Выбрала деревню и не жалеет

Пра ветэрынарнага фельчара сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазере” Ганну Сцепаненку пачуў ад спецыяліста па кадрах райсельгасхарчу Жанны Кажан.

— Дзяўчына не працуе і года, але ад кіраўніцтва прадпрыемства мае толькі падзякі.

Ганна Сцепаненка працуе на рабатызаваным комплексе ў Старым Лепелі, там яе і сустрэў. Першае, што мяне здзівіла, гэта тое, што Ганна зяўляецца грамадзянкай Расіі.

Жанчына нарадзілася і вырасла ў гарадку Невель Пскоўскай вобласці, амаль на самай мяжы з Беларуссю. Яе бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы: тата, Андрэй Аляксандравіч, — трактарыст мясцовай гаспадаркі, а мама, Алена Барысаўна, там жа працуе кухарам. Дзяўчына змалку ведае, што такое праца ў вёсцы, і выбар сваёй прафесіі яна зрабіла свядома. Вось як яна распавядае:

— Мне з дзяцінства падабалася даглядаць жывёлу, клапаціцца пра яе, карміць. У старэйшых класах стала схіляцца да выбару прафесіі ветэрынара. Я шмат разоў наведвала розныя фермы, таму дакладна ведала, з чым давядзецца сутыкнуцца.

— У якую навучальную ўстанову вы паступілі?

— У нашай акрузе няма навучальных устаноў, дзе магчыма было б атрымаць ветэрынарную адукацыю, таму звярнула ўвагу на Лужаснянскі аграрны каледж, тым больш, што Лужасна знаходзіцца бліжэй да Невеля, чым Пскоў. Я з лёгкасцю паступіла, атрымала кваліфікацыю ветфельчара. Дарэчы, нядаўна я паступіла на завочнае навучанне ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, збіраюся атрымаць спецыяльнасць ветурача. Так што прафесія ветфельчара для мяне — першая прыступка.

У СВФ “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Ганна трапіла ўпершыню для праходжання вытворчай практыкі. Дзяўчыне спадабаліся гаспадарка, калектыў, падыходы да працы, таму, заканчваючы ўстанову, пажадала ўладкавацца сюды на пастаянную працу. Ёй пайшлі насустрач.

— Я неаднаразова чуў, што спецыяліст, нават у галіне сельскай гаспадаркі, у Расіі мае заробак большы, чым яго калега ў Беларусі. Тым больш, працуючы на малой радзіме, вы былі б бліжэй да бацькоў, маглі б карыстацца іх дапамогай. Што вас падштурхнула выбраць Беларусь, СВФ “Заазере”?

— Я не баюся пакінуць бацькоўскі дом. Тым больш няма праблем прыехаць з Лепеля ў Невель, яшчэ лягчэй патэлефанаваць і пагаварыць. У мяне была магчымасць уладкавацца на працу ў Расію. Вялікалуцкі мясакамбінат зяўляецца холдынгам, дзе працуюць некалькі дзясяткаў свінакомплексаў і фермаў. Вядома, ветэрынары там патрэбны. Аднак мне яшчэ ў час праходжання практыкі спадабаўся СВФ “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Заробку мне хапае, на рукі атрымліваю каля 720-750 рублёў. Як толькі я ўладкавалася сюды на пастаянную працу, гаспадаркай мне было прадастаўлена жыллё — добраўпарадкаваны дом у аграгарадку Стаі з газавым ацяпленнем. Так што жыллёва-бытавыя ўмовы мяне цалкам задавальняюць.

Ветфельчар Ганна Семяновіч адказвае за медыцынскае абслугоўванне жывёлы на старалепельскім комплексе, але пры патрэбе яе выклікаюць на іншыя фермы. Здараюцца і начныя выклікі, тады за спецыялістам пасылаюць машыну.

— Адукацыя ў навучальнай установе, вядома, мае вялікае значэнне, але фарміраваннем спецыялістаў займаюцца настаўнікі ў прафесіі, якія разам з ведамі і навыкамі перадаюць маладым спецыялістам яшчэ і традыцыі, падыходы да справы. Хто быў вашым настаўнікам у прафесіі?

— І раней, і ў цяперашні час маёй мудрай дарадчыцай зяўляецца Ірына Пыхціна. Яна працуе ўжо 8 гадоў, мае багаты досвед. У Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме даюць добрую адукацыю, але ў час работы патрэбна навучыцца яшчэ шмат чаму. Напрыклад, гэта складанне і вядзенне дакументацыі, у навучальнай установе гэтаму ўдзялялі мала ўвагі.

— Існуе ўстойлівае перакананне, што ветэрынарам лепей працаваць у горадзе. Нагрузка значна меншая, а заробак большы. Не задумваліся над гэтым?

— Шчыра скажу, задумвалася, але ўсё роўна аддаю перавагу ферме. Сельскагаспадарчая жывёла для мне бліжэй, хоць хатняя мне таксама падабаецца. Я з дзяцінства ведала, што такое праца на ферме, таму свой выбар зрабіла свядома.

У ветфельчара на комплексе заўсёды працы хапае: трэба агледзець кароў, цялят, выявіць хворых, паставіць ім дыягназ і разам з ветурачом прызначыць курс лячэння. Каровы, як і людзі, у асноўным хварэюць на прастуду, масціт, нярэдка ўзнікаюць і гінекалагічныя захворванні, праблемы з капытамі. Ветфельчар заўсёды цяжка перажывае сітуацыі, калі карову даводзілася лячыць працяглы час, але ўсе намаганні не далі плёну, і жывёлу трэба было выбракоўваць.

Разам мы выйшлі ў хлеў. Каровы павярнулі галовы ў наш бок, замыкалі. А любіміца ветурача па мянушцы Чарадзейка пацягнулася носам. Было бачна, што дзяўчына любіць жывёлу, а яна адказвае ёй узаемнасцю.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: ветфельчар Ганна Сцепаненка з каровай Чарадзейкай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.