Вспомнили годы, проведенные на далекой войне

У Браслаўскім раёне прайшоў абласны злёт воінаў-інтэрнацыяналістаў, у якім удзельнічалі і прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» на чале са старшынём Сяргеем Крывялём.

Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі ў рабоце абласной арганізацыі нават пасля больш за 30 гадоў пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Яны даюць магчымасць падтрымліваць баявое братэрства, успомніць баявых таварышаў, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку.

Як адзначыў Сяргей Мікалаевіч, арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё магчымае, каб госці акунуліся ў сяброўскую атмасферу, змаглі сустрэцца і пагутарыць з былымі таварышамі па службе, завесці новыя знаёмствы, успомніць гады, праведзеныя на далёкай вайне.На працягу 3 дзён у сяброўскай спартыўнай барацьбе змагаліся за лідарства прадстаўнікі 14 раёнаў Віцебскай вобласці, Мядзельскага раёна і Мінска. Праходзіла мерапрыемства на тэрыторыі базы адпачынку ў вёсцы Дубкі.

— Мы сябруем з баявымі таварышамі з розных раёнаў, з вялікім задавальненнем кожны раз сустракаемся на такіх мерапрыемствах, дзелімся вопытам па патрыятычнай рабоце з маладым пакаленнем, — кажа Сяргей Мікалаевіч. — Шкада, што ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй сёлета не прыязджалі госці з іншых краін.

Адзін дзень злёту быў цалкам прысвечаны спартыўным спаборніцтвам. Перацягвалі канат, спаборнічалі ў дартс, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. Здавалася, што на нейкі момант дарослыя мужчыны, а многім з іх ужо далёка за 50, сталі гарэзнымі падлеткамі, якім цікава было паказаць сваю трапнасць і сілу.

Не забыліся ўдзельнікі злёту аддаць даніну памяці загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны і наведаць месца памяці пра вайну ў Афганістане. Пабывалі воіны-інтэрнацыяналісты і ў музеі сярэдняй школы №1 горада Браслава.

Таксама была арганізавана палявая кухня, падрыхтавана цікавая музычная праграма. Перад прысутнымі выступіла група “Саланг” з Жодзіна, у склад якой уваходзяць мужчыны, якія прайшлі праз пекла Афганістана. Аснову рэпертуару доўгі час складалі песні пра вайну, але яны даволі цяжкія для ўспрымання. Таму іх музыканты сталі “разбаўляць” сучаснымі творамі. Галоўная мэта калектыву — даносіць да людзей праўду пра тыя падзеі, не даць забыць старонкі мінулага.

Зоркі гарэлі на небе, а мужчыны яшчэ доўга сядзелі ля вогнішча, слухалі песні пад гітару і вялі шчырую гутарку. Ім было пра што пагаварыць…

Вялікі дзякуй лепельскія воіны-інтэрнацыяналісты выражаюць індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю Карымаву, які дапамог з арганізацыяй падвозу на злёт.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.