Хочу работать в милиции

1014— Сёлета я заканчваю ўніверсітэт і жадаю звязаць сваё далейшае жыццё са службай у міліцыі. Раскажыце, калі
ласка, падрабязней, які парадак прыёму і праходжання
службы ў органах унутраных спраў, — з такой просьбай звярнуўся на адрас рэдакцыі наш чытач Антон Міснік.

Кампетэнтны адказ мы атрымалі ў начальніка Лепельскага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Маслава, які адзначыў:
— Служба ў органах унутраных спраў з’яўляецца відам дзяржаўнай службы ў Рэспубліцы Беларусь, якая заключаецца ў выкананні задач па абароне жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных пасягальніцтваў.
На службу прымаюцца паўналетнія грамадзяне, не старэйшыя за 27 гадоў, якія прайшлі службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама маюць сярэднюю, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, здольныя па сваіх асабістых, маральных, дзелавых якасцях і стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў.
— Якія хлопцы маюць перавагу пры прыёме на службу ў міліцыі і ў якіх выпадках яны не маюць магчымасць служыць у органах унутраных спраў?
— Перавага аддаецца кандыдатам, якія маюць вышэйшую юрыдычную або тэхнічную адукацыю, спартыўныя разрады, а таксама вадзіцельскае пасведчанне катэгорый «В» і «С».
У цяперашні час у Лепельскім аддзеле Дэпартамента аховы вядзецца адбор кандыдатаў на пасады радавога і малодшага кіраўніцкага складу: міліцыянера-кіроўцы групы затрымання, міліцыянера групы затрымання, а таксама міліцыянера ўзвода міліцыі.
Грамадзяне не могуць быць прыняты на службу ў выпадках, калі раней імі былі ўчынены злачынствы, яны прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу. Маладыя людзі не прымаюцца на службу ў міліцыю таксама ў выпадку адмаўлення імі праходжання спецыяльнай праверкі або працэдуры афармлення допуску да дзяржаўных сакрэтаў, адмаўлення ад прадастаўлення спецыяльных дэкларацый аб даходах і маёмасці або наўмыснага ўнясення ў іх няпоўных ці несапраўдных звестак. Кандыдату будзе адмоўлена ў працаўладкаванні ў органах унутраных спраў пры наяўнасці пацверджанага заключэннем ваенна-ўрачэбнай камісіі захворвання або іншага проціпаказання, якія перашкаджаюць выкананню імі службовых абавязкаў.
— Вядома, што перад пачаткам службы ў органах унутраных спраў будучыя ахоўнікі правапарадку павінны прайсці спецыяльную падрыхтоўку…
— Так. Кандыдаты на службу ў міліцыі праходзяць першапачатковую падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры Дэпартамента аховы тэрмінам чатырнаццаць тыдняў.
Пасля праходжання падрыхтоўкі грамадзянін прызначаецца на пасаду і дапускаецца да самастойнага нясення службы.
Паміж асобай, якая паступае на службу ў органы ўнутраных спраў, і Міністэрствам унутраных спраў заключаецца кантракт аб службе на пяць год. Супрацоўнік абавязаны адслужыць указаны кантрактам тэрмін.
Грамадзянам, якія не маюць воінскіх званняў пры прыёме на службу на пасады радавога і малодшага кіраўніцкага складу, прысвойваюцца першыя спецыяльныя званні «радавы міліцыі». Асобам жа, якія маюць воінскія званні, у час прыёму на службу на пасады радавога і кіраўніцкага складу надаюцца першыя спецыяльныя званні, роўныя воінскім і спецыяльным званням, якія ўжо ёсць.
Супрацоўнікі, якія жадаюць працягваць сваё навучанне ў вышэйшых навучальных установах сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь, маюць такую магчымасць — ім прадастаўляецца сацыяльны водпуск з захаваннем грашовага заахвочвання.
— Безумоўна, служба ў органах унутраных спраў мае шэраг пераваг…
— Так. Усе супрацоўнікі своечасова забяспечваюцца форменным абмундзіраваннем і дадатковым водпускам за выслугу гадоў. Акрамя таго, яны маюць стабільную заработную плату, якая вылічваецца ад выслугі гадоў і месца службы, а па дасягненні ўзросту 48 гадоў і выслузе дваццаць гадоў службы (у гэты тэрмін уваходзяць служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і вучоба ва ўстановах адукацыі МУС) маецца права на пенсійнае забеспячэнне.
Супрацоўнікі маюць таксама права на атрыманне льготнага (у памеры пяць працэнтаў) крэдыту на будаўніцтва жылля пасля пяці гадоў службы. Таксама прадугледжана грашовая кампенсацыя за наём жылых памяшканняў прыватнага жыллёвага фонду.
Супрацоўнікам органаў унутраных спраў прадастаўляецца водпуск працягласцю трыццаць каляндарных дзён з яго наступным павелічэннем у залежнасці ад выслугі гадоў.
Адзін раз за каляндарны год ахоўніку правапарадку ажыццяўляецца аплата кошту праезду да месца правядзення асноўнага водпуску, сацыяльнага водпуску ў выпадку захворвання, канікулярнага водпуску і зваротнага шляху ў межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па нормах і ў парадку, устаноўленых Міністэрствам.
Дадатковую інфармацыю па пытаннях паступлення на службу магчыма атрымаць, звярнуўшыся па адрасе: г. Лепель, вул. К. Маркса, д. 35. Тэлефоны для даведак: (02132)4-45-16 або 8(029)814-16-16.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.