Хто гаспадарыць на творчым палігоне садоўніка Мікалая Калітухі з Лепеля?

Фота ад  20 чэрвеня 013Некалькі гадоў вазіўся Мікалай Калітуха з чарэшняй. Спрабаваў прышчэпліваць, рабіў самыя розныя эксперыменты, а ўсё марна. Шукаў прычыну, чаму чарэшня аказалася такой капрызнай. І толькі сёлета зразумеў, што прычына абсалютна банальная.

Вінаваты… птушкі, якія проста склёўваюць пасадачны матэрыял. У вялізным сваім садзе ў Мацюшынай Сцяне ён проста не мог гэтага заўважыць. Сам даўно ўжо жыве ў горадзе на Барысаўскім тракце. Бацькоўскі ж сад зарастае травою і паступова дзічэе.
А калі тут, на Барысаўскім, прадоўжыў сваё садоўніцтва, убачыў, што птушкі ператварылі яго творчы палігон у сваю кармушку. Галак, шпакоў ды іншых пярнатых — хоць гаць гаці.
Увогуле, костачкавыя (вішні, чарэшні) — самыя капрызныя да прышчэплівання дрэвы. Не тое, што яблыні, якіх у яго дваццаць два гатункі. Ці хоць бы сабе і грушы — дзесяць гатункаў. Усё, што бачыў Мікалай Кірылавіч вартага на рынку, усё сабе ў сад перацягнуў. Рука ў яго лёгкая, усё, што ні пасадзіць, прыжывае, усё, што ні прышчэплівае, прымаецца.
Эксперыментуе і з вінаградам, хаця лічыць гэта марнаю справаю ва ўмовах нашай паўночнай Віцебшчыны з яе непрадказальнымі зімамі. Вінаград — культура цеплалюбівая. Яе укрываць трэба, без гэтага можа ў любы момант загінуць. А вось памідоркі можна прышчэпліваць колькі заўгодна. Ён іх спеліць без парнікоў.
Саджанцы вырошчвае Мікалай даўно, кажа, што яшчэ з дзяцінства. Жыў у іх вёсцы адзін таленавіты чалавек, ад яго і пераняў Коля садоўніцкае майстэрства. А калі сам выйшаў на пенсію і паявілася шмат вольнага часу, заняўся гэтаю справаю ўшчыльную. Часам прадаваў саджанцы і меў сякі-такі даважак да пенсіі. Зараз ужо пастарэў і прышчэплівае дрэўцы для сябе, жывому заўсёды аб жывым думаецца.
* * *
Дзічэе бацькоўскі сад у Мацюшынай Сцяне…
— Бацька калі б убачыў, у труне перавярнуўся б, — скрушна ўздыхае Мікалай Кірылавіч.
Родная яго Мацюшына была вёскай дзяржаўнай. Пры цары яна пастаўляла рэкрутаў у войска. Калі ў сям’і было трое мужчын, то адзін з іх абавязкова павінен быў ісці ў рэкруты на доўгія-доўгія гады. Жылі ў вёсцы тры Калітухі — Мікіта, Ягор і Аверка. Жылі разам, зямлю не дзялілі. У Мікіты было сямёра дачок і сын. У Аверкі двое дзяцей — Кірыл і Сцяпан. Ягор жа пайшоў у рэкруты, так і не жаніўся, дзяцей не меў. Быў вельмі дужым мужыком і ні ў кога не верыў.
У Мікіты вельмі рана надарыўся рак. Апошнюю волю паміраючага дзядзькі выканаў Кірыл. Ён узваліў на свае плечы і зямлю, і гаспадарку, і выдаваў замуж дачок дзядзькавых. Стаў заможным чалавекам, за што, дарэчы, тут жа і паплаціўся.
Выбухнула рэвалюцыя, пачаліся пасля яе надзелы-перадзелы, а пасля — калектывізацыя. Урэшце Кірыл “загрымеў” як “вораг народу” на тры гады. Маці бегла за мужам, якога арыштавалі, гаравала, плакала, і тут жа ў полі нарадзіла Колю. Міколку было тры гады, калі бацька вярнуўся з турмы. Голад быў. Пераехалі жыць пад Оршу ў вёску Арошкі Клюкаўскага сельсавета. Бацька быў рукасты, рабіў палазы, сані, фурманкі. Там іх і застала вайна.
Бургамістрам у тых краях быў немец, які застаўся тут яшчэ з часін імперыялістычнай вайны. Ён добра ведаў усё мясцовае насельніцтва. Аднак ад рэпрэсій мясцовых уратавала тое, што пісарам у бургамістра працавала сувязная партызан, і ўся дакументацыя, якая вялася, урэшце знікла.
Ледзьве не пацярпела і сям’я Калітухі. У іх у хаце схаваўся партызан, які затым адабраў зброю ў немца, падпільнаваўшы, калі той пойдзе па патрэбе. За ствол — і шусь у кусты. Як яшчэ не забіў. Гэта, відаць, і выратавала сям’ю. Усіх паставілі да сценкі, але потым усё ж пашкадавалі, не кранулі…
Зброю не меў хіба што лянівы. Побач, за пятнаццаць кіламетраў мо з год стаяў фронт, і свой аўтамат быў у кожнага хлопца-падлетка.
Бацьку забралі на вайну апошнім прызывам. Пешшу дайшлі аж да Смаленска, а там трапілі ў акружэнне і ў палон. З палону Кірылу ўдалося ўцячы. Пасля вайны ён старшынстваваў у калгасе гады тры. Мікалай жа скончыў тры класы Мацюшынскай пачатковай школы, а затым падаўся ў Старалепельскую — адразу ў пяты. Пасля сямі паступіў у педвучылішча. Аднак не скончыў, забралі ў армію. Служыў радыстам у войсках асобага прызначэння. Быў высакакласным спецыялістам. Служыў у Белгарадзе, Адэсе, Чарнаўцах. Вярнуўся, закончыў педвучылішча, працаваў у пачатковых класах. А пасля — настаўнікам матэматыкі ў Зямцах, Сушы. Жыў у роднай Мацюшынай Сцяне. Ажаніўшыся, сам пабудаваў дом у Лепелі. Вялізны дом, прасторны. На жаль, зараз жыве ў ім адзін. Валянціна яго шэсць гадоў таму памерла. Дочкі жывуць далёка. Абедзве — з вышэйшай адукацыяй. Ірына — інжынер. У Мінску загадвае спектральным аддзелам на прыборабудаўнічым заводзе. Людміла — мікрабіёлаг, з’ехала ў Германію.
— Хоць бы ў якую іншую краіну, — скрушна ўздыхае бацька. — Набачыўся я гэтых немцаў у вайну…
У дзядулі трое ўнукаў. Дзве дзяўчынкі-школьніцы і хлопец ужо на чацвёртым курсе ў інстытуце, вучыцца на праграміста.
* * *
Мікалай Кірылавіч выйшаў нас праводзіць на ганак, завёў у сад, паказаў сваіх гадаванцаў, ажыў, дыхнуўшы свежага, хоць і спякотнага чэрвенькага паветра. Зайшоў за брамку і напрыканцы параіў:
— А хочаце грушы есці штогод — прышчэплівайце на адным дрэўцы па некалькі гатункаў.
Падумалася: у такога і на вярбе грушы вырастуць. Сад — яго жыццё…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Мікалай Калітуха.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.