаючы многіх з іх у жыцці, нават і не чакаў, што яны так старанна і адказна паставяцца да вытворчай практыкі. Дзеці ж яшчэ фактычна. Чатыры дні тут папрацавалі. Прыкінуць вокам — недзе з добры гектар зялёных маленькіх елачак з травянога палону вызвалілі і ўжо заканчваюць свой участак.
Шаснаццаць будучых работнікаў лясной гаспадаркі на вучэбнай практыцы. Кіруе імі майстар вытворчага навучання Аляксандр Жук, які, акрамя ўсяго, вядзе ў іх спецпрадметы па лясной гаспадарцы. А каардынуе практыку спецыяліст па лесакультурах лясгаса Наталля Пярэдня.
Аляксандр Міхайлавіч і сам вунь завіхаецца з цяпкаю, паказвае іншым працоўны прыклад.
Акрамя гэтага, працавалі ў дэндрапарку ў Лепелі. А яшчэ ў гадавальніку саджалі елачкі. Як вобразна сказаў майстар, “пераводзілі саджанцы ў школьны аддзел”. Аказваецца, елачкі таксама з “дзіцячага садзіка ў школу перайшлі”.
img_1835Мой знаёмы Дзіма Семянько з Горак, адзін з практыкантаў, доўга і дэталёва распавядаў мне напярэдадні, як гэты працэс выглядае ў сапраўднасці. Прывозяць елачкі, бярэш іх і ўжо ў гатовы равок, у баразёнку па строга намечанай схеме часценька саджаеш. І ўжо гатовая зямля, якой акуратна абгортваеш саджанец. Дзімка работы не баіцца. Хаця, вядома ж, усе за доўгі працоўны дзень стамляюцца. Спіны не адчуваеш. Што ж, такую ён сабе прафесію выбраў. Нікуды далей вучыцца не пойдзе, хутчэй за ўсё, так і застанецца работнікам лясной гаспадаркі. У кожнага — свой хлеб. А вось сябры яго Дзіма Баранаў з Валосавічаў, Мікіта Баравік з Велеўшчыны не выключаюць, што пойдуць вучыцца далей. Усё пакажа час і атэстацыйны бал.
У групе вучацца падлеткі з рознымі здольнасцямі, з рознымі захапленнямі. Вунь, напрыклад, Андрэй Аксяновіч добра іграе на гітары, нават на “Аграрную вясну” ездзіў. І атрымалі там “гран-пры”. Улад Тагушчакаў захапляецца футболам. Спартыўныя хлопцы і Дзіма Баранаў з Мікітам Баравіком. Аднак зараз ва ўсіх адзін “спорт” — елкі-цяпкі.
Наступным этапам практыкі на два тыдні разыдуцца па бліжэйшых кожнаму лясніцтвах, дзе будуць атрымліваць ужо іншыя практычныя ўрокі лясной справы. Яшчэ ж наперадзе і догляд маладняку, і асвятленне… А пасля зноў вернуцца ў аўдыторыі.
Пацікавіўся, ці атрымаюць хлопцы што за сваю старанную працу. Аляксандр Міхайлавіч адказаў, што ўвогуле дамова аб практыцы з лясгасам не прадугледжвае выплат, але абяцалі ў лясгасе не пакрыўдзіць.
Сапраўды, хочацца спадзявацца, што своеасаблівы “ганарар” за стараннасць хлопцы ўсё ж атрымаюць. Бо і насамрэч крыўдна, калі гэткая цяжкая праца на спякотным сонцы застанецца без заахвочвання. Практыка практыкай, а праца працаю. Ды і дзе яшчэ шаснаццацігадовыя падлеткі ў наш час могуць падзарабіць?
Абедаюць тут жа, у лясной альтанцы, тым, што бяруць з сабою. Пад вечар прыедзе за імі лясгасаўская машына і павязе ў горад. Дзень доўгі, яшчэ паспеюць і адпачыць, і дома па гаспадарцы дапамагчы, хлопцы ж большасцю вясковыя. Маладыя сілы хутка ўзнаўляюцца. А заўтра зноў на практыку.
На здымках: на праполцы ў баразне Дзіма Семянько, Мікіта Баравік, Дзіма Баранаў; восемдзесят першая група гатова да адказнага задання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.