Все, что с ней осталось, — это ее воспоминания

img_5410Прызнаюся шчыра, у “Святліцу” прывяло мяне ні што іншае, як намер пахадзіць сцежкамі Тодара Кляшторнага, слыннага нашага земляка, выдатнага беларускага паэта, які трагічна загінуў у кіпцюрах сталінскіх паслугачоў роўна восемдзесят гадоў таму. Падумаць толькі, у тую страшную восень трыццаць сёмага была расстраляна сотня літаратараў — квецень нацыянальнай літаратуры.
Дык вось, сабраўся прайсціся сцежкамі паэта-земляка, але пачаў не з Парэчча, а з Каменя. Што ехаць у яго родную вёску, калі там, кажуць, ужо нават і хаты, дзе жылі Кляшторныя, не засталося — ні старой, ні новай. Хіба што падмурак, які ўжо ўехаў у зямлю.
Да Парэчча пакуль так і не даехаў. Там абавязкова пабываю пры нагодзе, хаця б для таго, каб пакланіцца зямлі, якая ўзгадавала нашага “беларускага Ясеніна”. А пакуль шукаў у аграгарадку Камень хаця б якія звесткі пра Кляшторных, распытваў, хто застаўся з яго сучаснікаў, з аднавяскоўцаў, намацваў ніцінкі, каб раскатаць клубочак. Так і прывяла мяне адна з нітачак у “Святліцу” — аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра, дзе дажываюць свой век састарэлыя людзі, якім ужо ў адзіноце жыць не выпадае.
Добра ведаю гэтую ўстанову і не раз сам пра яе пісаў, але ўсё са слоў, з расповедаў, па фотаздымках. Сам дагэтуль ні разу не быў. І не спяшаўся сюды, бо, як кажуць, “пути господни неисповедимы”. Невядома, дзе хто з нас будзе дажываць век. І хай сабе кажуць, што тут не стамляюцца ствараць для бабуль і дзядуляў хатні камфорт, штосьці мне падказвае не спяшацца ў той камфорт са сваёй хаткі…
У “Святліцы” апынулася Ніна Паранок, якая нарадзілася ў 1929 годзе і ўсё сваё жыццё дагэтуль жыла ў Парэччы. Ды што зробіш, прыйшоў час у “Святліцу”. Замуж не выйшла, сям’і сваёй не займела, хто будзе даглядаць адзінокую ды хворую? Некалькі разоў зімавала ў пляменніцы ў Мінску. Ды тая, відаць, ужо таксама не маладая, цяжка спраўляцца з хвораю цёткаю. Летам яшчэ вярталася Ніна Сямёнаўна ў сваё Парэчча, там жа і хата яе стаіць, а зімуе ўжо тут.
Наўрад ці пагаварылі б мы з Нінай Сямёнаўнай, проста не дагукаўся б я да васьмідзесяцідзевяцігадовай, лічы, глухой бабулі, калі б не падахвоцілася нам дапамагчы сама загадчыца аддзялення Алена Чувіліна, згадзілася стаць нашым “перакладчыкам”. Яна тут асвоілася, прызвычаілася да старых людзей, і яны яе з паўслова разумеюць.
Падымаемся з “гаспадыняй” “Святліцы” на другі паверх па калідоры, па якім няспешна сноўдаюць туды-сюды нямоглыя людзі. Хто прысеў ля тэлевізара, камусьці карціць пагаманіць. У палаце на чатырох бабуль шырокія драўляныя ложкі, стулы, столік. Камусьці прынеслі абед на падносе — свежанькі супчык, бурачкі. Як жа прагнуць тутэйшыя жыхары ўвагі, як жа хочацца ім запатрабаванымі быць! Пакуль дапамагалі апрануцца, баба Ніна будзе хварэць і крактаць, а як даведалася, што ёю карэспандэнт цікавіцца, ажывілася і нават паздаравела, і хустку жоўтую квяцістую завязала, калі ўбачыла фотаапарат. Суседкі ёй відавочна зайздросцілі, а яна ўсё расказвала і расказвала…
* * *
Бацька быў конюхам у калгасе, маці па гаспадарцы спраўлялася. Гаспадарка ж не маленькая была. Трое дзяцей малымі памерлі, а трое засталіся. Хадзіла Ніна ў школу тры гады. Была такая Полымская школа — за Дваром Парэчча на гары стаяла. Чаму Полымская? Таму што калгас называўся “Полымя”. А пасля — “Калгасная праўда”. Там Ніна Сямёнаўна трыццаць гадкоў у полі адпрацавала. А цяжка рабілі! І навоз капалі, і лёд нарыхтоўвалі, і жалі, і малацілі, і штабелявалі. Ну, ды гэта пасля вайны.
А ў вайну яна ўжо падлеткам была. Пайшлі ў Двор Парэчча і там даведаліся пра вайну. Праз нейкі час убачылі немцаў на веласіпедах, спужаліся і пахаваліся ў склеп. Тым часам сталі партызаны наведвацца. Аднаго разу Ніна кароў у полі пасвіла. Ідзе ў вёску абедаць, а з лесу чалавек выходзіць: “Не иди в деревню, там враги”. А што ж не ісці, калі жывеш там? Фашысты наставілі аўтаматы, мужчын сагналі ў адну з хат, а жанчын з дзецьмі пасадзілі ля таго месца, дзе будуць яму капаць. Аднак адзін немец пачаў па рацыі перагаворвацца з воласцю. І паступіла адтуль, відаць, нейкая каманда, бо неўзабаве ўсіх адпусцілі…
Пасля вайны хіба што толькі хата засталася. Тыя, што бліжэй да бальшака стаялі, папалілі, а іх не зачапілі. А ў хаце — і конь не валяўся. Голад. Жыта ўсё папалілі, дзесяць копаў ячменю папалілі, гарох увесь чыста згарэў, авечак пабілі, праўда, карова засталася. Збіралі шыцікі ў полі — бульбу мёрзлую, лебяду, шышкі ад асакі. А яны на патэльні рассыпаюцца, зляпіць ляпёшкі няма як — мукі няма. Зялёны такі пірог пяклі.
— Ці ведалі вы Кляшторных? — пытаюся.
— Як не ведаць! У адной вёсцы жылі. Тодар з мамаю разам вучыліся. Ён у Несіна ў школу хадзіў. Трое дачок у яго — Тадзіяна, Мая і Валя (насамрэч Весналіна). Валя раней памерла, а гэтых бачыла, калі святкавалі дзень вёскі. Кляшторныя бедна жылі. Тодар і ў лапцях хадзіў, праз тое з яго часам і кпілі, ды ён не звяртаў увагі. Быў вельмі разумны хлопец і надзвычай сціплы.
— А дзе іх хата?
— Старую хату вывезлі ў Камень, яе купіў Чакаеў. На месцы старой Тодараў брат Ягор пабудаваў новую, і той ужо няма, адзін падмурак.
— Тодаравы сваякі так і жылі ў Парэччы?
— Не ўсе. У іх сямёра дзяцей было: Ціхан, Іван, Ягор, Тодар, Агаша, Александрына і Ганна. У Парэччы засталіся Іван з Ягорам і Александрына з Агап’яй, сёстры разам жылі. А з нашых, калі ведаеце, не аднаго Тодара, яшчэ Аляксандра Лянько рэпрэсавалі.
— За што?
— А бог ведае, за што. Той быў старшынёй калгаса ў Бабчы.
Распавядаць — не жыта жаць. Баба Ніна гаварыла б і гаварыла, бо ўсё, што з ёю засталося, — гэта яе ўспаміны. Імі і багатая. Пакідаю “Святліцу” — і пакідае нарэшце мяне церпкі і ўстойлівы пах, які развейваецца толькі тады, калі на вуліцы дыхнуў свежага паветра. Хто працуе ў падобных установах, кажуць, што так пахне старасць. Каб не заканчваць на мінорнай ноце, скажу, што сустрэча з бабай Нінай мяне і натхніла. Ёсць яшчэ людзі, якія жылі ў эпоху Тодара Кляшторнага і ведаюць яго. Так што пошукі варта працягваць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ніна Сямёнаўна Паранок і загадчыца аддзялення “Святліца” Алена Чувіліна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.