Хлопец з Лепельшчыны сачыняе музыку ў інтэрнэце

21 красавіка 038=0 Дзімка знешнасцю крыху нагадвае Мікалая Баскава… Ці то і сапраўды, ці толькі мне так здаецца. Пытаюся:

— Табе ніколі не казалі пра падабенства з чалавекам, якога называюць “залатым голасам” Расіі?

Паціскае плячыма, усміхаецца. Бачу, такое параўнанне Дзімку даспадобы.

— А сам спяваць не спрабаваў?

— Спрабаваў, аднак гэтым не замарочваўся, у мяне музычны слых лепшы, чым голас, а таму адчуваю, калі спяваю фальшыва.

— Навошта ж тады музычны слых, калі не спяваць? Ты музыкант хіба?

— Ну ёсць крышачку,— зноў сціпла ўсміхаецца Дзімка. Раблю музыку ў інтэрнэце.

Рабіць музыку ў інтэрнэце – занятак не толькі цікавы, але і дастаткова распаўсюджаны, можна сказаць, модны ў моладзевым асяродку. Людзі, якія гэтым займаюцца, не толькі ствараюць свае групы “Укантакце” ці ў іншых сацыяльных сетках, але і ў рэальным жыцці іграюць свае творы на сцэне, ствараюць музычныя ансамблі, выступаюць у мастацкай самадзейнасці, увесь час імкнуцца самаўдасканальвацца. Апошнім часам я сустрэў двух такіх “самадзейных кампазітараў”: у армейскай казарме – Антона Юргалава, у ліцэі – Валянціна Мірановіча. Дзіма Кліманскі са Слабадской СШ – трэці. Дарэчы, часцей такія людзі кантачаць між сабою, знаходзячы ў сацыяльных сетках блізкіх па духу і па захапленнях суразмоўцаў. Зрэшты, няхай Дзімка сам скажа…

— Раскажы, як робіцца падобная музыка?

— У інтэрнэце ёсць спецыяльныя праграмы. Выбіраеш інструмент. Я, напрыклад, выбраў гітару. Пішаш нотную партыю…

— Але ж для гэтага трэба мець хоць нейкую базавую музычную адукацыю?

— Безумоўна. Я закончыў музычную школу па класе баяна. Выбіраеш наступны інструмент, які будзе гучаць на фоне першага. Дапусцім, скрыпка. І так некалькі разоў, да дзесяці інструментаў. Далей самае цяжкае: кожны інструмент мае сваю прыватную характарыстыку. Трэба дабіцца гармоніі, скаардынаваць гэтыя прыватныя характарыстыкі.

— Ты спрабаваў данесці сваю музыку са сцэны?

— Пакуль што толькі віртуальным чынам. Калі сцэнаю можна назваць маю групу “Укантакце” “Six Teen Drop”.

— А як усё пачыналася?

— Слухаў любімую групу…

— Дарэчы, які музычны накірунак табе падабаецца?

— Постхардкор – цяжкая музыка з чыстым вакалам і прымессю рыка (рык — ад слова крык). Захацелася зрабіць, як у іх. Думаў, усё так проста. Аказалася, зусім не так. Пачаў шукаць падтрымкі. Пазнаёміўся “Укантакце” з адным чалавекам. Мацвей з Расіі, жыве ў Кіраве, вучыцца ў каледжы, яму прыкладна гадоў дзевятнаццаць. Зрэшты, тут узрост не мае значэння. Галоўнае, што з ім можна дзяліцца напрацоўкамі, бо ён умее слухаць і не проста дзеля ветлівасці стаўляць “лайкі”, а грунтоўна аналізаваць, падказваць, такіх мала.

— Марыш, на музыцы рабіць грошы?

— Як Мацвей кажа, трэба падрыхтавацца да таго, што заняткі музыкай грошы не прыносяць. Вядома, існуе такі шоу-бізнэс, аднак я разумею, што ніхто там мяне, звычайнага вясковага хлопца, не чакае.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: Дзмітрый Кліманскі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.