Вярнуўся жыхар Лепеля

LAP4cJfLJPg Пра такіх, як Аляксей Старухін, кажуць, што яны людзі свету. Пісьменнік, вандроўнік, экскурсавод, пецярбуржац з лепельскімі каранямі. На міжнародным конкурсе маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы кампетэнтнае журы выбрала чатырнаццаць лепшых работ, у іх ліку апавяданне Аляксея “Пульс на мяжы захаплення”.

Аднойчы малады лепяльчанін захацеў пабачыць Атлантычны акіян. Большасць з нас проста пагля­дзелі  б тэлеканал “Дыскаверы” альбо назапасілі грошай на турпаездку.

Выпускнік сярэдняй школы №2 паступіў прасцей. Адкрыў папяровую карту, ткнуў пальцам у вёску Ле Конкэ каля французскага Брэста, сабраў заплечнік і рушыў у бок Полацка. Потым быў Даўгаўпілс, Каўнас, Конінг, Берлін, Эйндховен… Вандраваў аўтастопам.

— Спачатку быў нявопытны, узяў з сабой шмат непатрэбных рэчаў. Зараз магу даць параду, што абавязкова трэба пакласці ў заплечнік: дадатковы абутак, штаны, бялізну, добры спальнік, запалкі ў непрамакальнай абгортцы, ліхтарык, сцізорык. Выручае ў дарозе і такая неабходная рэч, як тэрмас. Браў таксама грошы, некалькі сотняў еўра на ўсялякі выпадак. Аднак большую частку прывёз назад. Людзі трапляліся добрыя, кармілі і нават самі прапаноўвалі грошы, — кажа Аляксей.

І вось, нарэшце, Ле Конкэ. Першыя яркія ўспаміны: сонца заходзіць у акіян, адбіваецца малюнкамі ў прыбярэжных скалах, кубачак кавы ў маленькай кавярні на беразе Атлантычнага акіяна. Потым успамінаў дабавілася.

Аднойчы заблудзіў у італьянскай Венецыі. Раптам чую цудоўны спеў на партугальскай мове. Пайшоў на гукі. Бачу, як шэсць прыгожых дзяўчат плывуць на гандоле, пад іх музыку неўзабаве выйшаў да свайго гатэля. Каб нешта добра напісаць, трэба гэта перажыць. Вось і вандруе наш блукач па свеце.

Жыхары Грузіі, Азербайджана, Кыргызстана больш гасцінныя, чым еўрапейцы. Прымаўка “Мой дом — твой дом” напоў­ніцу адпавядае рэчаіснасці. Аднак затрымаўся неяк у Дзюсельдорфе. Трэба было знайсці таннае месца дзеля начлегу. Да мяне падышла сталая нямецкая жанчына, завяла ў гатэль і заплаціла пяцьдзясят дзевяць еўра. На пытанне, навошта яна гэта робіць, адрэагавала проста: “Дапамагу я табе, дапаможа нехта і маім дзецям…”

У Дагестане не хацелі адпускаць з гасцей. Шмат дзе затрымліваўся на дзень-другі. Вельмі смачны дагестанскі хлеб, хатняе віно — у Грузіі, гарбата — у Кыргызстане. Ва Узбе­кістане частавалі згатаванымі лёгкімі барана. Увогуле, кожны краявід нейкім чынам запаў у душу. У Заходняй Францыі —  хвалі, вельмі вялікая рыба, на Урале — гаі, у Кыргызстане — горы, рэкі і арол-драпежнік.

Аднак не трэба думаць, што на дарожных перакрыжаваннях вас чакае суцэльная рамантыка. Абавязкова трэба вывучыць краіну, у якую збіраецеся, асабліва калі краіна мусульманская. Там свае, вельмі жорсткія, правілы, якія трэба ведаць.

— Мяне папярэдзілі, каб у мусульманскіх краінах не падкасваў высока штаніну на назе — нельга, — успамінае Аляксей, — важна ведаць англійскую мову, берагчы сябе ў дарозе.

Дарэчы, акрамя англійскай хлопец разбіраецца і ў мове жэстаў для глуханямых. Справа ў тым, што пад час чарговай вандроўкі завярнуў у Санкт-Пецярбург. Убачыў горад — і застаўся там жыць. Пёк бліны ў кавярні “Чайная лыжка”, да яго заходзілі глуханямыя. Каб палегчыць сваю працу, ды і зрабіць прыемнае людзям з абмежаванымі магчымасцямі, стаў “размаўляць” з імі з дапамогай рук. Потым праз нейкі час перакваліфікаваўся ў гіды. Сам прыдумаў турыстычныя маршруты па дахах, прыгожых месцах Пецярбурга. Летась па вузенькіх вулачках прайшло больш за тысячу турыстаў з дваццаці пяці краін свету (Аўстралія, Бразілія, Швецыя і г. д.)

А пісаць наш “гід” пачаў з маленства. Першае апавяданне з’явілася ў пятым класе — пра маленькага гнома, які навучыў дзяцей смяяцца. Потым па асабістых уражаннях пісаў лірычныя, фантастычныя апавяданні. Прататыпамі герояў з’яўляліся рэальныя людзі. І ў свой твор-лаўрэат ён паклаў самае цудоўнае пачуццё — каханне паміж мужчынай і жанчынай. Зараз распачаў раман “Чужы дзённік”. У далейшых планах ёсць як зямныя — набыць кватэру, ажаніцца, так і ўзнёслыя — наведаць Вогненную Зямлю ў Чылі.

Напрыканцы нашай размовы Аляксей задумаўся і адзначыў:

Ведаеш, пад час сваіх вандровак я зразумеў адну  рэч. Няважна, з якой ты краіны і якога веравызнання. Проста ёсць дрэнныя і добрыя людзі. Мне пашэнціла, бо апошніх я сустракаю часцей.

Яўген МУДРЫ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.