З экранаў тэлевізараў, на старонках часопісаў і газет даволі часта можна прачытаць: “Асцярожна, наркотыкі!”

З экранаў тэлевізараў, на старонках часопісаў і газет даволі часта можна прачытаць: “Асцярожна, наркотыкі!”. Нягледзячы на шматлікія меры, якія прымаюцца работнікамі адукацыі, праваахоўных органаў, медыцыны, наркаманаў становіцца ўсё больш. Наркотыкі атручваюць жыццё падлеткаў, іх бацькоў, перакрэсліваюць далейшую будучыню і вядуць у бездань… Аднак людзі, у жыццё якіх уварваліся наркотыкі, лічаць, што такое можа адбыцца з кім заўгодна, але толькі не з імі.
Слова “наркаман” стала звычайным у нашым лексіконе. Што ж за ім? Скалечаныя жыцці, зламаныя лёсы, адчай, страх, боль, смерць і злачынства.
Вельмі многае, калі не асноўнае, залежыць ад нас, бацькоў, ад сямейнага клімату і ўзаемаадносін у сям’і. Там, дзе існуе небяспека далучэння дзяцей да наркотыкаў, як ніколі актуальная выснова: “Дзеці патрабуюць увагі!”
Гэта аксіёма, здавалася б, вядомая ўсім. Аднак як часта мы забываем аб ёй у мітусні будзённай працы і клопатах! Менавіта з размовы з бацькамі пачынаецца працэс выхавання дзяцей, засваення імі ўсяго добрага і карыснага.
Для таго каб засцерагчы сваіх дзяцей ад бяды, бацькам вельмі важна часцей гутарыць з імі на самыя розныя тэмы, асабліва на тыя, якія ў дадзены момант уяўляюць для іх найбольшую цікавасць. Аб чым бы ні ішла размова, патрэбна не назойліва даць ім хаця б адну параду наконт выканання правілаў асабістай бяспекі.
Калі ёсць небяспека далучэння да наркотыкаў вашага дзіцяці, патрэбна хутка прыняць усе магчымыя меры супраць гэтага. Неабходна быць сапраўдным сябрам для свайго дзіцяці. Калі ў яго ўжо ўзніклі праблемы з наркотыкамі, трэба дапамагчы яму прыняць рашэнне, запэўніць звярнуцца за дапамогай.
Не кожны, хто паспрабуе наркотыкі, абавязкова стане наркаманам, але несумненна, што чалавек, які прывык да іх, аднойчы пачаў іх ужываць…
Каварная асаблівасць наркотыкаў заключаецца ў тым, што арганізм чалавека, які спажывае гэта рэчыва неаднаразова, на працягу некаторага часу перастае рэагаваць на прымаемую дозу і патрабуе яе пастаяннага павелічэння. Адносна працяглае ўжыванне наркотыкаў нараджае згубную звычку да шкодных рэчываў — чалавек становіцца наркаманам. Адно з самых небяспечных дзеянняў наркотыку на арганізм заключаецца ў тым, што ён здольны ў самыя кароткія тэрміны сфарміраваць вялікую залежнасць стану чалавека, яго фізічнага і псіхічнага самаадчування ад ужывання прэпарата.
Калі раптам у бацькоў узнікла падазрэнне, што іх дзіця ўжывае наркатычныя сродкі, трэба падумаць аб самым горшым — што ён прыахвоціўся да наркотыкаў. Трэба паназіраць за яго паводзінамі. Некаторыя ўчынкі могуць стаць папярэджаннем аб небяспецы, хаця могуць быць вынікам і нармальных узроставых змяненняў падлетка.
Неабходна пастаянна сачыць за паводзінамі свайго дзіцяці. Бацькоў павінны насцярожыць рэзкія змяненні ў яго паводзінах. Трэба паступова праверыць, ці няма іншых аб’ектыўных прыкмет ужывання наркотыкаў. Лепш перастрахавацца. Гэта дапаможа своечасова заўважыць бяду, калі яшчэ магчыма паправіць становішча.
Асабліва пільнымі трэба быць у адносінах да сяброў вашага сына або дачкі. Трэба даведацца аб іх як мага больш. Пажадана ўбачыць або пазнаёміцца з іх бацькамі (напрыклад, на бацькоўскім сходзе ў школе). У любым выпадку не трэба саромецца гаварыць дзецям пра праблемы, з якімі можа сутыкнуцца чалавек, што ўжывае наркотыкі, — медыцынскімі, маральна-этычнымі, юрыдычнымі і г.д.
Калі бацькі ўпэўнены, што іх дзіця ўжывае наркотыкі, ім трэба сказаць прама аб сваёй занепакоенасці і яе прычынах. Неабходна адзначыць, што вы супраць ужывання наркотыкаў і збіраецеся ўмяшацца ў сітуацыю. Калі ж вы бачыце непаразуменне і сутыкаецеся з негатыўнай рэакцыяй, трэба звярнуцца за дапамогай да спецыяліста — нарколага. Дзейнічайце рашуча. Калі ёсць яўныя прыкметы ўжывання наркотыкаў дзіцяці, трэба звяртацца за прафесійнай дапамогай.
За выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку ці перасылку наркатычных сродкаў без мэты збыту Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт. 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе абмежавання свабоды на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення свабоды на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Тыя ж дзеянні, але з мэтай збыту караюцца пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Любую інфармацыю аб асобах, якія ўжываюць наркатычныя рэчывы або садзейнічаюць і дапускаюць не медыкаментознае прымяненне лекавых прэпаратаў, што ўтрымліваюць у сваім саставе наркатычныя, псіхатропныя і моцнадзеючыя рэчывы, можа паведаміць па тэлефонах аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Лепельскага РАУС: 4-18-40, 8(029) 896-23-79 або 102.
Андрэй МАЛЯЎКА,
старшы оперупаўнаважаны
групы па наркакантролі і супрацьдзеянні
гандлю людзьмі
Лепельскага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.