Яблочный аромат детства

img_0921 Працоўная чвэрць працягваецца ў Старалядненскай базавай школе. Напрыклад, на момант прыезду карэспандэнта дзеці разам з настаўніцай Наталляй Сініцай збіралі яблыкі. Наталля Уладзіміраўна на працягу навучальнага года выкладае ў сярэдніх класах матэматыку і фізіку.

Старалядненская школа на існуючым месцы збудаваная адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Будаўнікі ўзвялі высокія, светлыя класы. Дзесяць гадоў таму ў рамках мадэрнізацыі Старога Лядна, будаўніцтва аграгарадка быў зроблены капітальны рамонт. На вялікім прышкольным участку быў закладзены яблыневы сад. Дзеці летам і восенню ласуюцца яблыкамі, салодкімі і кіславатымі, раннімі і познімі, антонаўкамі, ананасамі і іншых сартоў.
img_0920Расказвае настаўнік фізкультуры Уладзімір Аркадзьевіч Цімашкоў:
— Па маіх назіраннях, дзеці і яблыкі — неразлучнае спалучэнне. На перапынках, нават пад час заняткаў на спартыўнай пляцоўцы, яна размешчана побач з садам, школьнікі паспяваюць забегчы, набраць смачных яблыкаў. Жывыя вітаміны, можна сказаць, атрымліваюць прама пад час навучальнага працэсу.
Зараз за пару гадзін працы сабралі больш за пяць мяхоў духмяных яблыкаў. З кладоўкі, дзе яны былі састаўлены, даносіўся знаёмы і разам з тым неперадавальны водар. У далейшым яны будуць падзелены на дзве часткі. Адзін мех будзе дастаўлены ў школьную сталоўку. Там з некалькіх кілаграмаў звараць смачныя кампоты, астатняе — замарозяць.
— Яблыкі мыюцца, разразаюцца на долькі, раскладаюцца па пакетах, пакет — якраз на адну закладку ў кампот. Укладаецца паперка, калі яблыкі былі сабраныя, і так замарожваюцца. Зберагаюцца ўсе вітаміны і іншыя карысныя рэчывы, — апісвае працэс дырэктар Старалядненскай школы Эльвіра Рыгораўна Сазонава.
Большая частка яблычнага ўраджаю будзе рэалізавана. На школьным аўтобусе, які штодня ездзіць у горад, яблыкі спадарожна дастаўляюць у нарыхтоўчы пункт раённага спажывецкага таварыства, што на вуліцы Чуйкова. Хай сабе грошы і не надта вялікія, але ўсё ж якая-ніякая падтрымка.
— Напрыклад, за грошы ад рэалізацыі яблыкаў мы набываем бензін, — прыводзіць аргумент Эльвіра Рыгораўна. — Маем бензакасу, якой абкошваем прышкольную тэрыторыю. А яна вялікая. Каб яе адзін раз абкасіць, расходуецца дзесяць літраў, плюс машыннае масла. Траву ж на працягу трох месяцаў, з мая па ліпень, абкошвалі чатыры разы.
Акрамя яблыкаў замарожваецца гародніна, напрыклад, морква. Дзякуючы такому спосабу ў ёй максімальна захоўваюцца неабходныя пажыўныя і карысныя рэчывы, вітаміны.
Свой агарод Старалядненская школа мае з самага пачатку працы. Больш за дзесяць гадоў таму быў асвоены новы напрамак працы — вырошчванне расады кветак на продаж. Школа рэалізуе прадукцыю камунальнікам для азелянення тэрыторый.
— Вырасла на градках расада, мы сабралі яе, камунальнікі вывезлі. А што далей? — расказвае дырэктар. – Пакінуць зямлю так — зарасце пустазеллем, потым цяжка будзе ад яго пазбавіцца. Таму і засадзілі гароднінай. Зараз на былых клумбах за будынкам школы буяюць гарох, боб, морква і іншая гародніна. І дзеці, дарэчы, з ахвотай там працуюць. З лепшых працаўнікоў, нашых надзейных памочнікаў, магу адзначыць дзевяцікласнікаў Арцёма Смажэўскага, Арцёма Салімава, Мікіту Сімановіча, васьмікласніка Антона Смажэўскага.
Дзеці ў школе працуюць па чатыры гадзіны на дзень, з восьмай да адзінаццатай. Графік праходжання працоўнай практыкі складзены такім чынам, каб у школу прыходзілі каля дзесяці школьнікаў. У дадатак — з 6 па 25 жніўня працуе летнік. Папрацавалі, паабедалі, а там можна і пагуляць.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: яблычны водар дзяцінства.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.