Выпил, сел за руль …

1518115030_333Сяргей К. 1988 года нараджэння пражывае ў Лепелі па вуліцы Калініна. Неблагі чалавек, па месцы пражывання характарызуецца станоўча, аднак за дзесяць дзён паспеў два разы парушыць закон, пра што цяпер, напэўна, горка шкадуе…
Першы раз Сяргей патрапіў у поле зроку праваахоўных органаў 19 снежня. Вечарам таго ж дня інспектары АДАІ РАУС былі выкліканы на разбор дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося на вуліцы Калініна непадалёк ад дома, дзе пражывае лепяльчанін. Праверка ўдзельнікаў ДТЗ на наяўнасць у іх алкагольнага або наркатычнага ап’янення — звычайная працэдура. Яна і паказала, што Сяргей К. у гэты вечар выпіваў, пасля чаго і сеў за руль. Пастановай начальніка АДАІ РАУС ад 26 снежня мужчына быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь, што складае 1275 рублёў, а таксама яму забаронена кіраваць усімі відамі транспартных сродкаў на тры гады.
Аднак урок Сяргею не пайшоў на карысць. Як потым мужчына распавядаў, вечарам 19 снежня быў у гасцях у сябра. Напэўна, прадчуванне хуткага надыходу Новага года адзначылі спіртным. Сябар жыве непадалёк, не было б вялікай праблемай пакінуць аўтамабіль у двары ды прайсці некалькі соцень метраў да сваёй кватэры. Аднак жа Сяргей вырашыў рызыкнуць. Верагодна, думаў: “Што тут ехаць з двара ў двор — міліцыі тут не можа быць!”.
Аднак, выязджаючы з паркоўкі, зачапіў легкавую машыну, што стаяла побач. Міма праходзіў незнаёмы мужчына, які западозрыў няладнае і выклікаў ДАІ.
Апытанне, пратакол, агляд у бальніцы на прадмет алкагольнага ап’янення — працэдура, знаёмая Сяргею. Тэст зноў паказаў знаходжанне ў нецвярозым стане.
На судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну прызнаў цалкам, не аспрэчваў ні дзеянняў інспектараў, ні вывадаў экспертыз.
Суд прыгаварыў Сяргея К. прызнаць вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 3171 Крымінальнага кодэкса — кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага пакарання за такое ж парушэнне. Мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на шэсць месяцаў, уплаты штрафу ў памеры 150 базавых велічынь, што складае 4050 рублёў. На гэты раз Сяргею К. вынесена забарона кіраваць усімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на пяць гадоў. А аўтамабіль “Rover 600”, на якім і было ўчынена правапарушэнне, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Выклікае непаразуменне адзін важны, на наш погляд, момант. З даўніх часоў вядомы прынцып: “Выпіў — за руль не сядай!”. На гэтую тэму выпушчана шмат плакатаў, відэаролікаў. Вядома, што на заканадаўчым узроўні вядзецца планамернае ўзмацненне адказнасці за п’янства за рулём. Прыводзіліся і матэматычныя падлікі, якія даказваюць, што паездка на грамадскім транспарце ці нават на таксі атрымаецца нашмат таннейшай, чым за рулём машыны ці трактара ў п’яным выглядзе.
Што ж падштурхоўвае людзей не баяцца і сядаць за руль? Смеласць? Адчуванне беспакаранасці? Дакладна даць адказ, напэўна, зараз не можа ніхто, нават самі аўтамабілісты, якія хоць аднойчы патрапілі ў падобную сітуацыю. Аднак усё роўна прыйдзецца несці адказнасць перад законам…
Дзмітрый ВАСЮК,
суддзя суда
Лепельскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.