Хутаране

569 За кіламетр ад вёскі Цярэшкі размяшчаўся раней хутар Дубы, дзе жылі некалькі сем’яў. Сярод іншых — Спірыдовічы.

Канстанцін Спірыдовіч шасцігадовым хлопчыкам асірацеў. Бацька Ягор захварэў і хутка памёр пасля таго, як на плячах прынёс жалезны плуг са Стай. Здарылася гэта ў 1910 годзе.  Акрамя Косціка на руках у Антолі засталося яшчэ трое дзяцей: Антон, Яніна і Міхаліна. Пазней Антоля выйшла другі раз замуж за Казлоўскага і нарадзіла яшчэ Вацюка і Анэлю.

Канстанцін ажаніўся ў пачатку трыццатых. Яго жонку Людмілу Варановіч, маладзейшую на дзесяць гадоў, усе звалі Людві­сяй. Дзяўчына была родам з Бешанковіцкага раёна. Яе сям’я жыла на хутары Сінічына, непадалек ад вёскі Валосавічы. Хлопец прывёз маладую жонку ў Дубы, дзе збудаваў хаціну і завёў уласную гаспадарку. У 1935 годзе нарадзілася Галіна. Праз два гады пабачыла свет яшчэ адна дачка — Эма.

 Калі пачалі ссяляць з хутароў, Спірыдовічы пераехалі ў Цярэшкі. Жылі бедна, як і астатнія вяскоўцы. Сцены ў хаце былі не паклееныя, з мэблі — доўгая драўляная лава ўздоўж сцяны, у куце стаяў стол. Спалі на  самаробных ложках.

Канстанцін працаваў у калгасе брыгадзірам. Перад самай вайной узначаліў гаспадарку. Ён не трапіў пад першую хвалю мабі­лізацыі па ўзросце. Падчас акупацыі актыўна дапамагаў партызанам. Трымаў сувязь з атрадам  Рыгора Лінькова “Баці”. Каб партызанам было бяспечна заходзіць у вёску, прыдумалі ўмоўны знак, які апавяшчаў, ці ёсць немцы ў Цярэшках. Калі на плот вывешвалі чорную анучу — ёсць, калі белую — няма. Неаднаразова партызаны начавалі ў Спірыдовічаў. На падлозе пасярод хаты насцілалі салому і адпачывалі.  Прымаючы партызан, можна было наклікаць на сябе вялікую бяду. Канстанцін падвяргаў небяспецы не толькі сябе, але і ўсю сям’ю.

У ліпені 1943 года Спірыдовічы сабралі няхітрыя пажыткі, прывязалі да возу карову і выехалі ў Лепель. Прытулак знайшлі ў Людвісінай маці,  хата якой размяшчалася каля цяперашняга гарадскога стадыёна. А неў­забаве фашысты спалілі Цярэшкі.

Некалькі месяцаў Спірыдовічы правялі ў лагеры, таму што былі ўраджэнцамі партызанскай вёскі. Вызваліўшыся, жылі на вуліцы Сянной.

У чэрвені сорак чацвёртага, калі фронт наблізіўся да Лепеля, Канстанцін на беразе ракі каля Забаення выкапаў бліндаж, у якім схаваў сям’ю. Зямля калацілася ад блізкіх выбухаў, ад свісту куль і снарадаў над галавой рабілася страшна. Аднак пашчасціла ацалець. Калі ўсё сціхла, вярнуліся ў горад.

У хуткім часе Канстанціна забралі на фронт. Цяпер ужо ўзрост пад увагу не бралі. Вярнуўся дадому ў жніўні 1945 года.  Прапанавалі пасаду старшыні калгаса ў Забаенні. Вымушаны быў адмовіцца, бо меў намер вярнуцца ў Цярэшкі. У  адноўленым калгасе ў роднай вёсцы Канстанцін Ягоравіч  заняў пасаду старшыні. Сям’я жыла ў зямлянцы. Пакрысе аднаўлялі калгасную маёмасць і будавалі жыллё. У  1948 годзе справілі наваселле.

Зімою гэтага ж года адбылася запамінальная сустрэча з партызанскім камандзірам Рыгорам Ліньковым. “Баця” наведаў мясціны, у якіх партызаніў у пачатку вайны. Дзякаваў лю­дзям, што яму дапамагалі. Адным з такіх быў Канстанцін Спірыдовіч.

Пасля вайны Людвіся нара­дзіла яшчэ Алега і Косцю.

Канстанцін Ягоравіч працаваў у калгасе, пакуль яго землі не ўключылі ў склад запаведніка. Затым працягнуў працоўную дзейнасць у Цярэшкінскім лясніцтве рабочым.

Памёр у 1977 годзе. Праз дзевяць гадоў не стала і Людвісі. Пахаваны яны на могілках у Лепелі. Дзеці Галя, Алег і Канстанцін  жывуць у Лепелі. Толькі адна Эма яшчэ ў маладосці з’ехала шукаць шчасця ў няблізкі свет. Зараз жыве ва Украіне.

Канстанцін Спірыдовіч-малодшы стаў мастаком-афарміцелем. У вольную хвіліну маляваў карціны, на якіх адлюстроў­ваў знаёмыя з маленства краявіды. На адной з яго работ  — родная вёсачка. Гэтая  карціна ў яго хатняй калекцыі займае пачэснае месца, бо абуджае ўспаміны аб тых Цярэшках, якіх ужо ніколі не будзе.

Валерый ТУХТА.

 На здымку: Канстанцін і Людміла Спірыдовічы з дочкамі  Галяй і Эмай (1930-я гады).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.