З вайны на вайну

Напрыканцы чэрвеня 1941 года Андрэй Крыцкі, ураджэнец вёскі Окана, пакідаў родныя мясціны. Ён быў адным з першых, хто атрымаў абвестку аб мабілізацыі ў Чырвоную армію. Гэтага моманту чакаў з першага дня, як даведаўся пра пачатак вайны. Усе гэтыя дні з трывогай паглядаў на захад, адкуль усё часцей і часцей даносіліся гукі кананады. Фронт паступова набліжаўся да Лепельшчыны. Яму, як нікому іншаму, было вядома, што ў хуткім часе немцы будуць таптаць сваімі абцасамі родныя палеткі.
Прайшло не так шмат часу, як ён вярнуўся з “фінскай” вайны. да гэтага ўпершыню “панюхаў пораху” ў верасні 1939 года ў баях з палякамі падчас вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь. І вось ён зноў, як амаль што два гады таму, закінуўшы за плечы клунак з самымі неабходнымі рэчамі, стаяў на ўскраіне вёскі. Акінуўшы вачыма навакольныя лугі і гоні, спакойную ў той дзень гладзь возера, рушыў па пыльнай дарозе ў бок Лепеля. Ці прыйдзецца яшчэ калі-небудзь пабачыць гэтае хараство, Андрэй не ведаў.
Служыць Андрэй Крыцкі трапіў у 86-ы полк 32-й кавалерыйскай дывізіі на пасаду санітарнага інструктара. Дывізія ўваходзіла ў склад Паўднёва-Заходняга фронту, які вёў кровапралітныя абарончыя баі на Украіне. Падчас наступлення Чырвонай арміі зімой 1941-42 года падраздзяленні фронту правялі наступальную аперацыю, у выніку якой прасунуліся на 100 кіламетраў, авалодалі буйным плацдармам на правым беразе Северскага Данца. У зімовых баях 1941-га ўпершыню і вызначыўся наш зямляк. У пачатку снежня з поля бою ён вынес цяжкапараненага камандзіра эскадрона. Праз некалькі дзён выратаваў жыцці дзевецярым чырвонаармейцам. За гэтыя ўчынкі быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Так на мяжы жыцця і смерці праходзілі франтавыя будні. Як ні ашчаджаў сябе Андрэй, але варожыя кулі не мінулі і яго. Ля вёскі Высокае, што на Куршчыне, атрымаў адмеціны варожымі кулямі.
Пасля шпіталя — зноў у дзеючай арміі ў складзе 2-га Украінскага фронту. Румынія, Венгрыя, Чэхаславакія — праз гэтыя еўрапейскія краіны пралёг баявы шлях санінструктара 169 стралковага палка Андрэя Крыцкага. За плячыма — дзясяткі выратаваных жыццяў чырвонаармейцаў. Часта пад градам варожых куль і асколкаў, рызыкуючы сабой, прабіраўся ён да параненых у самае пекла бою.
У красавіку сорак пятага камандаванне палка прадставіла да ўзнагароджання медалём “За адвагу”. Пакуль дакументы хадзілі па штабных кабінетах, узнагарода “ўсохла” да медаля “За баявыя заслугі”. Ды і не прынцыпова было для бывалага салдата, чым яго адзначылі. Франтавікі ведалі, што сапраўдныя мужныя ўчынкі не заўсёды вызначаліся колькасцю ўзнагарод і іх вартасцю.
Чатыры доўгія гады вайны, тысячы кіламетраў франтавых дарог, большасць з якіх выпаўзаў на жываце, нямала загінулых у баях і паходах таварышыў. Такі кошт яго перамогі. Не думаў Андрэй, што пройдзе нялёгкі шлях і застанецца ў жывых. І вось яго зноў сустракаюць ваколіцы Окана, родныя лугі і гоні, пакрытыя восеньскай пазалотай дрэвы, у шапаценні якіх чуюцца словы “Жывы, жывы…”
Валерый Тухта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.