Холода, осадки и озимые

Паводле інфармацыі з метэастанцыі, першая і другая дэкады студзеня адрозніваюцца ад паказчыкаў шматгадовых назіранняў як па тэмпературы, так і па колькасці ападкаў. Так, для першай дэкады характэрная тэмпература — мінус сем градусаў, аднак сёлета сярэдні паказчык спыніўся на адзнацы ў мінус адзінаццаць градусаў. Гэтаму ў немалой ступені паспрыялі амаль трыццаціградусныя маразы, якія стаялі з шостага па восьмага студзеня.
Другая дэкада, паводле шматгадовых назіранняў, павінна была б быць на адзін градус халадней — мінус восем. Аднак у цэлым тэмпература была мінус чатыры градусы.
Па колькасці ападкаў (13 міліметраў) першая дэкада аказалася блізкай да шматгадовай нормы (14 міліметраў). Норма для другой дэкады крыху ніжэйшая — 13 міліметраў, але яна сёлета была перакрытая ўдвая — 27 міліметраў. Гэтаму ў немалой ступені паспрыяла завея і снегапад, які абрынуўся на Лепельшчыну і ўсю Беларусь 13 і 14 студзеня.
Як жа падобнае надвор’е можа адбіцца на азімых пасевах? Пра гэта казаць пакуль што рана. У бліжэйшы час з палёў будуць узятыя маналіты, памешчаныя ў цёплыя памяшканні. Расліны павінны прарасці, тады можна будзе прыблізна ацаніць іх стан, з пэўнай доляй верагоднасці вызначыць працэнт выжывання.
Пакуль што можна адзначыць, што на 20 студзеня глыбіня прамярзання глебы на метэастанцыі склала 21 сантыметр, на палях, як паказвае шматгадовы вопыт, гэты паказчык можа быць значна глыбейшы, да 30 сантыметраў.
Тэмпература на глыбіні вузла кушчэння, трох сантыметраў, трымаецца на ўзроўні ад нуля да аднаго градуса марозу. Пад час маразоў шостага — восьмага студзеня тэрмометры ў глебе фіксавалі да двух градусаў марозу.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.