Встреча выпускников на Лепельщине

4 Кожныя пяць гадоў прыязджаюць выпускнікі аднаго з класаў былой Слабадской (цяпер Старалядненская) сярэдняй школы ў родную вёску — на сустрэчу з юнацтвам.

Упершыню сустрэліся аднакласнікі ў юбілейны, дваццаць пяты год пасля заканчэння школы. І з таго часу цвёрда вырашылі збірацца на кожны юбілей. Балазе, як тая маці дзяцей у роднай хаце, так збірае сваіх колішніх вучняў за сталом іх былы класны кіраўнік Лідзія Папко. Лідзія Віктараўна, дай Бог ёй здароўя, пражыла на свеце ўжо дзевяць дзясяткаў гадоў і спасцігла тую жыццёвую мудрасць, якая з’яўляецца асноваю жыцця. А мудрасць простая: беражы сваю хату, любі свой кут, дзе нарадзіўся і вырас. Любі людзей, стаўся да іх так, як бы хацеў, каб адносіліся да цябе — і будзеш ты шчаслівым.
— Ніна Скамарошчанка закончыла ў свой час інстытут народнай гаспадаркі, Аляксандр Папко працаваў галоўным рэдактарам газеты ў Наваполацку, Сяргей Брыкун — ідэолаг, Валянціна Татаева — настаўніца матэматыкі ў Бароўскай сярэдняй школе, Сяргей Сільвановіч — юрыст, закончыў БДУ, — расказвае пра сваіх аднакласнікаў Лідзія Якубоўская.
Я зайшоў у дом жанчыны не з прыватным, а, так бы мовіць, з працоўным візітам. Чаму менавіта ў яе? Вяскоўцы падказалі — неардынарны, цікавы яна чалавек.
І сапраўды — цікавы. Тут, у Старым Лядне, Лідзія Віктараўна нарадзілася. Тут, бы, здавалася, ёй і жыць. Кажуць жа: дзе нарадзіўся чалавек, там і спатрэбіўся. Не, тут быў акурат іншы варыянт. Маладосць паклікала ў дарогу. Скончыўшы дзевяць класаў, хацела Лідзія разам з аднакласнікам паступаць у фізкультурны тэхнікум. Аднак той перадумаў, а яна аказалася больш мэтанакіраванай і паступіла вучыцца ў Віцебск. Пасля тэхнікума працавала ў Баркоўскай сельскай школе на Верхнядзвіншчыне. І — зноў вучоба. На гэты раз ужо ў ВНУ.
Выпускніцу Мінскага інстытута фізічнай культуры накіроўваюць настаўніцай у Новыя Валосавічы. І там яе чакае сямейнае шчасце. Пазнаёмілася з мясцовым аграномам Валерыем Якубоўскім. Трыццаць адзін год яна настаўнічала ў Валосавічах, а муж займаў розныя пасады ў мясцовай гаспадарцы. Нарадзілася дачка, гаспадарку займелі, як жа без яе ў вёсцы!
А калі прыйшоў час выходзіць на пенсію, паклікала Лідзію Віктараўну яе маленькая радзіма. Яна маленькая, а прыцягвае, як магнітам. Значыць, гэта не проста прыгожыя пафасныя словы, а ёсць нешта такое, што не дае людзям спакойна жыць у краях далёкіх, чужых.
І вярнулася Лідзія ў вёску, дзе нарадзілася, у хату, дзе вырасла. І муж сюды пераехаў. Месца свабоднага, праўда, у мясцовай школе не аказалася. Ды не бяда. Пайшла на заслужаны адпачынак, а занятак па душы знайсці лёгка.
Вырашылі будаваць хату. Купілі зруб у Валосавічах — пакрыху сталі абуладкоўвацца тут, у бацькоўскім гняздзе. Са старога засталіся толькі сцены, астатняе ж усё новае. Прыгожая атрымалася хатка. Зрэшты, Лідзія і Валерый да гэтага часу будуюцца. Муж закончыў курсы плітачніка-абліцоўшчыка і ўсё ў новай хаце зрабіў сваімі рукамі. Прыемна зірнуць на пабудову — як звонку, так і ўсярэдзіне. На высокім пагорку, непадалёк ад возера, дворык патанае ў квецені.
Для чаго ўсё гэта? Дачка далёка — у Мінску. Закончыла БДУ па спецыяльнасці сацыяльнага рэабілітолага, працуе медсястрою ў нейрахірургічнай рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі. Новы бацькоўскі дом — вядома, не для яе.
Дык для каго ж усё гэта — дом, агарод, дзве цяпліцы, памідоры, агуркі, перац, дваццаць сотак бульбы? Пытанне цікавае, і ці дасі на яго адназначны адказ? Ці зразумее гэтую жыццёвую філасофію той, хто ніколі не жыў у вёсцы, тым болей, на Бацькаўшчыне? Вось для яе, для Бацькаўшчыны, для свайго самасцвярджэння, якое не бывае лішнім ні ў які перыяд жыцця, і ёсць гэта ўсё. Жыць можна прыгожа — і на пенсіі таксама. Валерый пачаў збіраць арыгінальныя карчы — і Лідзія мяркуе заняцца дэкаратыўнымі вырабамі. Гэта, між іншым, у сугуччы са здаровым ладам жыцця, які яна, настаўніца фізкультуры, проста не мае права не весці — спартыўная хадзьба, плаванне… Ледзь вольная хвілінка — на веласіпед — і ў Бароўку, на возера. І муж прыахвоціўся, да таго ж ён яшчэ любіць і рыбку палавіць.
Мудры жыццёвы запавет сваёй настаўніцы і класнага кіраўніка вучаніца зразумела літаральна і годна яго выконвае. Любіць сваю маленькую радзіму — гэта як маці любіць. З гэтым нараджаемся — з гэтым і жывем.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: выпускнікі Слададской (Старалядненскай) школы пад час чарговага юбілею з дня выпуску. Лідзія Якубоўская — пятая справа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.