Воспитанники приюта получили подарки от «Коммунарки»

dsc_0091Кожнае дзіця з нецярпеннем чакае надыходу розных святаў, прыходу гасцей, а бацькі робяць усё магчымае, каб свята ім запомнілася. Сярод нас жывуць дзеці, якія па збегу абставін апынуліся ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля”. На дадзены момант у ім знаходзіцца восем чалавек, самаму маленькаму — чатыры гады.

Выхаванцы прытулка таксама любяць вясёлыя мерапрыемствы і з адкрытай душой сустракаюць усіх, хто прыносіць ім радасць. Вельмі прыемна, што работнікі цэнтра — ініцыятыўныя і нераўнадушныя людзі, імкнуцца стварыць ва ўстанове хатнюю атмасферу, запрашаюць шматлікіх гасцей на мерапрыемствы.
Цэнтр наведалі шаноўныя госці з Мінска — прадстаўнікі школы мадэляў NAGORNY ModelManagement і кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. У сацыяльна-педагагічным цэнтры яны ўпершыню, таму ехалі з вялікім хваляваннем. Аднак ужо праз некалькі хвілін акунуліся ў пазітыўную атмасферу, якая пануе ва ўстанове.
Яны імкнуліся атуліць цеплынёй і радасцю дзяцей, якія пазбаўлены бацькоўскай ласкі, увагі і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. І прыехалі да выхаванцаў яны не з пустымі рукамі, а са шматлікімі падарункамі. Ад кандытарскай фабрыкі кожнаму былі ўручаны скрыначкі з цукеркамі, фірменныя майкі, шарыкі і сцяжкі. А прадстаўнікі школы мадэляў прывезлі шмат канцылярскіх тавараў і іншых неабходных рэчаў. Нэлі Драко, кіраўнік праектаў агенцтва, і Вольга Ляпніцкая, фатограф, працуюць з дзіцячай групай, таму вельмі хутка знайшлі падыход да выхаванцаў цэнтра.
Напярэдадні адбыўся модны паказ KIDS KIDS SHOW з удзелам дзяцей-мадэляў школы NAGORNY MODEL SCHOOL у параднай калоннай зале Палаца культуры прафсаюзаў. У ім прынялі ўдзел сто маленькіх мадэляў. У рамках KIDS KIDS SHOW прайшла дабрачынная акцыя «З любоўю да дзяцей», дзе госці змаглі пакінуць падарункі, сувеніры, канцтавары, цацкі і адзенне для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Усе гэтыя неабходныя рэчы будуць дарэчы выхаванцам цэнтра.
На развітанне пажадалі, каб у дзяцей усё склалася ў жыцці добра, каб у будучыні былі толькі прыемныя змены і самыя смелыя мары ажыццявіліся. Атмасфера мерапрыемства таксама перадавала прыход доўгачаканай вясны, бо госці прывезлі з сабой вялікі букет цюльпанаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак выказаў ад імя раённай улады словы падзякі шаноўным гасцям.
Надарылася і магчымасць пагутарыць з Аленай Фёдаравай, начальнікам сектара па выставачнай дзейнасці кандытарскай фабрыкі “Камунарка”:
— Гэта вельмі важны для нас сацыяльны праект. У Лепельскім раёне бываем кожны год, наведваем аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых “Святліца” дзяржаўнай установы “ТЦСАН Лепельскага раёна”. Даведаліся, што ў Лепелі ёсць сацыяльна-педагагічны цэнтр і вырашылі прывезці дзеткам таксама салодкія прызы. Стараемся прынесці шмат пазітыву выхаванцам, наведваем з адкрытым сэрцам і шчырасцю такога кшталту ўстановы па ўсёй Беларусі. Наша кандытарская фабрыка — сацыяльна актыўны брэнд. Спадзяёмся, што нашыя сустрэчы стануць традыцыйнымі.
У гэты дзень таксама стварылі святочны настрой і падрыхтавалі вясёлую праграму для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку Жанна Кузіна, намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце раённага цэнтра дзяцей і моладзі, культарганізатар Алена Макаранка і педагог-арганізатар гэтай жа ўстановы Ірына Халімоненка. Пераапрануўшыся ў вясёлых клоўнаў, яны адразу ўзнялі настрой усім прысутным. Нават дарослыя смяяліся ад душы. Не ўпершыню жанчыны ў вобразах вясёлых персанажаў наведваюць цэнтр, таму дзеці ведаюць іх, заўсёды з усмешкай сустракаюць і просяць прыходзіць часцей.
Госці з Мінска таксама з задавальненнем актыўна паўдзельнічалі ў забаўляльнай праграме, патанцавалі разам з дзецьмі, паспаборнічалі ў вясёлых конкурсах. Спачатку крыху саромеліся, але потым скакалі і смяяліся ад душы. На працягу ўсяго мерапрыемства на тварах выхаванцаў ззялі шчырыя ўсмешкі, а вочы іх свяціліся шчасцем. Здаецца, цудамі было напоўнена свята для хлопчыкаў і дзяўчынак з сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
У гэты дзень усе засталіся задаволеныя. Дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а дарослым узнімалі настрой радасныя ўсмешкі на тварах дзяцей.
Дзякуючы шчырасці і цеплыні работнікаў цэнтра, дзеці, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, адчуваюць сябе тут утульна і камфортна. Як да блізкіх і родных людзей прытуляюцца да іх выхаванцы, дзеляцца сваімі патаемнымі сакрэтамі.
Калі ў жыцці ёсць міласэрнасць, усім жывецца нашмат лягчэй і радасней, бо на дабрыні трымаецца чалавецтва!
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.