«Я, гражданин Республики Беларусь, торжественно клянусь …»

img_5833 У мінулую суботу сотні маладых прызыўнікоў ваенных часцей рэспублікі прысягнулі на вернасць Радзіме. Прагучалі словы ўрачыстай клятвы і з вуснаў 41 салдата, якія пачалі тэрміновую службу ў 231-й артылерыйскай брыгадзе, 3609-м артылерыйскім складзе боепрыпасаў і 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёне, якія дыслакуюцца ў вёсцы Бароўка. На мерапрыемства па традыцыі прыехалі сотні родных і сяброў маладых салдатаў.     У прызначаны час пад акорды вайсковага маршу быў вынесены Баявы сцяг 231-й брыгады. Камандзір вайсковай часці палкоўнік Аляксей Хахлоў загадаў:     — Да прыняцця ваеннай прысягі прыступіць!     Адзін за адным хлопцы падыходзяць да стала, бяруць папку з тэкстам чытаюць радкі: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся…” Засяроджаныя твары, цвёрдыя галасы — ва ўсім адчуваецца важнасць і ўрачыстасць моманту.     Рытуал завершаны. Бацькі і родныя атрымалі дзесяць хвілін, каб павіншаваць маладых салдатаў і абняць іх. Гэтыя дзесяць хвілін — самыя шчырыя і шчымлівыя. Цесныя абдымкі, пацалункі, брацкія пацісканні рук, віншаванні…     — Ой сынок, як ты падрос!     — Ну брат, мы цябе і не адразу пазналі ў страі!     — Як табе служыцца? Пакажы сваіх новых сяброў…     Дзясяткі пытанняў гучаць у адрас маладых салдатаў з усіх бакоў. Адначасова родныя фатаграфуюць іх на камеры і мабільныя тэлефоны.     — А калі я прысягу прымаў, нас здымаў фатограф за аплату, мы потым у яго здымкі набывалі. Памятаеш, яны ляжаць у нашым альбоме, — кажа мужчына, які, мяркуючы па знешнім выглядзе, служыў яшчэ ў Савецкай арміі.     Пасля ўрачыстага марша салдаты накіраваліся здаваць зброю і атрымліваць дакументы для кароткатэрміновага звальнення. Іх жа родныя ў гэты час атрымалі магчымасць прайсці па тэрыторыі часці і паглядзець, дзе будуць служыць іх сыны і браты.     Менавіта ў гэты час і адбылася наша размова з памочнікам Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Ўзброеных Сілах — начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёрам Леанідам Касінскім, які прыехаў на ўрачыстае прыняцце прысягі:     — Леанід Віктаравіч, па стужках навін апошнім часам прайшла інфармацыя пра тое, што беларуская армія разглядае пытанне аб наладжванні больш цеснага супрацоўніцтва з арміямі краін NATO. Наколькі, на ваш погляд, магчымы такі варыянт развіцця падзей?     — У першую чаргу зазначу, што Беларусь — суверэнная, незалежная дзяржава, таму пры вырашэнні тых ці іншых пытанняў заўсёды зыходзіць са сваіх нацыянальных інтарэсаў. Па-другое, у нашых інтарэсах — наладжванне сталых добрасуседскіх сувязяў з усімі краінамі. У нас ёсць суседзі на захадзе, на ўсходзе, і з усімі мы імкнёмся наладжваць нармальныя, добрасуседскія адносіны. Таму ўзаемадзеянне па некаторых пытаннях, у тым ліку і з NATO, мы і зараз ажыццяўляем. Запрашаем назіральнікаў на нашы вучэнні. Нас таксама запрашаюць, хоць і не так часта. Каманда ад сіл спецаперацый Беларусі неаднойчы ўдзельнічала ў ваенных спаборніцтвах у Англіі, заўсёды займала прызавыя месцы, нават перамагала. Самая ж галоўная задача беларускай арміі на сённяшні дзень — быць настолькі моцнай і баяздольнай, каб у любога патэнцыйнага агрэсара не ўзнікла нават і думкі  пра нападзенне на нас.     Як паведамілі карэспандэнту, амаль усе прызыўнікі будуць працягваць далейшую службу ў воінскіх часцях у вёсцы Бароўка. Адзінкі з іх будуць накіраваны ў вучэбкі. Спецыфіка службы артылерыстаў і ваенных археолагаў заключаецца ў тым, што многім іх спецыяльнасцям можна навучыцца толькі ў часці, займаючыся непасрэдна ў вучэбных класах і на баявой тэхніцы.     Чацвёра маладых салдатаў, жыхары бліжэйшых вёсак, выказалі жаданне адразу заключыць кантракты і праходзіць кантрактную службу. Гэта ў далейшым можа стаць іх жыццёвым выбарам.     Праз паўгадзіны пасля завяршэння мерапрыемства і здачы зброі маладыя салдаты разам са сваімі роднымі і блізкімі ўжо спяшаліся да КПП у сваё першае кароткатэрміновае звальненне.

img_5886

 

Васіль МАТЫРКА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.