Юные лепельчане познакомились с армейской жизнью и не только…

 

На базе 103 Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады прайшла штогадовая абласная спартакіяда для падлеткаў, маладых членаў добраахвотных дружын (маладзёжных атрадаў аховы правапарадку) пры непасрэдным удзеле ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Удзел у мерапрыемстве прынялі 16 каманд, якія прадстаўлялі раёны і гарады вобласці. У складзе нашай каманды былі 3 падлеткі ва ўзросце 15-16 гадоў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і тры маладыя дружыннікі да 31 года. Суправаджалі іх інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама педагогі ўстаноў адукацыі.

Моладзь, якая ўчыніла правапарушэнні, нездарма запрасілі на спартакіяду, бо такія мерапрыемствы выхоўваюць патрыятызм, маральнасць і грамадзянскую пазіцыю.

Хлопцы спаборнічалі ў шматлікіх конкурсах. Асабліва ўразіла лепяльчан паласа перашкод, на якой трэніруюцца элітныя войскі. Там былі паралельная пераправа, павуціна, тунэль, свабодны бег і іншыя элементы. Таксама хлопцы спрабавалі свае сілы ў скоках праз 2-метровую сцяну, і, трэба сказаць, у многіх атрымалася вельмі добра. Гэта яскрава ўказвае, што ў членаў нашай каманды добра развітыя цягавітасць, спрыт і хуткасць рэакцыі.

Адным са складаных этапаў было перацягванне каната. Па саперніках можна было адзначыць, што яны моцныя фізічна, добра падрыхтаваныя. Аднак удача аказалася на баку лепяльчан, якія сталі лідарамі ў гэтым конкурсе.

А вось пра стаметроўку хлопцы кажуць, што гэта заданне для іх зусім нескладанае. На стадыёне каледжа ім даводзіцца і больш кругоў пераадольваць.

У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі Яўген Варошка, член дабравольнай дружыны, паказаў добрае валоданне зброяй — з 50 стрэлаў трапіў у 37.

Як адзначыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Пшонка, маладыя лепяльчане вельмі захоплена ўдзельнічалі ў кожным этапе барацьбы. У вачах былі бачныя запал, сяброўскі дух і падтрымка адзін аднаго.

За час, праведзены на тэрыторыі воінскай часці, хлопцы пабачылі, як адбываецца падрыхтоўка салдат. Усіх здзівілі на плацу люстэркі, як і мяне, калі пачула пра гэта. Пазней даведалася, што зроблена гэта для таго, каб вайсковец бачыў, які мае выгляд. Цяжкасці — цяжкасцямі, а выглядаць дэсантнік павінен добра, асабліва гэта важна на ўрачыстых мерапрыемствах.

Пасля ўзнагароджання для ўдзельнікаў спартакіяды быў падрыхтаваны смачны абед. Атрымаўшы шмат пазітыўных уражанняў, стомленыя, але задаволеныя лепяльчане вярнуліся дадому.

Падлеткі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, убачылі, што людзі ў пагонах не толькі павучаюць, а і могуць быць сябрамі і дарадцамі.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.spartakiada spartakiada1

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.