Юлия стала дилером по причинам весьма прозаических — по финансовым

img_9122

Калі мы расказваем пра нашых падпісчыкаў і сяброў газеты, маем на ўвазе перадусім людзей старэйшага пакалення.
Сёння мы раскажам пра нашага маладога чытача. Праца ў Юлі Гладышавай наколькі цікавая, настолькі і незразумелая, прынамсі, людзям немаладым. Адна назва адпужвае. Кароткая, жорсткая, як той зменлівы сучасны свет, — дылер.
Дылер, іміджмейкер! Як шмат напладзілася новых, нязвыклых вуху слоў. Ды і прафесіі, якія яны абазначаюць, больш зразумелыя тым, хто не вылазіць з розных фільмаў жахаў ды баевікоў.
Юлія стала дылерам па прычынах вельмі празаічных — па фінансавых. Звычайная дзяўчына, прыемная ў размове, камунікабельная, нездарма ж вучылася на сацыяльнага педагога. Зрэшты, самае тое для дылера. Выпускніца СШ №1, дачка механіка з МКК і работніцы энергазбыту закончыла Віцебскі Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава, факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі. Пасля гэтага пачалася яе кар’ера педагога, якой не суджана было задоўжыцца: два месяцы — у дзіцячым садзіку, з якога пераводам прыйшла ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі педагогам сацыяльным.
Магчыма, яе педагогіка працягнулася б і даўжэй. Юля — чалавек удумлівы. Любіць пачытаць, прычым не тыя каляровыя раманы ў глянцавых вокладках, якія могуць выслізнуць з рук, а чытво сур’ёзнае. Эрых Марыя Рэмарк “Трыумфальная арка”, Джэй Осцін “Гордасць і прадузятасць” — чым не сур’ёзныя кніжкі! Ды жыццё павярнулася іншым бокам. У яе жыцці раптам паявіўся маленькі чалавечак, дзеля якога яна гатова была ахвяраваць усім, толькі б яму было добра. І калі апошні раз тыя кніжкі чытала? Можа, як яшчэ цяжарная хадзіла. Пасля ж не было часу.
А пасля дэкрэтнага ўладкавалася на дылера ў офіс МТС. Там болей плацілі, а маленькаму Ягорку было ўсё роўна, дзе маці возьме грошы, каб абуць, апрануць, накарміць. Не, Юля не бедствавала, бо побач заўсёды былі бацькі, з якімі яна жыве і зараз, і яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Прынамсі, маці, якая ўжо на пенсіі, не адыходзіць ад унука, калі той захварэе. А інакш бы на бальнічным сядзела сама Юля. А праца па сучасных офісах не вельмі стыкуецца з бальнічнымі лістамі. Ды хто на працы любіць хворых!
Трапіла Юля ў офіс дзякуючы сяброўцы, якая яе і навучыла новай прафесіі. А затым сама пайшла ў дэкрэтны, і яны памяняліся ролямі.
Ягорка пайшоў у садзік, хоць у соцыуме і часцей хварэе, чым бы сядзеўшы дома, ды трэба ж дзіцяці развіваць. Дома агарод. Аднак Юля, як мне падалося, больш створана не для яго, там маці гаспадарыць. А створана яна для стасункаў, для работы з людзьмі, для сучасных тэхналогій — для таго, што якраз і з’яўляецца асновай яе дзейнасці ў эмтээсаўскім офісе. Падключае тэлефоны, прадае рознае абсталяванне — у растэрміноўку і проста так, за наяўныя, прымае заявы на замену тарыфных планаў.
Выслухоўвае цярпліва розныя скаргі і прэтэнзіі, часам нават бярэ на сябе ўсю адмоўную энергію кліента, хоць яна ж усяго толькі дылер, яе справа — перадаць у галаўны офіс тыя самыя прэтэнзіі і скаргі і дапамагчы кліенту разабрацца з грашовымі нюансамі мабільнай службы. Вось дзе спатрэбіліся яе сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя навыкі. А офіс — на вакзале. Вельмі спецыфічнае месца. Кліент тут транзітны, своеасаблівы, часам капрызны, бывае, і нападпітку завітае.
А па жыцці яна дамасед. Лепей правядзе час ля камп’ютара, паслухае музыку, сучасную ці нават класічную ў сучаснай апрацоўцы, палюбуецца архідэямі, што растуць у вазонах на падаконніку, лепей пачытае — быў бы час. Увесь вольны час — сыну. Фактычна нідзе і не была, акрамя Мірскага ды Нясвіжскага замкаў і старой цэркаўкі, што на мяжы з Польшчай. Яе архідэі пакуль яшчэ не расцвілі…
А “раёнку” выпісвае сям’я. У Гладышавых любяць “Лепельскі край” і з ахвотай яго чытаюць. Такая ў іх добрая сямейная традыцыя.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Юлія Гладышава абслугоўвае кліента.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.