Хатняя цеплыня

453Калі па вуліцы Будзённага падыходзіш бліжэй да гарадскога рынку, бачыш зграбненькі, прыгожанькі домік. Прыгожых дамоў, увогуле ж, у нашым гора­дзе шмат. Але гэты падкупляе… цеплынёю.
Што я маю на ўвазе? Разумееце, хатняя цеплыня — гэта не адсутнасць праблем з ацяпленнем. Хатняя цеплыня — штосьці жывое, тоес­нае з утульнасцю, чалавечнасцю, дабрынёю. Бо колькі ж бывае прасторных ды фешэнебельных святліц — халодных і чужых. Прыгожа ўсё, здаецца, капітальна выбудавана, а душа іх не ўспрымае. Тут якраз наадварот.
Домік абшыты сайдынгам, з сучаснымі вокнамі, дзвярыма, падве­дзена газавая труба, дворык заасфальтаваны, прыгожая агароджа — усё як мае быць. Але не гэта галоўнае. Цеплыні падворку, вядома ж, прыдаюць кветкі. Звычайна падворкі хаваюцца за шчыльнай агаро­джаю, і тады дворыкам, які б ён ні быў прыгожы, любуюцца адны гаспадары. Тут жа сядзіба як бы на схіле, а таму дворык з усім яго хараством добра відаць з вуліцы.
Лёгка адкрываецца брамка, ніякіх там засовак, зашчэпак, злых сабак і г.д. Гаспадароў, на жаль, дома не аказалася. Але вельмі ж захацелася з імі пазнаёміцца. У суседзяў дапытаўся іх тэлефон, дазваніўся, назваўся, папрасіў дазволу пафатаграфаваць. Гаспадыня Галіна Палонская была не супраць. І я з задавальненнем рушыў знаёміцца з сядзібаю Палонскіх, пакуль завочна, без гаспадароў. Аказалася, тое, што відаць з вуліцы, — усяго толькі “кветачкі”. Даруйце за каламбур, сапраўдная кветкавая аранжарэя хаваецца за хатаю. Пасля гаспадыня сціпла скажа, маўляў, ужо не тое, што летам было, пашэрхлае, запушчанае. Якое там! Кветкі, ужо восеньскія, па-ранейшаму радуюць першароднаю яркасцю. Асабліва стараюцца-гараць чырванню сальвіі.
Усё ў Палонскіх на падворку размеркавана літаральна да сантыметра. Летняя кухня — яшчэ адзін дэкаратыўны домік, проста твор мастацтва, зграбная невялічкая лазенька, два парнікі — для памідораў і перцу, — градкі з клубніцамі, невялікія, яшчэ маладыя яблынькі, на якіх яблыкі па кулаку. А прыгожыя! А крамяныя! Умеюць жа людзі жыць прыгожа, так прыгожа, каб кожная рэч і кожны невялікі элемент хатняга побыту прыносіў эстэтычнае задавальненне. На гарадской сядзібе вось жа створаны ўсе ўмовы для жыцця вясковага кшталту.442
У той час я нават і не падумаў, што на гэтым падворку жыве ўвогуле карэнная мінчанка.
Пазней мы пазнаёміліся. Гаспадар сядзібы Аляксандр Палонскі, лепяльчанін, прывёз жонку з Мінска.
— Мне так усё падабаецца, — казала Галіна Васільеўна, — прырода ваша, возера, лясы запаведныя, у якія мы ездзім з мужам за грыбамі ды за ягадамі. Вось і вырашыла застацца тут.
— А кветкі, агарод. Адкуль у вас, мінчанкі, цяга і любоў да гэтага? Кожную ж раслінку і кожную кветачку любіць трэба, каб яна хораша сябе адчувала і добра расла.
— Дык хіба ж я вёскі не ведаю? У маці заўсёды былі кветкі.
Сама Галіна па прафесіі будаўнік, але ў Лепелі пэўны час працавала бухгалтарам, пасля загадвала гаспадарчаю часткаю ў СШ №1. Мажліва, профіль яе працы адбіўся і на асабістых якасцях. Гаспадарлівасці Галіне не пазычаць. А калі ўлічыць, што на яе плечы выпаў апошнім часам і догляд хворай маці, то проста дзіву даешся, як адны рукі ўсюды паспявалі.
Галіна Васільеўна —пенсіянерка ўжо. На пенсіі і Аляксандр Дзмітрыевіч, але яшчэ працуе — на прадпрыемстве “Прэстыждрэў”. Фактычна сваімі рукамі вельмі старэнькі драўляны бацькоўскі домік Аляксандр ператварыў у казачны церамок з усімі гарадскімі выгодамі. Рамантуючы сядзібу капітальна, дзесьці, вядома, даводзі­лася і людзей на дапамогу клікаць, але асноўную частку працы Аляксандр выканаў сам.
— Рукі ў мужа залатыя, — кажа Галіна.
Яна ўспамінае, як капалі студню ды не маглі прабіцца праз суцэльны гліняны пласт і каменне. Затое цяпер аздобленая прыгожаю абшыўкаю студзенька і корміць, і поіць, бо і агарод пальеш, і бялізну памыеш, і ў лазеньцы папарышся. Вада, праве­дзеная ў хату, ёсць і гарачая, і халодная — усё па-гарадскому. Галіна робіць усялякія нарыхтоўкі на зіму — закатвае, соліць, сушыць, варыць.
Дзеці ўжо дарослыя, і Галіна з Аляксандрам жывуць удвух. Дакладней, утрох, бо як жа не палічыць членам сям’і іх любіміцу сабаку Жульку, якая ніколі не расстаецца са сваімі гаспадарамі. І па ягады з імі, і па грыбы, і на возера.
Уладзімір
МІХНО.
На здымках: Аляксандр і Галіна Палонскія; парадак на падворку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.