Хоць яшчэ каляндарная восень, зіма ўжо настойліва грукаецца ў дзверы

Хоць яшчэ каляндарная восень, зіма ўжо настойліва грукаецца ў дзверы. У апошнія дні разам з дажджом ідзе мокры снег, па начах здараюцца замаразкі. У час міжсезоння работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі даводзяць да канца справы па ўладкаванні цепласетак. Гэта датычыць і падключэння да ацяплення ад цэнтральнай гарадской кацельні дзіцячага сада №9, які знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага, а таксама іншых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, што знаходзяцца ў дадзеным мікрараёне горада.
У пачатку восені прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў арганізаваны тэндар па закупцы найбольш надзейных і якасных труб ізапрафлекс. Гэтыя трубы маюць дыяметр 133 міліметры, вельмі трывалыя на разрыў, зроблены са спецыяльнай пластмасы з рэсурсам гарантыйнага выкарыстання ў пяцьдзясят гадоў.
— Экскаватаршчыкі Уладзімір Баранавіцкі і Алег Лях вырылі траншэю даўжынёй 160 метраў ад будынка Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў праз вуліцу Валадарскага па накірунку да дзіцячага сада №9, — паведаміў майстар па цепласетках КУВП “Бароўка” Сяргей Белавусаў.
— Хто непасрэдна рабіў перападключэнне цепласетак?
— Мантаж і ўкладку труб цеплатрасы забяспечвалі слесары Аляксандр Аўдзееў, Аляксандр Пшонка, Сцяпан Салавей разам з электрагазазваршчыкам Дзмітрыем Салаўёвым.
Цяпер праводзяцца пуска-наладачныя работы, пасля завяршэння якіх забеспячэнне цяплом спажыўцоў будзе ажыццяўляцца ў штатным рэжыме.
Каб даведацца, для чаго праводзіцца падключэнне мікрараёна горада, размешчанага побач з гарадской лазняй, да ацяплення ад цэнтральнай гарадской кацельні, сустрэўся з намеснікам дырэктара па тэхнічных пытаннях КУВП “Бароўка” Дзмітрыем Стэльмахам.
— Зменена схема цеплазабеспячэння ў гэтым мікрараёне горада для змяншэння затрат, забеспячэння эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і паляпшэння якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, — паведаміў Дзмітрый Уладзіміравіч. — Дарэчы, згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй будаўніча-мантажныя работы на вуліцы Валадарскага мы павінны былі весці на працягу двух месяцаў, а фактычна справіліся за адзін месяц.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.