Яскрава загарэліся «Новыя імёны» на Лепельшчыне

IMG_9916Калі зоркі загараюцца, значыць гэта камусьці патрэбна. Новыя маладыя зоркі загарэліся і на Лепельшчыне, у актавай зале Дома культуры, на раённым этапе Рэспубліканскай прафсаюзнай творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны-2016”.
Конкурсная праграма праводзілася ў дзвюх намінацыях: мастацкая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць (жывапіс, скульптура, графіка, мастацкая фатаграфія), сцэнічная творчасць (вакальная, харэаграфічная, тэатральная, інструментальная). На раённым этапе кожны з 118 раёнаў вызначыць па тры пераможцы ў кожнай з намінацый. Пераможцаў чакае выступленне на абласным этапе. Рэспубліканскі адбудзецца з красавіка па май у Мінску.
IMG_9849Непасрэдна перад канцэртам наладзілі выставу. Карціны, габелены, вышыванкі… Усё гэта і не толькі можна было пабачыць у холе Дома культуры. Сваю творчасць прадставілі больш за дваццаць майстроў. Сярод іх і педагог дадатковай адукацыі КУП ДРАЦ “Жамчужына” Вольга Тыртышная. Мастацкая кераміка: “Каляда” і “Лепяльчанка з гарлачамі”. Работы аўтарскія.
— Якім чынам зрабілі?
— Камбінаваная лепка з дробных кавалкаў гліны. Потым выраб абпальваецца ў спецыяльнай муфельнай печцы, дзе тэмпература дасягае 800 градусаў, — адказала Вольга.
Сённяшні канцэрт сведчыць пра тое, што маладое пакаленне актыўнае не толькі на сваіх працоўных месцах, але і ў прафсаюзным жыцці. Гэта творчыя людзі. Поспехаў, добрага настрою, і будзем спадзявацца, што фестываль стане традыцыйным, — адкрыў фэст старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы.
Добрую “запеўку” канцэрту дала выхавальніца КУП ДРАЦ “Жамчужына” Ганна Нагулян з вершам “ Не магу я ў вайны спытаць”. З танцам “Перад крокам у вечнасць” выступілі загадчык аддзела сельскай гаспадаркі раённай газеты “Лепельскі край” Васіль Матырка і кіраўнік узорнага тэатра-танца “Капрыз” РДК Вольга Пятрова.
IMG_9862Для гледачоў спявалі настаўнік матэматыкі Заслонаўскай сярэдняй школы Аляксандр Казак, выхавальніца СПЦ Марына Клачкова, медыцынскія сёстры “Жамчужыны” Дар’я Масіевіч і Наталья Мажор, мастацкі кіраўнік РДК Наталля Мацюш, Марына і Яна Паўлоўскія і інш. Модны маладзёжны “брэйк-данс” станцаваў рабочы ААТ “МКК” Аляксандр Шарстнёў. Тэатральную пастаноўку “Кабеты вайны” паказаў калектыў “Акцэнт” аграрна-тэхнічнага каледжа.
Адгучалі апошнія акорды, час назваць пераможцаў: прыз глядацкіх сімпатый: квартэт навучэнцаў дзяржпрафліцэя Ян і Уладзіслаў Гузянок, Валянцін Мірановіч, Мікалай Сянкевіч з песняй “Усё, што было”.
У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” першае месца заваявала Вольга Ганчар, дыпломы атрымалі Вікторыя Ільніцкая, Вольга Тыртышная, Арцём Горват, Ігар Будрэвіч. У сцэнічнай творчасці перамаглі Вольга Пятрова і Васіль Матырка, Наталля Занько, Наталля Мацюш, Ганна Нагулян, Наталля Віеру.
Я. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.