Воспитанников детского приюта посетил … клоун

img-677b9481aa95686c64deda8b1c99e82c-vВыхаванцы з дзяржаўнай установы адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля” чакаюць з нецярпеннем гасцей. Для іх работнікі з розных устаноў арганізоўваюць мерапрыемствы.

На гэты раз установу адукацыі наведала Алена Макаранка, культарганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі, з праграмай “Эх, шлях-дарожка гульнявая…” І зазірнула жанчына да дзетак у ролі клоўна. Аптыміст па жыцці сама, яна ўзнімае настрой і іншым. Заўсёды з усмешкай, ведае, як арганізаваць малым свята і знайсці нагоду па-сапраўднаму смяяцца.
Вядома, што ў сацыяльна-педагагічным цэнтры — асаблівыя дзеці, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы. Ім патрабуюцца больш увагі і цеплыні з боку іншых. У хлопчыкаў і дзяўчынак не заўсёды ёсць настрой, жаданне забаўляцца.
На той момант у сацыяльным прытулку было шэсць выхаванцаў. Святочна прыбраныя, яны ў зале чакалі чагосьці незвычайнага. І як толькі вясёлы герой зайшоў да іх, адразу твары малых засвяціліся ад усмешак.
Не раздумваючы, уступілі ў дыялог і гатовыя былі забаўляцца. Усім хацелася бегаць, гуляць, спаборнічаць і танцаваць.
— Паглядзіце, якую я вам кветку прынесла! Яна з сакрэтам і не з адным. А сакрэты гэтай кветкі схаваныя ў пялёстках. Там — заданні для вас. Выканаўшы іх, вы атрымаеце падарункі. Падарункі любіце? — адразу зацікавіў дзяцей вясёлы герой.
Дзецям трэба было развесяліць клоўна, змайстраваць яму сябра, павесіць лісцікі на дрэўца, адгадаць загадку, паўтарыць рухі, пагуляць з мячом.
img-465f8857f62b126957f939ead1eb29a1-vШмат часу бегалі і скакалі дзеці. Здавалася, павінны ўжо і стаміцца… А іх не суняць. Як толькі былі выкананы ўсе заданні, кожны ўдзельнік атрымаў салодкі сюрпрыз і падарункі.
Алена Дзмітрыеўна так захапіла дзяцей гульнёй, што не заўважыла суму ні на адным твары. Усе весяліліся разам з клоўнам, з задавальненнем выконвалі ўсе заданні.
Актыўны ўдзел у гульнях прымалі і выхавальнікі, якія выконвалі разам з дзецьмі заданні. Адчуваецца, што людзі, якія працуюць з абдзеленымі клопатам дзецьмі, шчырыя душой і сталі для іх блізкімі. Так і павінна быць, бо тут абыякавасці не месца.
Даўно даказана, што клоўнатэрапія аказвае добры ўплыў на хворых і сумных людзей. Былі выпадкі, што пасля “тэрапіі” з клоўнам адыходзілі хваробы, нават урачы здзіўляліся. Такія гульні дапамагаюць палепшыць псіхалагічны стан дзіцяці. Смех, радасць, прыемнае здзіўленне, захапленне і іншыя станоўчыя эмоцыі — гэта якраз тое, што патрэбна дзеткам, побач з якімі няма бацькоў.
Вядома, усё вельмі прыгожа гучыць: клоўны, весялосць… Аднак падумалася, што ў першую чаргу гэта праца. Шмат затрат — эмацыйных, фізічных і маральных. У любым выпадку, як ні старайся, ты пераймаеш частку душэўнага дзіцячага болю.
Дзеці ведаюць, што клоўн дрэннага не параіць! Ён можа разгаварыць кожнага, зрабіць так, каб дзіця не плакала.
А яшчэ падумалася, што адзін і той жа вобраз з часам пачынае дакучаць, для гэтага кожны раз павінны быць новыя выгляд і праграма. Менавіта гэтай думкі і прытрымліваюцца работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яны імкнуцца вынаходзіць і прыдумваць кожны раз цікавыя забавы і сцэнічныя мініяцюры. Адзінае, што аб’ядноўвае і робіць іх клоўнамі з году ў год — гэта чырвоны нос. Але гэты нос з’яўляецца не прадметам цыркавога выступлення, а сувяззю паміж дарослым і дзіцем. Чырвоны нос робіць чалавека не дарослым у вачах дзіцяці, а кімсьці незвычайным.
Лепельская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на чале з Зінаідай Багдановіч ужо на працягу некалькіх гадоў рэалізоўвае гэты праект, а работнікі раённага цэнтра ў якасці валанцёраў заўсёды гатовы адгукнуцца на просьбу наведаць выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Такі тандэм дае добрыя вынікі. Пры кожным наведванні чуецца смех дзяцей — і гэта самае галоўнае.
Алена Дзмітрыеўна кажа: “Дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, абдзелены бацькоўскім клопатам. Разумеючы гэта, хочацца хоць чымсьці ўзняць ім настрой. Калі размаўляеш з імі, усміхаешся ім, яны становяцца адкрытымі, забываюць пра праблемы, не жадаюць цябе адпускаць. З вялікім задавальненнем наведваю з калегамі гэтую ўстанову”.
Н. МІЦЬКІНА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.