Як можна папоўніць сямейны бюджэт

566 Раённае спажывецкае таварыства мае ў Лепелі тры пункты прыёму сельгаспрадуктаў і разнастайнай сыравіны: на гарадскім рынку, вуліцах Чуйкова і Савецкая. Нарыхтоўшчыкам у пункце прыёму на рынку працуе Галіна Гарбук. У час нашага наведвання Галіна Валяр’янаўна прымала макулатуру ад лепяльчаніна Аляксея Ламача і яго жонкі Таццяны.

— Больш за 40 кілаграмаў макулатуры сабрала наша дачка Ангеліна, якая вучыцца ў сярэдняй школе №3 горада Лепеля, — адзначыў Аляксей Анатольевіч.
— Макулатура — каштоўная сыравіна для паўторнай прамысловай перапрацоўкі, — уключылася ў размову нарыхтоўшчык Галіна Гарбук. — Плацім у разліку 800 рублёў за адзін кілаграм. У горадзе налічваецца шмат актыўных здатчыкаў макулатуры, якія дзякуючы гэтаму значна папаўняюць свой сямейны бюджэт. Напрыклад, пенсіянерка Кацярына Маляўка сёлета ўжо даставіла нам больш за дзве тоны макулатуры. Актыўным здатчыкам другасных рэсурсаў з’яўляецца і лепяльчанін Аляксандр Сазонаў з вуліцы Войкава. Прынамсі, толькі ўчора ён здаў больш за 20 кілаграмаў макулатуры і каля 40 кілаграмаў шклабою. У апошнія месяцы заўзята падключылася да гэтай важнай справы пенсіянерка Лідзія Голубева. Цяпер амаль штодзённа яна дастаўляе на наш прыёмны пункт па некалькі дзясяткаў кілаграмаў макулатуры.
— Якую яшчэ сыравіну прымаеце?
— Алюміній, медзь, латунь, бронзу, свінец. Асабліва зацікаўлены ў прыёме акумулятараў, якія выпрацавалі свой рэсурс. На сённяшні дзень іх можна здаць нам з разліку 14 тысяч 800 рублёў за адзін кілаграм агульнай вагі.
У сезон нарыхтоўваем дзікарастучыя плады і ягады, грыбы. Прынамсі, чарніцы, брусніцы, журавіны.
— Чым гандлюеце?
— Вясной — насеннем сельскагаспадарчых культур і сартавой бульбай, якую закупляем на сортавыпрабавальнай станцыі ў Самахвалавічах Мінскай вобласці. Заўсёды ў продажы камбікорм, цукар, мыла гаспадарчае, электралямпачкі, шкляныя слоікі для закаткі, вёдры і іншыя тавары.
Займаемся нават пракатам. Прынамсі, выдаём напракат электрычныя сокавыціскалкі. Зараз гэтая бытавая платная паслуга каштуе ўсяго 20 тысяч рублёў на дзень. Некаторыя гараджане прызвычаіліся карыстацца такой нашай паслугай.
— Ці вялікія аб’ёмы нарыхтоўчай дзейнасці?
— За адзінаццаць месяцаў толькі макулатуры нарыхтавалі 120 тон, шклабою — 143 тоны.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: нарыхтоўшчык Галіна Гарбук за работай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.