Як накорміш, так і надоіш

IMG_4039Старая народная мудрасць сцвярджае, што малако ў каровы на языку. Гэта азначае, што колькасць і якасць малака залежыць ад колькасці і якасці кармоў. Спрадвеку кароў кармілі сенам, саломай, у сярэдзіне мінулага стагоддзя кармавая база ўзбагацілася такімі відамі кармоў, як сянаж і сілас.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў раёне налічвае каля трынаццаці з паловай тысяч умоўных галоў. Няцяжка спрагназаваць, колькі кармоў спатрэбіцца, каб надзейна забяспечыць утрыманне ў час стойлавага перыяду. Дарэчы, у некаторых гаспадарках жывёлу вывелі з пашаў у стойлы ўжо больш за месяц таму. Палеткі адпачываюць. Затое шмат працы на фермах: накарміць дойных кароў, маладняк, дагледзець усіх.
Самае вялікае пага­лоўе, больш за тры з паловай тысячы, утрымліваецца ў СВФ “Заазер’е”. У іх жа неблагая і забяспечанасць кармамі, 21 — 22 цэнтнеры кармавых ­адзінак на ўмоўную галаву. Аднак самы лепшы гэты паказчык у КУВСГП “Лепельскае” — 26,2. Аснову кармавой базы складае сянаж, больш за дзесяць тысяч тон. Яшчэ сем тысяч тон сіласу.
Другі радок па забяспечанасці кармамі ўтрымлівае СВП “Пражэктар”, дзе на сярэдзі­ну восені маюць па 25,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Аснову кармавога рацыёну складае сілас, якога ў наяўнасці не менш за 12 тысяч тон, з іх травянога сіласу — пяць тысяч тон, сіласу кукурузнага — сем тысяч тон. Рацыён арганічна дапаўняецца сенажом, сенам, камбікармамі.
Гаворачы пра якасць кармоў, важна ўлічваць, што на прадукцыйнасць жывёлы ўплывае не толькі наяўнасць таго ці іншага корму, а яшчэ і іх арганічнае спалучэнне. Так, для павелічэння і паляпшэння малака варта дадаваць больш сіласу. А вось для прыросту і развіцця маладняку лепшае значэнне мае сена. Дарэчы, сена сёлета найбольш нарыхтавана ў КУВСГП “Баброва”. Згодна з матэрыяламі раённай зводкі, на сярэдзіну восені ў гаспадарцы ў наяўнасці было не менш за 600 тон гэтых кармоў.
Сёлета кармавыя адзінкі даваліся вяскоўцам вельмі цяжка. У чэрвені, калі надышла пара сушыць сена, залілі дажджы, таму менавіта сена было нарыхтавана адносна няшмат. Большасць травяной масы была скіравана ў сянажныя і сіласныя траншэі. І тут найбольш выйграў той, хто бездакорна выконваў тэхналагічныя патрабаванні.
Нельга пры гэтым абмінуць і тыя гаспадаркі, якія па розных прычынах займаюць невысокія месцы. Гэта, найперш, ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”, дзе, згодна з раённай зводкай, на сярэ­дзіну восені ў наяўнасці было па 10,7 цэнтнера кармавых адзі­нак на ўмоўную галаву. Крыху лепшая сітуацыя назіраецца ў ААТ “Ладасна”, дзе на кожную ўмоўную галаву мелася па 14,2 цэнтнера кармавых адзінак. Магчыма, зноў гаспадаркам, якія адстаюць, давядзецца прыходзіць на выручку. Тыя, хто летам пастараўся, нарыхтаваў кармоў з запасам, працягнуць суседзям руку дапамогі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.