Хай дапаможа, хто колькі можа!

У нумары нашай газеты за 24 лістапада 2015 года быў надрукаваны артыкул пад назвай “Не пакінем у бядзе!” аб дзевяцігадовым хлопчыку Вані Смажэўскім, які 20 лютага трапіў пад колы аўтамашыны, атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Дзіця перанесла дзве аперацыі. У верасні Ваня праходзіў курс лячэння ў Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі “Аксакаўшчына”. Станоўчыя вынікі ёсць, аднак кардынальнага паляпшэння стану зда­роўя пакуль не назіраецца. Дапамагчы хлопчыку можна, калі накіраваць яго на лячэнне і нейрарэабілітацыю ў Славакію ў медыцынскі цэнтр “Адэлі”, адкуль ужо прыйшоў станоўчы адказ спецыялістаў-медыкаў, а таксама рахунак на лячэнне Вані на суму больш за 26 тысяч еўра.

— Калі мы збяром фінансавыя сродкі, зможам аблегчыць пакуты хлопчыка, вярнуць яго да нармальнага жыцця, — сказала лепяльчанка Галіна Макарава, якая з’яўляецца добраахвотным валанцёрам-каардынатарам дабрачыннай кампаніі па аказанні дапамогі малалетняй ахвяры дарожна-транспартнага здарэння. — Просьба адгукнуцца ўсіх нераўнадушных лю­дзей! Дабрачынныя рахункі па пералічэнні беларускіх рублёў, еўра, долараў і расійскіх рублёў адкрыты ў Цэнтры банкаўскіх паслуг №211 філіяла №214 ААТ АСБ “Беларусбанк” па адрасе: горад Лепель, вулі­ца Гагарына, 1. Інфармацыя аб гэтым актыўна распаўсюджваецца нашымі валанцёрамі ў выглядзе лістовак, звесткі аб іх маюцца ў інтэрнэце, былі надрукаваны ў раённай газеце “Лепельскі край” у нумары за 24 лістапада 2015 года.

— Калі рэальна пачалася дабрачынная кампанія?

— З дзявятага лістапада, калі былі адкрыты рахункі ў банку, электронны кашалёк у інтэрнэце, узніклі іншыя магчымасці па назапашванні грошай, якія з’яўляюцца абсалютна празрыстымі для праверкі і кантролю. Сабраныя сродкі накіроў­ваюцца адразу ў Славакію ў медыцынскі цэнтр “Адэлі” і ў прынцыпе не могуць быць выкарыстаны на іншыя мэты.

— Якая дынаміка паступлення грошай?

— З дзявятага лістапада па 14 снежня ўжо назапашана каля 16 тысяч еўра.

— Якія арганізацыі і асобныя людзі праяўляюць асаблівую актыўнасць пры зборы грошай?

— Такіх вельмі шмат. Шчырае ім дзякуй за гэта! Аднак не хацелася б пакуль нікога называць, а то кагосьці можна выпадкова прапусціць і гэтым пакрыўдзіць. Тым больш, што пакуль неабходная фінансавая сума не сабраная. Хаця вельмі прыемна, што з кожным новым днём назіраецца ўсё большы рост паступленняў грошай.

— Якія вынікі дабрачыннага канцэрта, што адбыўся ў раённым Доме культуры?

— Лепяльчане і жыхары раёна прынялі ў гэтай акцыі актыўны ўдзел. Дзякуючы толькі гэтаму дабрачыннаму мерапрыемству ўдалося дадаткова сабраць 20 мільёнаў 250 тысяч рублёў, якія ў бліжэйшыя дні будуць пералічаны на адпаведны рахунак у банку.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.