Ход канём

17 удзельнікаў сабраў навагодні турнір аматараў шахмат. Спаборніцтвы праводзіліся на базе раённага шахматна-шашачнага клуба. Першае месца заняў Міхаіл Цялятка, другое — Вінгер Багаутдзінаў, трэцяе — Васіль Шумко. Пераможца і прызёры — шматгадовыя ўдзельнікі шахматна-шашачнага клуба, рэгулярна выступаюць на розных спаборніцтвах.
На днях стартуе першынство раёна па шахматах, гульні праходзяць па кругавой сістэме.

МАЙСТРЫ  ТАТАМІ 

Першынство Віцебскай вобласці па дзюдо сабрала ў Полацку мацнейшых майстроў татамі з усіх райцэнтраў і спартыўных школ. Лепельшчыну прадстаўлялі сямёра выхаванцаў трэнера Галіны Паповай.
Лепшымі сталі Дзмітрый Грук у вагавой катэгорыі да 66 кілаграмаў, Уладзіслаў Пшонка — у катэгорыі да 60 кг і Кірыл Кузьмічонак — да 55 кг. Усе яны за час першынства правялі па чатыры — пяць баёў, ва ўсіх атрымалі перамогі. Па выніках абласных спаборніцтваў хлопцы залічаны ў зборную вобласці для ўдзелу ў адкрытым першынстве рэспублікі.
Неблагія шанцы на поспех мелі Рыгор Дубко і Ягор Пузанаў, якім зусім крыху не хапіла, каб заняць трэція месцы ў сваіх вагавых катэгорыях.

ЧЭМПІНЬЁНЫ  АДКРЫТАГА  ПЕРШЫНСТВА
У Крупках Мінскай вобласці прайшло адкрытае першынство горада па боксе, куды з’ехаліся майстры скураной пальчаткі амаль з усёй рэспублікі. Лепельшчыну прадстаўлялі чацвёра выхаванцаў трэнера Аляксандра Канавалава: Уладзіслаў Закрэўскі, Мікіта Кажэка, Жэня Маркоўскі, а таксама неаднаразовы пераможца міжнародных спаборніцтваў, майстар спорту Яўген Петухоў.
— Пасля службы ў арміі Жэня вярнуўся ў Лепель, уладкаваўся на працу, — расказвае Аляксандр Трафімавіч. — Апошнім часам ён, як і яшчэ некалькі маіх колішніх баксёраў, стаў часта наведваць спартыўную залу, каб проста ўзнавіць, падтрымаць фізічную форму. Гэта не можа не радаваць. Калі прыйшло запрашэнне на першынство, прапанаваў пабаксіраваць на вялікім рынгу і Жэню. Ён пагадзіўся.
Яўген спаборнічаў у вагавой катэгорыі да 69 кілаграмаў. У фінальным баі яго праціўнікам быў кандыдат у майстры спорту Аляксей Карповіч з Крупак. За яго плячыма — значны запас перамог (чэмпіён Мінскай вобласці, фіналіст рэспубліканскіх спаборніцтваў). Хаця і кажуць, што дома сцены дапамагаюць, але ўсё ж Жэня быў мацнейшы, паказаў бокс прыгожы, тэхнічны, так­тычна верна выстраіў бой, у выніку — заслужаная перамога па ачках і першае месца.
Жэня Маркоўскі выступаў у катэгорыі да 50 кілаграмаў, правёў некалькі баёў, у фінале баксіраваў супраць Алега Васько (таксама з Крупак). Бой быў прыблізна роўны, вагі пераважваліся то ў адзін бок, то ў другі. У выніку перамога па ачках засталася за Жэнем.
Да Мікіты Кажэкі, які выступаў у катэгорыі да 42 кілаграмаў, і Уладзіслава Закрэўскага (да 46 кг) спартыўная фартуна была не настолькі прыязная. Хлопцы былі спынены сваімі сапернікамі ў паўкроку ад вышэйшай прыступкі п’едэсталу гонару.
— Вельмі радуе, што наша моладзь займаецца спортам, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, — дзеліцца Аляксандр Канавалаў. — Асабліва ж хочацца падзякаваць арганізатарам спаборніцтва, кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама спонсарам — лепельскім прадпрымальнікам Сяргею Дзёмку, Сяргею Рагавенку, Васілю Халяўкіну і Мікалаю Лебедзеву. Без іх дапамогі ўдзел у першынстве для лепяльчан быў бы наўрад ці магчымы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.