Якасць і выручка

IMG_5175Грашовая выручка ад рэалізацыі малака наўпрост залежыць ад яго якасці. Напрыклад, за тону малака гатунку “экстра” тлустасцю 3,6 працэнта ААТ “Лепельскі МКК” плаціць гаспадаркам 4280 тысяч рублёў. Тона малака вышэйшага гатунку каштуе ўжо 3687 тысяч, а першага — 3400. Як бачым, кожная такая прыступка якасці дадае па 300 — 400 тысяч рублёў.


Таму гаспадаркі імкнуцца павышаць якасць прадукцыі, але не ва ўсіх гэта аднолькава атрымліваецца. Напрыклад, лепшыя паказчыкі — у СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, у бягучым годзе 97,8 працэнта здадзенага імі малака было прынята гатункам “экстра”, астатнія 2,2 працэнта — вышэйшым. Паводле зводак раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, гатункам “экстра” таксама стабільна здаюць малако ААТ “Чарэйшчына”, СВП “Пражэктар”, КУВСГП “Лепельскае”.
Горшыя паказчыкі дэманструе сялянская фермерская гаспадарка “Азімка”, дзе вышэйшым гатункам здадзена толькі сем працэнтаў вырабленага малака, астатнія 93% — першым. Крыху лепшыя паказчыкі — у СВФ “Паземшчына”. Там вышэйшым гатункам здадзена 63% малака, астатняе — першым. Варта зазначыць, што іх валавыя надоі не самыя высокія, каб істотна паўплываць на ўсю карціну па раёне.
У КУВСГП “Баброва” сёлета не здадзена ні тоны “экстры”, толькі вышэйшы і першы гатунак.
Як паведамілі карэспандэнту ў лабараторыі ААТ “Лепельскі МКК”, на гатунак малака ўплываюць бактэрыялагічная абсемененасць, колькасць саматычных клетак, кіслотнасць, шчыльнасць, арганалептыка. Пра наяўнасць слядоў антыбіётыкаў увогуле гаворка адна — гэта адназначна брак, пры выяўленні іх усю партыю малака адпраўляюць назад. Супрацоўнікі лабараторыі правяраюць усё малако, якое паступае на прадпрыемства, бяруць пробы з кожнага малакавоза. Такая пільнасць тлумачыцца адным: калі дапусціць у вытворчасць бракаванае малако, то брак потым усплыве ў канчатковай прадукцыі і заказчык можа адмовіцца ад пакупкі.
У гаспадарках кантралююць якасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Кожныя дзесяць дзён у малочных статках праводзяцца пробныя даенні, пры якіх пробы малака ад кожнай асобнай каровы адбіраюцца і накіроўваюцца ў лабараторыю ў Віцебск. А па выніках даследаванняў можна скласці агульную карціну здароўя малочнага статка.
Каменціруе першы намеснік начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Філіпаў:
— Якасць малака найперш залежыць ад бактэрыялагічнай абсемененасці і колькасці саматычных клетак, а гэта паказчыкі здароўя малочнага статка. За здароўем кароў павінны назіраць спецыялісты — заатэхнікі, ветэрынары. Іх задачай з’яўляецца своечасовае выяўленне хворых жывёл, вылучэнне іх у асобную групу, лячэнне і вяртанне ў асноўны статак. І калі гаспадарка прадае малако нізкай якасці, то гэта вынік недагляду найперш спецыялістаў. Другі чыннік якасці — уважлівасць і стараннасць усяго персаналу фермаў, які павінен уважліва сачыць за санітарным станам, чысцінёй у памяшканнях, за абсталяваннем. Напрыклад, калі пасля даення абы-як прамыць малакаправоды, то ў іх застануцца рэшткі малака, якія скіснуць. Пры наступным даенні гэтыя рэшткі трапляюць у свежае малако. Ад гэтага істотна павышаецца такі паказчык, як кіслотнасць, што ў сваю чаргу зніжае якасць малака.
Да гонару жывёлаводаў Лепельшчыны заўважым, што якасныя паказчыкі жывёлагадоўчай прадукцыі за бягучы год значна ўзраслі. Калі летась гатункам “экстра” быў здадзены толькі 41 працэнт усяго малака, што паступіла на прыёмны пункт ААТ “Лепельскі МКК”, то сёлета гэты паказчык узняўся да 57%. Вышэйшым гатункам здадзена 34%.
Зразумела, больш якаснае малако забяспечвае вышэйшую грашовую выручку. За адзін дзень усе гаспадаркі раёна здаюць малака на 300 — 320 мільёнаў рублёў. Найбольшая сума, каля 100 — 120 мільёнаў, прыпадае на СВФ “Заазер’е”. Аднак не менш цікавы і іншы паказчык — выручка ад рэалізацыі малака на адну карову. У “Заазер’і” адна карова “зарабляе” для гаспадаркі па 67721 рублю. Вышэй — толькі паказчык СВП “Пражэктар”, дзе ён складае 74671 рубель.
Васіль МАТЫРКА.

2 thoughts on “Якасць і выручка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.