Хто прыдумаў рэпетытараў?

Чаму вучаць у школе? Калі верыць старой-добрай песеньцы, то ў школе вучаць “Про глагол и про тире, и про дождик на дворе”. Калі верыць звычайнаму абывацелю, то ў сучаснай школе вучаць чаму заўгодна, толькі не даюць ведаў, неабходных для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праўда, шчыра кажучы, гэтыя дылетанты самі даволі далёкія ад школы і маюць даволі цьмянае ўяўленне пра сучасны навучальны працэс. Ну ды Бог з імі. Горш, што многія бацькі перакананы, нібыта ў школе не рыхтуюць да паступлення ў ВНУ, а калі і рыхтуюць, то выключна на платнай аснове. А гэта спараджае масавае рэпетытарства.

foto-k-mat.-po%d1%9enaj-garantye-nixto-ne-dascРэпетытарства — рэч цікавая. Для настаўнікаў, безумоўна, выгадная. Каму не хочацца хапнуць доларамі ў дзяцей, якіх у школе недавучылі? Для бацькоў — накладная. Аднак жа каму не хочацца, каб яго дзіця паступіла? Рэч, адным словам, цікавая, але ці такая ўжо неабходная?
Наўпрост пытаюся, ці праўда, што ў навучальнай установе рыхтуюць для паступлення ў ВНУ пераважна на платнай аснове? На маё “правакацыйнае” пытанне адказваюць сустрэчным: “Якім чынам можна на платнай аснове падрыхтаваць выпускнікоў да паступлення, калі ў нас на ўсе сярэднія і старэйшыя класы — з пятага па адзінаццаты — усяго… чатырнаццаць гадзін платных факультатываў у тыдзень — па матэматыцы і рускай мове?” І ў той жа час шэсцьдзясят дзве гадзіны адведзены на факультатыўныя заняткі ў 1 — 11 класах на бюджэтнай аснове. Пяцьдзясят дзевяць гадзін бясплатнага навучання ўсяго. У тым ліку чатырнаццаць — для падтрымліваючых заняткаў, астатнія — на стымулюючыя заняткі са здольнымі вучнямі. Дзеці бясплатна на павышаным узроўні вывучаюць у дзясятым-адзінаццатым класах матэматыку, фізіку, англійскую, рускую мовы, хімію, біялогію. Створаны так званыя мультыпрофільныя групы не меней як па восем чалавек для вывучэння гэтых прадметаў. Праўда, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што платныя заняткі даволі шырока практыкуюцца ў пачатковых класах. Аднак казаць пра тое, рыхтуюць там ці не рыхтуюць да паступлення ў ВНУ, проста смешна, бо гэта ж толькі пачатковыя класы.
Дык, можа, праблема ў іншым? Можа, бясплатныя факультатывы не зарыентаваны на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэставання?
Гутарым з настаўніцай рускай мовы Ірынай Пліско, якая вядзе бюджэтны факультатыў у адзінаццатым “Б” класе.
— Выкладаю рускую мову на базавым узроўні. У мяне ў класе дваццаць два чалавекі, — распавядае Ірына Эдуардаўна, — чацвёра з іх пры паступленні вырашылі здаваць беларускую мову, астатнія ж васямнаццаць выбралі рускую мову, ходзяць на факультатыў.
— Раскажыце пра змест факультатыўных заняткаў…
— Займаемся па тэме “Руская мова ў алгарытмах”. Задача — сістэматызаваць веды па ўсіх раздзелах мовы. Паколькі ў праграме адзінаццатага класа руская мова ўсяго адзін раз у тыдзень, то бясплатны факультатыў якраз і спрыяе падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставання.
— Існуе меркаванне, нібыта праграма школы не зусім адпавядае патрабаванням, якія вызначаюць змест цэнтралізаванага тэставання. Адсюль і неабходнасць рэпетытарства, маўляў, каб дацягнуць да ўзроўню.
— Не бяруся казаць за іншыя прадметы. Што да рускай мовы, то патрабаванні і школьнай праграмы, і зместу тэстаў цалкам супадаюць.
— А ці хапае часу на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэставання?
— Тых, хто хоча вучыцца, падрыхтаваць рэальна. Я заўсёды магу прааналізаваць, як тая ці іншая тэма выкладзена. У кабінеце створана так званае прадметна-развіццёвае асяроддзе — сабраны тэставыя заданні па ўсіх раздзелах рускай мовы. Магу прааналізаваць памылкі, прапанаваць заданні для падрыхтоўкі дома і г.д. Ёсць дзеці, здольныя да мовы. Напрыклад, у мяне на факультатыве больш за палову вучняў рашаюць тэсты на восемдзесят працэнтаў. І гэта, заўважце, толькі пачатак адзінаццатага класа. Вядома, ёсць і не вельмі здольныя. Аднак чамусьці ўсім бацькам хочацца, каб іх дзеці паступілі менавіта ў ВНУ.
— А вашы дзеці ходзяць да рэпетытараў?
— Не ведаю, ці ходзяць яны да рэпетытараў, не пыталася, але мяркуючы па тым, што яны не прапускаюць мае заняткі, то, пэўна, у маёй дапамозе патрэбу маюць. А на рэпетытараў па рускай мове ці застаецца ў іх час пры такім шчыльным раскладзе? Між іншым, у паралельным адзінаццатым “А” класе я вяду профільную групу з чатырнаццаці чалавек, якая займаецца на бясплатнай аснове аж тры гадзіны ў тыдзень, і гэтага часу дастаткова для якаснай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання.
— Калі ўсё так, як вы кажаце, то чаму тады працвітае рэпетытарства як з’ява?
— А таму і працвітае, што іншым бацькам здаецца, нібыта за долары — надзейней. Аднак гарантыі паступлення не можа даць ніхто: ні я, ні рэпетытар. Бо гэта жыццё. Існуе псіхалагічны момант, і нават тэхнічны, можна няправільна ці неахайна ўсё аформіць, ручка пацякла, скажам, ці машына не счытае правільна адказ на тэст. Я лічу, што ў нашых выпускнікоў ёсць усе магчымасці самастойна падрыхтавацца да тэставання, а не цягнуць грошы з бацькоў на рэпетытара. І гэта нават справа гонару маладога чалавека. У інтэрнэце ёсць сайт “Рэпетытар анлайн”. Заходзь і рабі ўсё, што трэба.
Вось так выглядае гэтая праблема ў гімназіі. Між іншым, мне тут зрабілі заўвагу, што я прыйшоў крыху не па адрасе, бо ў іншых, звычайных, школах, гадзін на бясплатныя факультатывы адводзіцца яшчэ болей.
Якія ж можна зрабіць высновы? Міф пра нібыта камерцыялізацыю навучання ў школе надта перабольшаны. А ў росквіце рэпетытарства вінаваты не толькі нядобрасумленныя настаўнікі (хаця не выключана, што ёсць і такія), якія нібыта толькі і чакаюць, каб пасля заняткаў давучваць сваіх жа дзяцей за долары. Правакуюць яшчэ і самі бацькі, гатовыя плаціць тыя долары хоць каму, абы іх дзіця паступіла. Па-першае, не кожнаму дадзена. А па-другое, як кажуць, даюць — бяры, б’юць — бяжы. Дык, нібы ў той рэкламе, навошта плаціць болей? А дакладней, навошта плаціць увогуле, калі ўсё роўна стапрацэнтнай гарантыі паступлення ніхто не можа даць.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.