Вырашчанае — убраць без страт

454Бульба сёлета на Лепельшчыне не вельмі ўрадзіла. Аб гэтым сцвярджаюць як уласнікі прыватных падворкаў, так і бульбаводы з сельгасарганізацый. Сёлета было пасаджана 175 гектараў бульбы. Па традыцыі найбольшыя плошчы пад другі хлеб адве­дзены ў ААТ “Чарэйшчына” — 120 гектараў. 35 га засаджана ў ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” і 20 га — у ААТ “Лядна”.
Ва ўсіх трох гаспадарках прыступілі да ўборкі бульбы. На пачатак тыдня было выкапана сем гектараў, з палёў вывезена 78 тон.
Сярэдняя ўраджайнасць складае 111 цэнтнераў з гектара, найлепшая — у “Чарэйшчыне” (133). Традыцыйна земляробы гэтай гаспадаркі лідзіруюць у бульбаводстве.
Ураджайнасць у ААТ “Лядна” пакуль што зусім слабая — 92 ц/га, летась мелі 108.
Выклікаюць недаўменні паказчыкі ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Там летась мелі 102 цэнтнеры з кожнага гектара бульбы, а ў першыя дні ўборкі сёлета яшчэ менш — 100 цэнтнераў. А гэтая ўстанова павінна быць лідарам у бульбаводстве, паказваць прыклад, бо менавіта там выпрабоўваюцца перадавыя тэхналогіі вырошчвання, выкарыстоўваецца самы якасны насенны матэрыял, які потым накіроў­ваецца ў гаспадаркі.
Турбуе тэхнічнае аснашчэнне бульбаводчых гаспадарак. Бульбасаджалкі, бульбакапалкі і бульба­ўборачныя камбайны ў пераважнай большасці эксплуатуюцца па пяць — сем і больш гадоў. Прычым выкарыстанне вя­дзецца даволі інтэнсіўна, часта пад канец сезона патрабуецца поўная замена транспарцёраў, падшыпнікаў, ланцугоў. Новая ж тэхніка ў гаспадаркі не паступала даўно. Таму сельгасарганізацыі вельмі разлічваюць на дапамогу гараджан, у першую чаргу навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа і дзяржпрафліцэя. Так, ААТ “Чарэйшчына” сёлета запрашае на свае бульбяныя палеткі па сто навучэнцаў з кожнай навучальнай установы. Для іх арганізаваны двух­зменны графік работы: да абеду і пасля абеду. Сартастанцыя таксама запрасіла 50 навучэнцаў каледжа, а “Лядна” пакуль што разлічвае на свае сілы, тым больш, што пасяўныя плошчы пад бульбай там самыя малыя.
Самае важнае пытанне — рэнтабельнасць вырошчвання культуры. Летась, па сведчаннях спецыялістаў, на бульбу быў даволі высокі попыт з боку аптовых пакупнікоў з Расіі, якія вывозілі прадукцыю фурамі. Даволі высокай і выгаднай была і цана.
Сёлета таксама назіраецца павышаная цікавасць да беларускага другога хлеба з боку расіян.
Да 50 працэнтаў ураджаю складаюць харчовыя таварныя клубні, за іх даюць самую высокую цану. Сярэднія клубні закладваюцца на насенне на будучы год, а дробныя можна здаць на крухмальныя прадпрыемствы, чым часткова кампенсаваць расходы на вырошчванне.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.