Вуліца Чуйкова з’яўляецца, так бы мовіць, візітнай карткай Лепеля

IMG_9544Дарожнікі прыходзяць на дапамогу камунальнікам. Вуліца Чуйкова з’яўляецца, так бы мовіць, візітнай карткай Лепеля. Госці, якія прыбываюць з Мінска, Віцебска, Полацка, Оршы, Барысава, найперш праязджаюць па ёй.

Вуліца Чуйкова шырокая, прасторная, за апошнія гады на ёй узведзена шмат пабудоў: новыя пяціпавярховыя жылыя дамы, вялікая крама “Родны кут”, мадэрнізаваны заправачны комплекс.
У апошнія дні мая прайшлі дожджыкі, прыгрэла сонейка, і трава пустазельная шыбанула ў рост. Камунальнікі з усіх сіл стараюцца паспець, падкошваюць газоны, наводзяць парадак на клумбах, аднак спраў усё яшчэ шмат. Асабліва на адхонах дарог і вуліц. І тут на дапамогу прыйшлі работнікі з дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37. Два трактары з касілкамі дружна ўзяліся за справу.
У аб’ектыў фотакамеры патрапіў трактар Васіля Гатоўкі. Мужчына лоўка ўпраўляўся з тэхнікай. Самай складанай справай быў аб’езд дарожных знакаў, электрычных слупоў. Здавалася б, паклаў касілку на зямлю і рабі пракос за пракосам, але ж не, даводзіцца раз-пораз прыпыняцца і аб’язджаць. Аднак Васіль па-майстэрску ўпраўляўся з агрэгатамі, што пад слупамі заставаліся толькі лічаныя травінкі.
Тэкст і фота
В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.