Выпускны баль у цэнтры горада

283“Выпускны вечар-2014” на плошчы Свабоды Лепеля праводзіўся ў вячэрні час і ператварыўся ў сапраўднае свята не толькі для выпускнікоў школ і іх бацькоў, але і для ўсіх лепяльчан і гасцей нашага горада, якія прынялі ў ім удзел. З імправізаванай сцэны, зладкаванай ля ўвахода ў гарадскі Дом культуры, усцяж па наваколлі на працягу некалькіх гадзін разносіліся бадзёрая музыка і цудоўныя песні ў выкананні лепшых мясцовых эстрадных спевакоў, сярод якіх былі і самі выпускнікі. Асабліва запомнілася сольнае выступленне з песняй на англійскай мове выпускніцы-выдатніцы агульнай базавай адукацыі Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы Веранікі Маляўкі, якое было сустрэта авацыяй і воклічамі: “Брава!” Як сцвярджае народная мудрасць: “Калі чалавек таленавіты — ён таленавіты ва ўсім!” У гэтых адносінах можна прывесці і яшчэ адзін прыклад вучня-выдатніка Уладзіміра Лапёнка з гімназіі імя Івана Міхайлавіча Ерашова горада Лепеля, які сёлета закончыў адзінаццаць класаў з залатым медалём, атэстатам асобнага ўзору і дэманструе шырокі дыяпазон асабістых здольнасцей і захапленняў, за свае вершы на беларускай мове ў 2012 годзе быў прызнаны пераможцам у сваёй узроставай катэгорыі абласнога агляду-конкурсу паэзіі пад назвай “Калыска, мая Беларусь”, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З вялікай цікавасцю было ўспрынята ўшанаванне выпускнікоў–выдатнікаў. Залатыя медалі і атэстаты асобнага ўзору ім уручыў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, а пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай — начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама Валерый Быкаў.
Сардэчна павітаў выпускнікоў і іх бацькоў, настаўнікаў дырэктар Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі Сяргей Шыбека.282
Намеснік дырэктара гарадскога Дома культуры Таццяна Грыдзюшка, якая была вядучай на “Выпускным вечары-2014”, разнастайна і змястоўна прадстаўляла эстрадных выканаўцаў, займальна расказвала аб лепшых выпускніках 2013/2014 навучальнага года. У прыватнасці, яна адзначыла, што вучоба ў школе — гэта не толькі ўрокі і кантрольныя заняткі, але і агульныя цікавыя справы, актыўны ўдзел у культурным жыцці, разнастайных абласных і рэспублі­канскіх конкурсах. З юнацкім імпэтам выпускнікі ўключаліся ў барацьбу за першынство на злётах юных інспектараў дарожнага руху, конкурсах “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Горад майстроў”, “Лідар — новае пакаленне”, “Моладзь і дзеці ў гады другой сусветнай вайны” і многіх іншых. Хлопцы і дзяўчаты займаліся вакалам, харэаграфіяй, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, выяўленчым мастацтвам, наведвалі шматлікія гурткі і спартыўныя секцыі.
З наказам выпускнікам, канкрэтнымі парадамі ў іх доўгую жыццёвую дарогу выступіла настаўніца гімназіі Вольга Барадуліна.
Побач са сваімі дзецьмі ўсе школьныя гады былі і іх бацькі. Яны разам з імі спрабавалі вырашыць складаныя матэматычныя задачы і зразумець законы хіміі, шчыра радаваліся поспехам і са слязьмі на вачах сустракалі няўдачы. Зараз яны разам са сваімі дзецьмі з хваляваннем і надзеяй глядзяць у будучыню, каб загадзя прадвызначыць, што іх чакае напера­дзе. Слова ад бацькоў было прадастаўлена Анатолю Карпіцкаму.
І канечне ж, цікава было даведацца, што адчуваюць самі маладыя людзі ў гэты ўрачысты вечар, які падводзіць рысу пад іх бесклапотным школьным жыццём. Ад іх імя выказаўся выпускнік сярэдняй школы №3 горада Лепеля Вадзім Мядзве­дзеў.
Выпускнікі далі клятву сваёй краіне, роднай Лепельшчыне, усім дарагім ім людзям. Вось толькі некаторыя радкі: “Перад сваімі сябрамі, педагогамі, бацькамі ўрачыста клянуся: зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб наша Беларусь была мірнай, незалежнай і квітнеючай; заўсёды ганарыцца Лепельскай зямлёй, якая мяне вырасціла; ніколі не забываць аб родным доме і бацьках; быць сумленным і прынцыповым, гуманным і справядлівым, як вучылі мяне ў школе”.
Выпускны баль на плошчы Свабоды прадоўжыла сваімі бадзёрымі музычнымі рытмамі мала­дзёжная дыскатэка, якая завяршылася святочным салютам.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымках: на сцэне выпускнікі, узнагароджаныя залатымі медалямі і атэстатамі асобнага ўзору; амаль поўнасцю была запоўнена людзьмі плошча Леніна горада ў час урачыстага мерапрыемства “Выпускны вечар-2014”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.