За апошні час пачасціліся выпадкі парушэнняў правілаў карыстання газам у побыце

2001431 За апошні час пачасціліся выпадкі парушэнняў правілаў карыстання газам у побыце, звязаныя з самастойным умяшаннем грамадзян у работу газавыкарыстоўваючага абсталявання, што часцяком прыводзіць да цяжкіх і сумных наступстваў. Аб гэтым перасцерагае дырэктар філіяла “ВУ “Чашнікігаз” Я. Сямёнычаў.

— Вось прыклады. У АДС ВУ «Оршагаз» паведамілі пра ўзгаранне газапаветранай сумесі на кухні аднапакаёвай кватэры ў дзевяціпавярховым доме. Здарэнне, як мяркуецца, адбылося ў выніку курэння абанента ў загазаваным памяшканні кухні. Пацярпелы з апёкамі быў дастаўлены ў бальніцу. Такім чынам, абанент парушыў «Правілы карыстання газам у быце», пакінуў перад тым без нагляду газавыкарыстальнае абсталяванне.

Памяшканні, у якіх устаноўлена газавыкарыстоўваючае абсталяванне, павінны ўвесь час праветрывацца. Вентыляцыйныя каналы павінны знаходзіцца ў спраўным стане.

Перад распальваннем газавага воданагравальніка трэба абавязкова праверыць наяўнасць цягі ў дымавым і вентыляцыйным каналах.

Забараняецца карыстацца няспраўнымі газавымі прыборамі і абсталяваннем, а таксама з адключанай аўтаматыкай бяспекі. Нельга дапускаць да карыстання газавымі плітамі дзяцей да 12 гадоў, а да воданагравальнікаў —  да 14 гадоў, асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, а таксама асоб, якія не прайшлі інструктаж у газазабеспячэнскай арганізацыі.

Недаравальна пакідаць адкрытымі краны перад абсталяваннем і на ім пасля заканчэння карыстання; пакідаць без нагляду працуючае абсталяванне, акрамя разлічанага на бесперапынную работу, абсталяванага адпаведнай аўтаматыкай бяспекі. Нельга таксама выкарыстоўваць газавыя пліты для абагравання памяшканняў; самавольна падключаць  і адключаць газавыкарыстальнае абсталяванне, перастаўляць  яго з выкарыстаннем зваркі, а таксама перападключаць на гумаватканевы рукаў і г.д.

Пры паху газу неабходна неадкладна зачыніць краны перад газавыкарыстоўваючым абсталяваннем; не карыстацца адкрытым агнём, не паліць; не ўключаць і не выключаць электрапрыборы і электраасвятленне; адкрыць вокны і праветрыць  памяшканне; выклікаць аварыйную службу па тэлефоне 104.

В. ВАЛОДЧАНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.