Все отстреленные животные помещены на специальный могильник у д. Григоровичи

17 студзеня адбылося пасяджэнне раённага штаба па прафілактыцы пранікнення і распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

99604-afrikanskaya-chuma-svinej-zafiksirovana-ecshe-v-dvuh-rajonah-odesskoj-oblasti-big

Падводзячы вынікі года мінулага, галоўны ветэрынарны ўрач раёна Святлана Знарок сказала:
— Нам удалося зрабіць вялікі аб’ём працы. Быў прыняты і рэалізуецца пяцігадовы план па прафілактыцы АЧС у раёне. На вытворчых аб’ектах закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” умацавалася біялагічная абарона. Праведзена рэканструкцыя і рамонт у вытворчых і бытавых памяшканнях, добраўпарадкавана тэрыторыя. Разам з тым наперадзе яшчэ вельмі шмат працы. Гэта і асфальтаванне тэрыторыі, і будаўніцтва надзейнай агароджы, і абуладкаванне бытавых памяшканняў.
На працягу года чатыры работнікі прадпрыемства былі пакараны за невыкананне прафілактычных мер: у адным выпадку было вынесена папярэджанне, у астатніх — выпісаны штраф у памеры трох базавых велічынь.
Праводзілася і дэпапуляцыя дзіка, па гэтым паказчыку перавыканана даведзенае заданне. Між тым, варта адзначыць, што эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка “Барсукі” план не выканала, на іх угоддзях былі знішчаны толькі дзве асобіны.
Усе адстрэленыя жывёлы змешчаны на спецыяльны могільнік ля вёскі Грыгаравічы, у кожнай абавязкова браліся фрагменты для лабараторных аналізаў. Дарэчы, могільнік патрабуе ў бліжэйшы час абнаўлення і добраўпарадкавання. Варта было б зрабіць больш зручны пад’езд і закапаць вялікую металічную бочку, каб цалкам выключыць магчымасць трапляння ў грунт непажаданых рэчываў.
Наладжаны кантроль за выкананнем рашэння аб забароне на гадаванне свіней у асабістых прысядзібных гаспадарках вёсак, якія знаходзяцца паблізу свінагадоўчых прадпрыемстваў. Разам з супрацоўнікамі РАНС, участковымі міліцыянерамі, супрацоўнікамі сельвыканкамаў абыходзілі падворкі грамадзян. Хацелася б выказаць прэтэнзіі да кіраўніцтва Лепельскага і Стайскага сельвыканкамаў, яны накіроўвалі спецыялістаў малакампетэнтных, незацікаўленых.
Сёлета ўспышкі АЧС зафіксаваны ў Расіі, Польшчы, Закарпацкай вобласці Украіны, блізкасць да межаў рэспублікі небяспечная. Таму зразумелымі становяцца меры для прафілактыкі, якімі б яны, на першы погляд ні здаваліся жорсткімі.
Актуальную тэму падняў старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын:
— З-за дэпапуляцыі дзікоў у лясах стала менш корму для ваўкоў. Звяры ад малой колькасці прыроднай ежы смялеюць, падыходзяць да вёсак, фермаў, жывёлагадоўчых комплексаў. Жыхары вёсак неаднаразова выказвалі занепакоенасць, трывогу. Што рабіць?
Кіраўнік лесапаляўнічай гаспадаркі “ЛябурХантФіш” Юрый Глазко патлумачыў, што на іх угоддзях ваўкі стала не жывуць, а толькі прыходзяць на паляванне. Шэрыя драпежнікі падпільноўваюць казуль і іншых капытных ля падкормачных пляцовак, знішчаюць іх, а потым уцякаюць. Як правіла, прыбягаюць ваўкі з Чашніцкага раёна, папалююць і хуценька знікаюць, а за межамі сваіх угоддзяў паляўнічыя і егеры страляць не маюць права.
Апошнім часам настала спрыяльная пара для палявання на ваўкоў, на свежым снезе добра бачныя іх сляды. Паляўнічыя выкарыстоўваюць зручны момант, на снегаходах аб’язджаюць лясы.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Быкаў аддаў распараджэнне ўзмацніць барацьбу супраць ваўкоў, лесапаляўнічым гаспадаркам зрабіць захады па прапагандзе, рэкламе гэтага віду палявання.
— Акрамя АЧС перад Беларуссю і Лепельшчынай паўстае новая эпізаатычная пагроза, — сказала Святлана Знарок, — высокапатагенны грып птушак. У канцы мінулага года ўспышкі гэтай хваробы фіксаваліся ва ўсіх краінах Еўропы, у пачатку года бягучага гэта інфекцыя паспела “адзначыцца” на Брэстчыне. І гэта пры тым, што сезон масавай міграцыі птушак, веснавыя пералёты, — наперадзе. Калі ўлічыць, што пры заражэнні назіраецца амаль стапрацэнтная смяротнасць птушак, няцяжка ўявіць сабе, колькі бяды можа нарабіць гэты грып, калі патрапіць на птушкагадоўчае прадпрыемства. Акрамя стратаў можна будзе на некалькі месяцаў забыць пра вырошчванне курэй ці іншай птушкі, пакуль не будзе праведзены поўны цыкл ачышчэння і дэзінфекцыі.
Другая небяспека тоіцца ў тым, што птушыны грып перадаецца чалавеку. Гэта хвароба мае некалькі штамаў і падвідаў, бактэрыі могуць хутка муціраваць, што значна абцяжарвае правільны падбор вакцыны. Таму легкадумнасць і абыякавае стаўленне да мер прафілактыкі з’яўляюцца недапушчальнымі.
Аляксандр Быкаў аддаў распараджэнне аб уключэнні ў рашэнне штаба пунктаў аб умацаванні біялагічнай абароны птушкагадоўчага комплексу ў Дражне СТАА “Вітконпрадукт”. У прыватнасці, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца пункту кантрактаў, у якім сказана, што работнікам комплексу забараняецца ў асабістай прысядзібнай гаспадарцы трымаць птушку. Акрамя гэтага адбудуцца падворныя абходы з мэтай кантролю за станам утрымання хатняй птушкі. Будуць праводзіцца рэйды на базар, іх задача — недапушчэнне продажу няякаснага птушынага камбікорму, а таксама мяса і мясапрадуктаў з птушкі сумніўнага паходжання.
Што ж рабіць людзям, гаспадарам курэй, індыкоў і іншай сельскагаспадарчай птушкі? Рэкамендацыямі падзялілася Святлана Знарок:
— Найперш — уважліва сачыць за сваёй птушкай, даглядаць яе, звяртаць увагу на здароўе, нават перамены настрою. Пры першых жа заўважаных трывожных сімптомах звяртацца да спецыялістаў-ветэрынараў. Праз пару месяцаў пачнецца сезон абнаўлення пагалоўя, людзі пачнуць купляць маладняк курэй, гусей, індыкоў, качак. Я б рэкамендавала людзям перад гэтым праводзіць у сябе поўны комплекс мер па біялагічнай абароне. У многіх да вясны па тых ці іншых прычынах застаецца няшмат старых курэй, па дзве-чатыры штукі. Я б рэкамендавала іх забіць ды прыгатаваць.
Памяшканні для ўтрымання старанна вычысціць, апрацаваць дэзінфекцыйнымі сродкамі. Іх райветстанцыя можа выдзеліць людзям бясплатна ў рамках праграмы прафілактыкі супраць высокапатагенных інфекцый. І толькі пасля гэтага набываць і садзіць маладняк птушкі. Пры гэтым пажадана, хаця б на перыяд веснавой міграцыі трымаць сваю птушку ў закрытых памяшканнях або загонах, каб выключыць магчымасць непажаданага кантакту.
Толькі шляхам комплекснага прыняцця мер можна пазбегнуць заражэння небяспечнай інфекцыяй.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.