Восень — на Лепельшчыне работ восем

Восень падарыла яшчэ некалькі сухіх і сонечных дзянькоў, мабыць, дзеля таго, каб людзі канчаткова змаглі завяршыць свае сезонныя справы на зямлі. Спяшаюцца закончыць распачатае ўвесну ды ўлетку ў Каменскім сельскім Савеце. Пра клопаты надзённыя расказвае кіраўнік справамі сельвыканкама Валянціна Апанасёнак.
— Восень завяршае сезон добраўпарадкавання. Давайце і мы, Валянціна Фёдараўна, падагульнім зробленае.


— Сумеснымі намаганнямі сельвыканкама, грамадзян, прадпрыемстваў, шэфаў зроблена нямала па добраўпарадкаванні. Адрамантавалі тры тысячы метраў агароджы ў аграгарадку Камень, сто метраў — у Бароўцы-2, праведзены рамонт адміністрацыйнага будынка сельвыканкама. Дарэчы, зараз тут будуецца пандус для інвалідаў, а ў будучым у актавай зале будзе пакладзены ламінат. Ліквідавана 16 несанкцыянаваных звалак, зроблена падсыпка каля 500 метраў вуліцы ў вёсцы Губіна.
— Ці ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні мясцовае насельніцтва?
— Удзельнічае, але, на жаль, не так актыўна, як хацелася б. Сёлета правялі тры суботнікі па навядзенні парадку на могілках у вёсцы Пяскі і на каталіцкіх пахаваннях у Камені. У Пясках, дзе жывуць усяго дзесяць чалавек, выйшлі на суботнік дванаццаць.
— Цікава, якім чынам?
— Падключыліся нават тыя, хто не прапісаны ў вёсцы. А ў Камені працавалі на суботніку толькі трое мясцовых жыхароў.
— Што там было зроблена?
— Рэзалі аварыйныя дрэвы, секлі кусты, абкошвалі. Дарэчы, на добраўпарадкаванне могілак сёлета было выдзелена дваццаць мільёнаў рублёў, з іх трынаццаць асвоена. Толькі на могілках у Камені работнікамі КУВП “Бароўка” зроблена працы на 7,8 мільёна рублёў, на шэсць мільёнаў выканана работ альпіністамі на могілках у вёсцы Забароўе.
— Ці ёсць праблемы з пад’ездам да могілак?
— У асноўным пад’езды нармальныя, пісьмовых скаргаў не паступала.
— Якая работа праведзена па добраўпарадкаванні помнікаў і памятных мясцін?
— На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца сем помнікаў, а таксама памятнае месца ля Плігавак, дзе загінуў партызанскі камбрыг Караленка, і памятны знак у гонар заснавання калгаса ў Губіне. Сёлета была капітальна адрамантавана брацкая магіла ў Камені. Для гэтага з абласнога бюджэту выдзелена 64,5 мільёна рублёў. Наступным плануецца капрамонт пахавання ахвяраў фашызму ва ўрочышчы Боркі.
— Хто займаўся рамонтам на дарогах?
— Сіламі філіяла “Лепельскае ДРБУ-202” праведзены рамонт і паляпшэнне дарог — падсыпка, ямачнае замошчванне. Такім чынам палепшана дарожнае пакрыццё дарог працягласцю каля сямі кіламетраў. У асноўным нашы дарогі выглядаюць няблага, у тым ліку дзякуючы так званаму “армянскаму асфальту”, які шмат дзе быў пакладзены яшчэ ў савецкі час.
— Ці займаліся зялёным упрыгажэннем?
— Так. Сёлета бароўскія камунальнікі высадзілі каля трыццаці саджанцаў дэкаратыўнага кустоўя, больш за шэсць тысяч кустоў кветак. Па вёсках высеклі пятнаццаць сухіх аварыйных дрэў.
— Што скажаце пра водазабеспячэнне і асвятленне ў аграгарадку і на перыферыі?
— Асноўнай праблемай у аграгарадку, дзе, як і ў шэрагу вёсак, існуе водаправод, з’яўляецца павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе. Абяцаюць пабудаваць станцыю абезжалезвання, аднак будаўніцтва ўвесь час адкладваецца. Зараз называюць тэрмінам будаўніцтва ўжо 2017 год. Увесь час мясцовымі жыхарамі ўздымаецца пытанне аб будаўніцтве водаправода ў вёсцы Двор Бабча. Хаця там на дзесяць жылых дамоў прыходзіцца шэсць прыватных і адна грамадская студня. Аднак пракладка водаправода адкладваецца па фінансавых прычынах. Асвятленне, згодна з сацыяльнымі стандартамі, ёсць ва ўсіх вёсках. Іншая справа, што дзесьці перагараюць лямпачкі, дзесьці рэле не спрацоўвае. Дробныя непаладкі стараемся ухіляць.
— Як выглядаюць справы з ліквідацыяй састарэлага жылля і з выдзяленнем участкаў пад новыя забудовы?
— З пачатку года знесена шэсць старых, непрыгодных для жылля дамоў — два ў Забароўі, па адным у Камені, Ладасне, Чаросаве і Балотніках. У маі праведзены аўкцыён па продажы двух участкаў пад забудову ў вёсцы Бор. Яшчэ два ўчасткі падрыхтаваны да аўкцыёна, які мяркуем правесці ў снежні. І яшчэ два такія ўчасткі маем у Катоўшчыне.
— Чым займаецца мясцовае КУП “Каменьаграсэрвіс”?
— За восем месяцаў гэтага года прадпрыемства закупіла ў насельніцтва 158,1 тоны малака — гэта ў сярэднім 1757 літраў на карову. Аказана платных паслуг на суму 408 мільёнаў рублёў, у тым ліку транспартных — 18,7 мільёна рублёў. Дастаўлена грамадзянам 548 кубаметраў дроў. Праведзена культывацыя на дванаццаці гектарах. Пасаджана бульбы на дзевяці і выкапана на адзінаццаці гектарах. Аказваюцца таксама паслугі па дастаўцы будаўнічых матэрыялаў, сена, іншай сельгаспрадукцыі. Дапамагаем вывозіць смецце з могілак, падсыпаць вуліцы.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.