З цяні — на сонечнае святло

Зразумела, выя­віць эканамічныя злачынствы даволі няпроста. Эфектыўнасць кантрольнай работы немагчыма без усебаковага аналізу. На стадыі фарміравання каардынацыйнага плана праверак падатковай інспекцыі выяўляюцца дадатковыя крытэрыі, якія ўказваюць на прыкметы парушэнняў заканадаўства. Напярэдадні наведання суб’ектаў гаспадарання скрупулёзна супастаўляюцца звесткі баз даных, вынікаў сустрэчных праверак, выкарыстоўваецца інфармацыя са зваротаў грама­дзян, адсочваюцца звесткі банкаў аб руху грашовых сродкаў па рахунках плацельшчыкаў. Аналізуецца звычайна і падатковая нагрузка, сярэдняя заработная плата плацельшчыкаў у розных галінах.
— За пяць мінулых месяцаў праведзена 163 праверкі, — распавядае начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Мая Самусева. — Даналічана па дзеючых суб’ектах 225,8 мільёна рублёў, па тых, якія падлягаюць ліквідацыі, — 53,9 мільёна. Працэнт спагнання склаў 98 працэнтаў. Прадухілена такім чынам неабгрунтаванае вяртанне падатку на даданую вартасць у памеры 124,3 мільёна руб.
— Па якіх напрамках дасягнуты найбольш важкія вынікі?
— Кантроль за дзейнасцю стратных арганізацый — даналічана 10,5 млн рублёў; у сферы ценявога абароту швейных вырабаў — 5,5 млн рублёў, арыштавана і вернута ў даход дзяржавы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 1035,1 млн руб.; за суб’ектамі гаспадарання, што маюць нізкі ўзровень рэнтабельнасці, — 59,3 млн рублёў, у тым ліку 36,4 млн падаткаў.
Праведзена 13 маніторынгаў работы арганізацый, накіравана 13 рэкамендацый аб ліквідацыі парушэнняў, сума падаткаў, добраахвотна выплачаных па выніках маніторынгу, — 1299,1 млн рублёў. Арыштавана тавараў і выяўлена даходаў ад незаконнай дзейнасці на суму 1090,5 млн рублёў, скарочана аб’ёмаў неназіраемай эканомікі — 2932,4 млн руб.
Натуральна, не ўсе суб’екты гаспадарання добрасумленна выконваюць свой абавязак перад дзяржавай. Некаторыя стараюцца любымі спосабамі абысці прававое поле, свядома ўступаюць у канфлікт з законам. І трапляюць “у нерат” падатковага органа. Невыпадкова прыярытэтным напрамкам дзейнасці калектыву з’яўляецца выяўленне і спыненне фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці. Дзеля спынення работы без дзяржаўнай рэгістрацыі ажыццяўляюцца збор і аналіз паступаючых зваротаў і заяў грамадзян, інфармацыі ад дзяржаўных органаў, аналіз прыватных аб’яў, апублікаваных у сродках масавай інфармацыі і размешчаных у сетцы Інтэрнэт.
У рамках штоквартальных графікаў наладжваюцца сумесныя стасункі па прадухіленні незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы перавозак пасажыраў і грузаў з ДАІ УУС і Транспартнай інспекцыі Мінтранса па Віцебскай вобласці, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне службаў на месцах. Работнікамі лепельскіх падаткавікоў сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў і тэрытарыяльнай транспартнай інспекцыяй праводзіцца маніторынг месцаў стаянак аўтамабіляў-таксі. Якая мэта? Выяўленне асоб, якія аказваюць паслугі па перавозцы пасажыраў без дзяржаўнай рэгістрацыі.
Прадпрымальныя дзялкі стараюцца не выходзіць, вобразна кажучы, на сонечнае святло, ім зручней заставацца ў цяні. Так стараюцца “заканспіраваць” свае таемныя здзелкі. У народзе ж нездарма гавораць, што шыла ў мяху не схаваеш. Магчымы ценявы абарот таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, падакцызнай групы тавараў, ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці бярэцца “пад каўпак” шляхам дзяжурстваў на аўтадарогах падатковых інспектараў сумесна з работнікамі міліцыі і Транспартнай інспекцыі. І вынікі, як кажуць, навідавоку. Сёлета выяўлены выпадак перавозкі тавараў без суправаджальных дакументаў агульным коштам 5,2 млн рублёў, а таксама факт незарэгістраванай прадпрымаль­ніцкай дзейнасці: у аўтамашыне везлі металалом коштам 34,1 млн рублёў.
І такі пераканаўчы пералік можна працягваць. У прыватнасці, устаноўлена 15 выпадкаў парушэнняў парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў, дзевяць — незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці. Садружнасць падаткавікоў і міліцыянераў дае свой плён. Супольнымі сіламі выяўлены дзве схемы сыходу ад падаткаабкладання.
— Нашы супрацоўнікі, — працягвала расповед Мая Анатольеўна, — наведалі 21 сту­дзеня выставу-кірмаш тавараў народнага спажывання «Супер-распродаж» у Доме культуры. І недарэмна згубілі час. Індывідуальны прадпрымальнік Ю.П. Кароль парушала парадак прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў за наяўны разлік, а таксама захоўвання, рэалізацыі тавараў, усталяваны заканадаўствам, на агульную суму 1035,1 млн рублёў. За гэта яна прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці — аштрафавана на 7,8 млн рублёў, а тавар канфіскаваны.
Падчас праверкі інспекцыяй выяўлена схема мінімізацыі падатковых паступленняў і сыходу ад падаткаабкладання, а менавіта рэалізацыя арганізатарам выставы (ТДА «Пантэра-Плюс») тавараў з выкарыстаннем індывідуальных прадпрымальнікаў-плацельшчыкаў адзінага падатку і падатку на даданую вартасць у фіксаваных сумах без выплаты падатку на дабаўленую вартасць па таварах, што ўвозяцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, іншых падаткаў, прадугледжаных падатковым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь для юрыдычных асоб.
І што не менш дзіўна, той крымінальны “вопыт” мог спрацаваць, калі б не пільнасць падаткавікоў, і ў іншым выпадку. Аналагічная схема была выяўлена 13 чэрвеня пры наладжванні гандлю фізічнымі асобамі на выставе-кірмашы «Тавары з Узбекістана», наладжаным у Доме культуры г. Лепель. З пачатку сёлетняга года складзена 117 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, вынесена 137 пастаноў аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. Накладзена адміністрацыйных штрафаў у памеры 85,2 млн рублёў. У судах з удзелам інспекцыі разгледжана шэсць спраў, з іх судом Лепельскага раёна — дзве, эканамічным судом Віцебскай вобласці — чатыры.
Кажучы словамі медыкаў, хваробу лягчэй папярэдзіць у зародкавай стадыі, чым затым усімі высілкамі лячыць. Для павышэння эфектыўнасці выяўлення і спынення лжэпрадпрымальніцкай дзейнасці су­б’ектаў гаспадарання на пачатковым адрэзку распрацаваны і ўзгоднены Парадак аператыўнага абмену інфармацыяй. Скажам, у рамках такога абмену Наваполацкім МРА УДФР КДК па Віцебскай вобласці ў адрас інспекцыі накіраваны звесткі пра ўзаемаадносіны ПГУП «ЛепельАўтазабеспячэнне» з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. 22 мая ў час сумесных кантрольных мерапрыемстваў з органамі фінансавых расследаванняў і раённым аддзелам унутраных спраў устаноўлена захоўванне і рэалізацыя ПГУП «ЛепельАўтазабеспячэнне» ў краме-складзе тавару на суму 25,6 млн рублёў без адпаведных дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. І які вынік? Эканамічным судом Віцебскай вобласці прыменена канфіскацыя на суму 25,6 млн рублёў у дачыненні да тавару і атрыманай выручкі ў парушэнне нормаў заканадаўства, а юрыдычная асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Апрача таго, інспекцыя з мэтай спынення дзейнасці су­б’ектаў гаспадарання па прыкметах ілжэпрадпрымальніцкіх структур штоквартальна інфармуе органы фінансавых расследаванняў аб суб’ектах гаспадарання, якія маюць прыкметы нядобранадзейнасці, а таксама падатковую нагрузку менш за адзін працэнт.
Як вядома, 23 кастрычніка 2012 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прыняты Указ №488 “Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў», накіраваны на комплекснае папярэ­джанне шэрага эканамічных правапарушэнняў і крымінальных злачынстваў, што арганізуюцца пэўнымі групамі ў прадпрымальніцкім асяроддзі з выкарыстаннем «ілжэструктур». І тут шырокае поле дзейнасці падатковай інспекцыі. Штомесяц праводзяцца пасяджэнні камісіі па прадухіленні лжэ­прадпрымальніцкай дзейнасці. У поле зроку трапляюць су­б’екты гаспадарання, падазроныя ў ілжэпрадпрымальніцтве. За пяць месяцаў сёлетняга года разгледжана работа 24 арганізацый і 16 індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх 18 новазарэгістраваных су­б’ектаў гаспадарання, 22 — спынілі дзейнасць.
Вядома, аналагічныя пася­джэнні не самамэта, каб паставіць тлустую галачку ў справаздачы. Мэта заўжды самая канкрэтная. Эфект дасягаецца. Такім чынам пяройдзем ад слоў да канкрэтыкі. 17 суб’ектаў прыступілі да работы, імі ў добраахвотным парадку выплачана ў бюджэт 28,6 млн рублёў падатковых плацяжоў. У дачыненні да васьмі суб’ектаў ініцыявана працэдура ліквідацыі. І бюджэт папоўніўся сродкамі, і з прадпрымальніцкага поля выдалены структуры, якія не жадаюць працаваць, а “завіслі” пустым баластам.
Не выведзены за дужкі дзейснага нагляду і юрыдычныя асобы, якія выкарысталі льготу паводле Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2012 №6 “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці”. Яны былі вызвалены ад мытных пошлін на тавар, увозімы ў Рэспубліку Беларусь у якасці неграшовага ўкладу ў статутны фонд камерцыйных арганізацый. Дзяржаўная падтрымка значная. Аднак не ўсе ацанілі яе належным чынам у прававым сэнсе. Да апошняга часу чатыры юрыдычныя асобы так і не распачалі сваю дзейнасць. Падобныя неабачлівыя “жарты” з законам недаравальныя. У чэрвені на пасяджэнні камісіі заслуханы ўсе кіраўнікі гэтых не працуючых фірмаў. Яны прыступяць да работы ў трэцім квартале 2014 года. Прынамсі, такое слова далі.
І яшчэ адна бяда — выплата заробку “ў канвертах” альбо ніжэй устаноўленага мiнiмальнага памеру. 42 су­б’екты гаспадарання плацяць сваім работнікам за працу менш за ўсталяваны дзяржавай памер. Кантрольнымі мерапрыемствамі сёлета выяўлена тры факты “канвертнага заробку”, даналічана 56,1 млн рублёў у бюджэт.
Адносна 27 грамадзян, у тым ліку заснавальнікаў або кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, што выплачваюць заробак ніжэй устаноўленага мiнiмальнага памеру, а таксама на фізічных асоб, якія жывуць не па сродках, ажыццёўлены папярэдні аналіз даходаў і выдаткаў. Накіравана 26 патрабаванняў аб прадастаўленні дэкларацый аб даходах і маёмасці, запатрабавана 19 дэкларацый. Па выніках праверак даналі­чана 40,1 млн рублёў, бюджэт папоўніўся на 39,5 млн рублёў.
Працягваецца рэгулярнае адсочванне і аналіз звестак, якія змяшчаюцца ў аўтаматызаваных інфармацыйных сістэмах, іншай аператыўнай інфармацыі аб дзейнасці плацельшчыкаў. Інфармацыя паступае не толькі для роздуму, але і для рашучых і бескампрамісных, мэтанакіраваных паўсядзённых стасункаў з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Сумленныя грамадзяне няхай спяць сабе спакойна, а вось розным махлярам і прайдзісветам спакой не прадбачыцца, іх абавязкова выведуць на чыстую ваду.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.