Харчовая бяспека краіны

images (1)Абавязковы дзяржаўны заказ вызначаны ў 3350 тон збожжа, з іх 2950 —для харчовай вытворчасці і 400 — піваварнага ячменю. Атрымліваецца, што ў лік дзяржзаказу накіроўваецца прыб­лізна дзясятая частка валавога намалоту.
У першыя дні жніўня сельгасарганізацыі раёна пачалі пастаўляць збожжа ў лік абавязковага дзяржаўнага заказу. Машыны, гружаныя збожжам, рушылі ад зернятокаў на прадпрыемствы хлебапрадуктаў.
Найбольшы аб’ём, 1350 тон, трапіў у засекі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. З гэтай колькасці 1250 тон складае харчовая пшаніца і 100 тон — харчовы ячмень. 1200 тон жыта прыняў Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў. З яго ў далейшым будзе выпякацца духмяны, традыцыйны чорны хлеб, без якога немагчыма ўявіць ні адзін абедзенны стол. Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў прыняў 300 тон пшаніцы і 100 тон харчовага ячменю.
Ячмень пераважная большасць чытачоў успрымае найперш як культуру фуражную, аднак менавіта з гэтай культуры вырабляецца, напрыклад, такі прадукт, як крупы сечка. Кашы з іх вызначаюцца каларыйнасцю і нават уключаюцца ў рацыёны салдатаў.
Піваварны ячмень закупляе спецыялізаванае прадпрыемства “Белсолад” з Мінска.
Самымі абавязковымі і пунктуальнымі ў выкананні дзяржзаказу сталі ААТ “Чарэйшчына”, КУВСГП “Лепельскае”, СВП “Пражэктар” і СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. Гэтыя прадпрыемствы аднымі з першых намалацілі зерне, высушылі яго да патрэбнай кандыцыі, здалі і паведамілі аб гэтым ў справаздачах.
Найбольш высокая цана была ўстаноўлена для харчовай пшаніцы — 2250 тысяч рублёў за тону. Па дзве тысячы рублёў за тону прымаўся піваварны ячмень. Цана ж на жыта была ўстаноўлена адна з самых нізкіх — 1161 тысяч рублёў за тону. Цэны ўказаны без уліку падатку на даданую вартасць.
Збожжам, якое атрымана звыш дзяржаўнага заказу, гаспадаркі маюць права распараджацца на свой погляд. Найперш, вядома, трэба засыпаць насенны фонд з абавязковым рэзервам. Неаднаразова менавіта рэзерв выручаў земляробаў, калі з-за капрызаў надвор’я гінулі пасевы, і даводзілася палеткі перасяваць нанова. Па-другое, частка зерня пой­дзе на фураж. Гэта самая вялікая доля, бо гаспадаркі Лепельшчыны ўзялі цвёрды курс на прыярытэт малочнай жывёлагадоўлі, для чаго найперш патрэбна трывалая, насычаная, збалансаваная кармавая база. Некаторую частку ўраджаю сельгасвытворцы могуць рэалізаваць па свабодных цэнах. Як правіла, яны ў пэўнай ступені перавышаюць цэны, устаноўленыя для аплаты дзяржзаказу.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.