Встреча боевых друзей

afgancyУ гарадскім пасёлку Ушачы адбылася
сустрэча прадстаўнікоў трох раённых
арганізацый ГА “Беларускі саюз ветэранаў
вайны ў Афганістане” Віцебскай вобласці — Лепельскай, Лёзненскай і Ушацкай.
У мерапрыемствах прынялі ўдзел дзевяць лепяльчан.

Наведалі знакавыя месцы Ушацкага раёна: мемарыяльны комплекс «Прарыў», а таксама памятныя знакі, прысвечаныя вайне ў Афганістане. Усклалі вянок і кветкі, ушанавалі хвілінай маўчання тых, хто не вярнуўся дадому з гарачай кропкі. Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць такія сустрэчы з арганізацыямі з суседніх раёнаў. Гэтая ж прымеркавана да памятнай даты. 25 снежня споўніцца 40 гадоў, як савецкія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу паміж СССР і Афганістанам.
Сабралася каля дваццаці чалавек, многія з якіх ужо сталі сапраўднымі сябрамі. Некаторыя нават ваявалі ў адным месцы, што адразу навяло на ўспаміны. Не забылі ў знак павагі ўручыць памятныя сувеніры.
Вялікай баявой кампаніяй наведалі ў вёсцы Мажуйкі магілу воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Ключонка, які загінуў у Афганістане. Потым зазірнулі ў госці да маці героя, якая пражывае ў той жа вёсцы. Яна так расчулілася ад сустрэчы, што не магла стрымаць слёз. Боль і пакуты сталі вечнымі спадарожнікамі жанчыны, але з цягам часу яна навучылася з імі існаваць.
Праз слёзы распавядала пра свайго сына, дзякавала, што не забываюць пра яе.
Кожны, хто прайшоў праз вайну ў Афганістане, захоўвае ў сваёй памяці пэўныя эпізоды, якія засталіся ў душы і сэрцы назаўжды. Першыя ўражанні, прадчуванні чагосьці нязвыклага, незнаёмыя краявіды, знаёмства з новымі людзьмі і, вядома ж, хвіліны або гадзіны бою… Пра іх яны расказваюць на сустрэчах са школьнікамі, у калектывах прадпрыемстваў і проста ў кампаніях. І ў асноўным гэта сціплыя радкі, бо не любяць успамінаць пра тую старонку жыцця.
У гэты ж дзень нашы землякі, воіны-інтэрнацыяналісты, дзяліліся сваімі ўспамінамі з такімі ж, як яны, воінамі. Гэта зусім іншая справа. Успаміналі дробязі, пра якія, магчыма, простаму чалавеку і не трэба ведаць. Ды ён і не зразумее іх.
Казалі без пафасу, проста ўзгадвалі падзеі 30-гадовай даўніны, як гэта было. Рэха афганскай вайны…
Аказваецца, пра службу з баявымі таварышамі яны могуць размаўляць доўга, амаль бясконца, успамінаць і добрае, і дрэннае…
У час сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні ўзаемадзеяння паміж арганізацыямі, наладжваліся сяброўскія сувязі. На такіх мерапрыемствах вырашаюцца і розныя арганізацыйныя пытанні, даюцца сяброўскія парады. Былі закрануты і розныя аспекты дзейнасці арганізацыі па патрыятычным выхаванні моладзі, маральнай і матэрыяльнай падтрымцы ўдзельнікаў баявых дзеянняў, інвалідаў і сем’яў загінулых.
Менавіта воінам-афганцам як спадчыннікам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны даверана задача па выхаванні ў маладога пакалення пачуцця абавязку, патрыятызму і адказнасці.
У час кожнай такой сустрэчы падчас успамінаў знаходзяцца воіны, якія ў час баявых дзеянняў дзесьці сустракаліся. Некаторыя ўвогуле адшукалі сваіх саслужыўцаў. Было вырашана і надалей праводзіць такія сумесныя мерапрыемствы. Вяртаючыся дадому, воіны-інтэрнацыяналісты абмяркоўвалі планы на будучыню.
— Я быў упершыню ў мемарыяльным комплексе «Прарыў», хоць ён і знаходзіцца недалёка ад Лепеля. З вялікім задавальненнем з баявымі сябрамі прайшоў па памятных месцах. Уражанні ад сустрэчы самыя найлепшыя, — кажа член арганізацыі Леанід Бартко.
Так, агульная старонка жыцця воінаў-інтэрнацыяналістаў вельмі яркая, толькі не з сонцам, а з крывёю, якая не знікае нават праз 30 год. Да гэтага часу воіны ў снах бачаць далёкі Афганістан, і сны гэтыя трывожныя…
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.