Хваля жорсткасці ля “Хвалі”

Людзям, якія прафесійна займаюцца спортам, маюць выдатную фізічную загартоўку, вельмі важна кантраляваць свае паводзіны, памятаць аб тым, што бойка, якая часта ўзнікае ў час спрэчкі, для іншых заканчваецца трагічна.
Восьмага лістапада мінулага года ля рэстарана “Хваля” грамадзянін, які па жыцці займаўся спортам, учыніў бойку. У выніку двое чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні, адзін — загінуў…
…Сяргей Смірноў (імя і прозвішча зменены па этычных меркаваннях) працаваў майстрам па добраўпарадкаванні УП “ЖКГ” г.Чашнікі, захапляўся спортам і не адзін год абараняў гонар раёна ў спаборніцтвах па футболе. Менавіта ён быў лепшым гульцом каманды. Выдатна сыграў і ў складзе зборнай каманды ў фінале чэмпіянату Віцебскай вобласці. Паядынак паміж камандамі Лепеля і Сянно скончыўся з лікам 2:1. Прайграла каманда Лепеля, але адзіны гол змог забіць менавіта С.Смірноў. Сваё выступленне футбалісты вырашылі адзначыць у кафэ “Хваля”. Адпачывалі, весяліліся… Раптам у аднаго з чашніцкіх гасцей узнікла спрэчка з лепяльчанінам, які адпачываў непадалёк. Мужчыны вырашылі разабрацца і выйшлі на вуліцу. Сяргей Смірноў пайшоў разам з імі.
У час канфлікту Сяргей нанёс лепяльчаніну некалькі цялесных пашкоджанняў, ад чаго той упаў. Малады ваеннаслужачы, які ў той жа вечар адпачываў у кафэ, вырашыў супакоіць раз’юшанага спартсмена. Той жа пабіў і яго. Ад нанесеных ударыў мужчына ўпаў на зямлю. Гнеў Смірнова аказаўся нястрымны. Праходзячы ля кампаніі маладых людзей, што стаялі непадалёк, ён ударыў яшчэ аднаго чалавека, які наогул не меў ніякага дачынення да спрэчкі.
Разам са сваім сябрам С.Смірноў вярнуўся ў залу кафэ. У сваёй кампаніі мужчыны зноў выпілі і паехалі дадому. Лепяльчанін, якога першым ударыў С.Смірноў, атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, таму пасля аказання медыцынскай дапамогі стаў адчуваць сябе лепш. А вось ваеннаслужачы пасля нанесеных траўмаў быў дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу, затым — у ваенны шпіталь у Мінску, дзе і памёр. У трэцяга ж мужчыны, што пацярпеў ад удараў С.Смірнова, былі зламана сківіца, пашкоджана барабанная перапонка і ў выніку адбыўся ўшыб галаўнога мозга. Мужчыне давялося праходзіць працяглы курс лячэння.
Ступень алкагольнага ап’янення С.Смірнова была невялікай. Да таго ж мужчына вёў здаровы лад жыцця, меў добрую характарыстыку па месцы працы. Ніхто з яго блізкіх нават не мог уявіць, што яму прыйдзецца несці адказнасць перад законам.
Пры дапамозе камер відэаназірання, якія ўстаноўлены на будынку гарадской лазні, насупраць рэстарана “Хваля”, удалося дакладна прасачыць гісторыю здарэння. Гэтыя эпізоды і былі выкарыстаны ў час следства. Судом Лепельскага раёна С.Смірноў прыгавораны да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Шэраг неабдуманых учынкаў пакалечыў лёсы некалькіх людзей. Бацькі ваеннаслужачага, які спрабаваў спыніць бойку, страцілі адзінага сына. Сям’я асуджанага надоўга засталася без мужа і бацькі — маладая жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці… Аднак кошт загубленага жыцця, душэўных ран нашмат большы за недарэчныя спрэчкі, якія ўзніклі літаральна на пустым месцы.
Асуджанаму прыйдзецца несці пакаранне працяглы час. Сваю добрую фізічную загартоўку мужчына выкарыстаў зусім не з той мэтай. Нагода задумацца і зрабіць пэўныя высновы аматарам учыняць бойкі ў грамадскім месцы.
Тофік ДЗЯМЕШКА,
начальнік Лепельскага
раённага аддзела Следчага камітэта
Рэспублікі Беларусь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.