Юныя следапыты са Слабадской школы Лепельскага раёна сябруюць з “афганцамі 

Афганцы ў Слабадской СШНядаўна ветэраны афганскай вайны завіталі  ў Слабадскую сярэднюю школу. Старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргей Крывель, а таксама Леанід Бартко, Мікалай Раманаў, Аляксандр Пшонка, Аляксандр Хрышчанка правялі “Урок мужнасці” ў школьным краязнаўчым музеі.

 

Лепельскіх “афганцаў”  са слабадскімі школьнікамі звязвае шматгадовае супрацоўніцтва і дружба. Вось і на гэты раз адбылася цёплая сустрэча добрых сяброў. У школьным краязнаўчым музеі падзеям той далёкай, ды не чужой вайны прысвечана цэлая экспазіцыя, пра экспанаты якой і распавялі хлопчыкі і дзяўчынкі  гасцям.

З чорна-белых і каляровых фотаздымкаў пазіраюць на нас юнакі, якія ў адначассі пасталелі пад спякотным афганскім небам. Больш за дваццаць ураджэнцаў Слабадскога сельсавета ў розныя часы праходзілі службу ў Афганістане. Сапраўдным рарытэтам таго перыяду з’яўляецца афганская газета, датаваная сакавіком 1985 года, якую  з далёкай горнай краіны прывёз у Слабаду Валерый Васілеўскі. Доўгі час газета захоўваўся ў яго хатнім архіве, а цяпер займае пачэснае месца сярод іншых экспанатаў музея. Васіль Капошка перадаў камплект ваеннай формы, больш вядомай пад назвай “афганка”. Менавіта гэтая форма колеру пяскоў у першую чаргу паступала ў часці абмежаванага кантынгенту Савецкіх войскаў у Афганістане, але там яе называлі “эксперыменталка”. ”Афганку” прымерылі адмыслова падрыхтаванаму манекену, дапоўнілі тагачаснымі знакамі адрознення, значкамі і амуніцыяй. Цяпер кожны можа пабачыць, як выглядаў салдат Савецкай Арміі ў сярэдзіне 1980 пачатку 1990-х гадоў.

Затым слова трымалі ветэраны. Юным краязнаўцам прыемна было чуць удзячныя словы ад “афганцаў”, якія высока ацанілі пошуковую работу сваіх малодшых таварышаў. Шэраг матэрыялаў, здабытых слабадскімі следапытамі, знайшлі адлюстраванне на старонках кнігі ”У цяснінах памяці”, прысвечанай лепяльчанам, удзельнікам вайны ў Афганістане.

Музейныя экспанаты абудзілі ў ветэранаў успаміны пра службу. Прынамсі, распавёў пра сваю службу Леанід Бартко, які быў у мотастралковым падраздзяленні. Ён узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. За адну з баявых аперацый Леанід быў таксама прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі, замест якога аднак атрымаў афганскі медаль “За адвагу”.

Скупым на словы быў аповед Мікалая Раманава. Пасля тэрміновай хлопец застаўся служыць у войску і трапіў у Афганістан. Незадоўга да яго “камандзіроўкі на вайну” адтуль вярнуўся бацька.

Далей мерапрыемства мела працяг на могілках у Велеўшчыне, дзе пахаваны Уладзімір Садоўскі. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулага ў Афганістане земляка. Усяго некалькі месяцаў не дажыў Уладзімір да свайго дваццацігоддзя, а ў мінулым  годзе ён мог бы адзначыць паўвекавы юбілей. Да падножжа чорнага гранітнага помніка  лёг вянок з  пунсовых кветак. Кропелькамі крыві, пралітай нашымі хлопцамі ў гарах Афганістана амаль трыццаць год таму, пунсавелі кветкі на бялюткім снезе.

Валерый ТУХТА.

На здымку: ”афганцы”   ў Слабадской школе.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.