Выбор профессии — ответственный шаг

Выбар прафесіі – складаны і адказны крок у жыцці маладых людзей, а служба ў міліцыі заўсёды лічылася прэстыжнай у іх асяроддзі. Будучыя выпускнікі школ часта цікавяцца, як стаць ахоўнікам правапарадку. Адны прыходзяць пасля службы ва Узброеных сілах, іншыя марць з маленства насіць форму і пагоны.
Да ўступнай кампаніі яшчэ ёсць час. Але школьнікам, якія жадаюць быць міліцыянерамі, ужо зараз час вызначацца. Пра тое, дзе можна атрымаць адукацыю па гэтай прафесіі, а таксама якія перспектывы ў курсантаў, распавёў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Лепельскага РАУС Аляксей Пшонка.
— Будучыя супрацоўнікі органаў унутраных справаў атрымліваюць спецыяльную адукацыю ў Акадэміі МУС або Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь. У гэтыя навучальныя ўстановы на конкурснай аснове прымаюцца грамадзяне, не старэйшыя за 28 гадоў, здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў.
На дзённую форму могуць паступаць грамадзяне, якія маюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю. Жадаючым стаць курсантамі трэба падаць заяву на імя начальніка РАУС па месцы жыхарства да 1 красавіка, — кажа Аляксей Мікалаевіч.
— Якія прывілеі маюць курсанты гэтых навучальных устаноў?
— Навучальныя ўстановы МУС прадастаўляюць бясплатную вышэйшую юрыдычную адукацыю, а таксама поўнае дзяржаўнае забеспячэнне падчас вучобы, што ўключае пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне. Пры гэтым курсантам налічваецца стыпендыя, мінімальны памер якой складае 380 рублёў. Важна тое, што падрыхтоўка будучых афіцэраў МУС з вышэйшай адукацыяй ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў. Тэрмін навучання складае 4 гады. Па заканчэнні ўстановы выпускнікам выдаецца дыплом з кваліфікацыяй «юрыст» і прысвойваецца спецыяльнае званне «лейтэнант міліцыі».
— Якія спецыяльнасці можна атрымаць у названых установах адукацыі?
— У Акадэмію праводзіцца набор па спецыяльнасці «Правазнаўства» са спецыялізацыямі «аператыўна-вышуковая дзейнасць» і «адміністрацыйна-прававая дзейнасць», а таксама па спецыяльнасці «Эканамічнае права» са спецыялізацыяй «аператыўна-вышуковая дзейнасць».
У Магілёўскім інстытуце атрымліваюць спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці», «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі» і «Правазнаўства» (спецыялізацыя «адміністрацыйна-прававая дзейнасць»).
Дзяўчаты могуць паступаць у Магілёўскі інстытут МУС па спецыяльнасці «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі».
— Тэсціраванне па якіх прадметах трэба здаваць, каб паступіць у ВНУ МУС?
— Пры паступленні абітурыенты здаюць тры ўступныя экзамены ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай або рускай (на выбар абітурыента) мове, замежнай мове і грамадазнаўстве.
— Аляксей Мікалаевіч, назавіце прывілеі службы ў органах унутраных спраў?
— Нягледзячы на складанасць службы ў міліцыі, тут ёсць і свае перавагі. Супрацоўнікам гарантаваныя размеркаванне, абмундзіраванне, стабільная заработная плата, медыцынскае забеспячэнне ў медустановах Міністэрства ўнутраных спраў супрацоўнікаў і членаў сям’і. Адпачынак супрацоўнікаў міліцыі, у залежнасці ад выслугі, складае ад 30 да 45 дзён. Па дасягненні 48 гадоў, а таксама пасля 20 гадоў службы (у гэты тэрмін уваходзіць і вучоба ў Акадэміі і Магілёўскім інстытуце) маецца права на атрыманне пенсіі.
— Калі ласка, дайце парады школьнікам другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, што жадаюць звязаць сваё жыццё з прафесіяй ахоўнікаў правапарадку?
— У нашай краіне ёсць ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, пасля якога ёсць шанцы паступіць ва ўстановы адукацыі МУС без уступных экзаменаў. У ліцэй прымаюцца непаўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім ужо споўнілася ці ў годзе паступлення споўніцца 12 гадоў і што завяршылі навучанне ў 6 класе на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Залічэнне ў ліцэй ажыццяўляецца па конкурсе на падставе ўступных экзаменаў і пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў да навучання ў ліцэі, пералік якіх зацвярджаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Прыём у 7 клас ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму. Прыём у 8, 9, 10 і 11 класы — пры наяўнасці свабодных месцаў.
Для атрымання дадатковай інфармацыі можна звяртацца на афіцыйныя сайты УУС Віцебскага аблвыканкама і ўстаноў адукацыі МУС, а таксама ў Лепельскі раённы аддзел унутраных спраў (вул. Войкава, 95) або па тэлефонах: 3-48-64, 8(029)818-52-63 (МТС).
Гутарыла Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.