Вясна паклікала ў поле

Дзякуючы ранняй вясне некаторыя гаспадаркі раёна пачалі вясеннія палявыя работы. У ААТ “Лядна” на ўсю моц ідзе падсейванне траў па пасевах азімых культур. На сёння засеяна 220 гектараў пры плане 310 га. Аднак на гэтым спыняцца не збіраюцца, пры спрыяльных умовах будзе праведзена падсейванне шматгадовых траў і па яравых культурах.
— А колы тэхнікі не гразнуць у пераўвільготненай глебе? — пытаюся ў галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Ку­дзіна.
— Нармальна тэхніка праходзіць. Дзеля гэтага стараемся выязджаць раней, на самым золку, пакуль зямля яшчэ пакрыта марознай коркай. Падсейваннем займаюцца спрактыкаваныя механізатары Станіслаў Смажэўскі на агрэгаце “Дзвіна” і Андрэй Трайко на трактары МТЗ-1221 з сеялкай СПУ-6. Яны выдатна ўмеюць працаваць на полі так, каб не заставалася каляін.
Падсейванне з’яўляецца вельмі важнай часткай земляробчых работ, такім чынам закладваюцца асновы будучай кармавой базы для статка буйной рагатай жывёлы. Ужо сёлетняя салома будзе ўтрымліваць парасткі травы, чым павысіцца яе харчовая карысць для кароў, а на наступны год палеткі можна будзе выкарыстоў­ваць як для пашы, так і для сенакосу.
Сёлета 180 гектараў засеяны сумессю канюшыны і цімафееўкі, і толькі 40 га — адной цімафееўкай. І на ўсе плануемыя пад падсяванне плошчы гаспадарка забяспечана ўласным насеннем. У ААТ “Лядна” наладжана вырошчванне ўласнага насення траў, найперш канюшыны і цімафееўкі. Гэта дазваляе абыходзіцца сваімі сіламі, не скіроўваючы значныя сродкі на закупку дарагога насення.
— Як вы папярэдне ацэньваеце стан пасеваў азімых культур? — зноў пытанне да Уладзіміра Кудзіна.
— Літаральна ўчора-пазаўчора яшчэ раз аб’ехаў палеткі. 50 гектараў азімага жыта адпавядаюць норме, страты павінны быць зусім невялікія. 550 гектараў азімай пшаніцы таксама добра перазімавалі, на першы погляд. Непакояць пасевы азімага рапсу. Сёлетняй зімой у студзені стаялі моцныя маразы, пры гэтым было мала снегу, які б надзейна аберагаў расліны. Таму стан рапсу выклікае занепакоенасць. Канчаткова карціна праясніцца ў бліжэйшыя дні, калі сярэднясутачная тэмпература стала падымецца вышэй за пяць градусаў цяпла і пачнецца вегетацыя. Тады дакладна будзе бачна, якія расліны загінулі, а якія — жывыя. Тады ж і будзе прымацца рашэнне аб мэтазгоднасці перасявання тых ці іншых палеткаў.
— Магчыма, каб паскорыць вегетацыю, варта было б пачаць унясенне ўгнаенняў?
— Пакуль сярэднясутачная тэмпература не паднялася вышэй за пяць градусаў, няма асабліва сэнсу выязджаць на палі. У апошняй дэкадзе месяца будзем займацца ўнясеннем арганікі — вось дзе будуць задзейнічаны асноўныя сілы ў бліжэйшы час.
— А ўвогуле наколькі гаспадарка забяспечана мінеральнымі тукамі?
— Калійныя ўгнаенні ўнесены пад патрэбу яшчэ з восені. Увесну трэба бу­дзе ўносіць азотныя і фосфарныя. З гэтым пакуль што замінка. Фосфарных у наяўнасці каля 20 тон — прыблізна на 200 гектараў. Маем сульфату амонію каля 60 тон, але гэтага таксама недастаткова. Апошняе ўгнаенне, дарэчы, найбольш эфектыўна прымяняць па пасевах кукурузы.
— Які запас паліва і запчастак?
— Паліва досыць толькі на бліжэйшыя некалькі дзён. Запчастак досыць пакуль толькі для падтрымання некалькіх адзінак тэхнікі. А трактарам патрэбен капітальны рамонт, таму зараз шукаем запчасткі, каб у поле выехаць у аптымальныя агратэх­нічныя тэрміны.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.